В музее Якуба Коласа презентовали книгу, посвященную жене писателя

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася прэзентацыя ўнікальнага выдання «Табой я жыў, табой жыву…» пра жонку Якуба Коласа Марыю Дзмітрыеўну Каменскую. Тут успаміны блізкіх, сваякоў, фрагменты ліставання, дакументы і прысвячэнні, а таксама ўнікальныя фотаматэрыялы. Укладальніцы – унучка Якуба Коласа, даследчыца яго творчасці Вера Міцкевіч і галоўны захавальнік фондаў музея, праўнучка класіка Васіліна Міцкевіч. Выйшла кніга ў выдавецкім доме «Звязда» па ініцыятыве яго дырэктара – галоўнага рэдактара, старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча.

 Гэта выданне – фактычна мастацкі партрэт жонкі Коласа, яго самога і таго блізкага атачэння, у якім пясняр сфарміраваўся як высокі і вельмі важны для нашай Айчыны талент, – звярнуўся да прысутных Алесь Карлюкевіч. – Для нашага выдавецкага дома вялікі гонар працаваць над такімі праектамі. Ёсць і яшчэ адзін рукапіс, чуйна ўкладзены Васілінай і Верай Данілаўнай Міцкевіч, з новым ілюстрацыйным матэрыялам, дагэтуль шырока не вядомым. Крыху раней выпусцілі кнігу, прысвечаную Юрку – сярэдняму сыну класіка. Таксама выдалі кніжку казак у апрацоўцы Якуба Коласа.

Нягледзячы на шырокае развіццё коласазнаўства, гэты накірунак дагэтуль актуальны. Каля 40 гадоў запар у музеі праходзяць Каласавіны, выключна багатыя на навуковыя, творчыя адкрыцці. Так што крыніцазнаўчых матэрыялаў, па якіх маглі б даследчыкі рабіць кнігі, хапае. Следам за гэтымі выданнямі пісьменнікі і журналісты будуць адкрываць наноў Якуба Коласа, яго жыццё і творчасць, блізкіх і сяброў.

 Для нас важна, што музей і сям’я Коласа звязаны. Будзем і далей падтрымліваць гэтую сувязь, – падкрэсліла дырэктар музея Ірына Мацяс.  Класік усім больш вядомы як грамадскі дзеяч, а ў кнізе раскрыта тэма кахання, высокіх паводзін, узаемаадносін паэта з жонкай. Гэта нам як урок, якому варта павучыцца.

Якуб Колас вельмі кахаў сваю жонку, яна была для яго лепшым сябрам, першым крытыкам і дарадцам. Калі яе не стала, а памерла Марыя Дзмітрыеўна ў 1945-м неўзабаве пасля Перамогі, класік вельмі перажываў, ён пісаў: «Адчуваю сябе так, як бы мне адсеклі правую руку і адабралі палавіну душы».


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter