В Купаловском театре пройдут специальные показы одного из самых знаковых спектаклей последнего десятилетия

Любімы многімі гледачамі Купалаўскага тэатра, адзін з самых знакавых спектакляў рэпертуара — “Не мой” паводле аповесці Алеся Адамовіча — ізноў можна будзе ўбачыць на тэатральнай сцэне. Паказы пастаноўкі адбудуцца 30 чэрвеня і 2 ліпеня.


Спектакль Аляксандра Гарцуева паводле аповесці Алеся Адамовіча “Нямко” разам са сцэнаграфіяй Барыса Герлавана стаў, напэўна, самай моцнай і кранальнай тэатральнай пастаноўкай пра вайну апошняга часу. У цэнтры сюжэта беларуская дзяўчына Паліна, якая ратуе нямецкага салдата Франца і прадстаўляе яго сваім нямым братам. На могілках і папялішчах нараджаецца каханне — здаецца, гэта адзінае, што дазваляе выжыць у нечалавечых абставінах…

Нагадаем, гэты спектакль стаў адным з першых лаўрэатаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі і атрымаў узнагароды ў пяці намінацыях: “Найлепшы спектакль года”, “Найлепшая жаночая роля” (Святлана Анікей), “Найлепшая сучасная пастаноўка паводле твораў беларускіх аўтараў” (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, інсцэніроўка Алены Калюновай), “Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка” (Барыс Герлаван) і “Найлепшае музычнае афармленне” (Алег Хадоска). У 2013 годзе “Не мой” таксама атрымаў Гран-пры ХІ Міжнароднага фестывалю “Славянскія сустрэчы”, прыз за найлепшую сцэнаграфію (Барыс Герлаван) і за найлепшы акцёрскі дуэт (Аляксандр Казела і Валянціна Гарцуева).


Прэс-сакратар тэатра Паліна Крышчановіч дадае:

— Аднаўленне спектакля прымеркавана да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Адмыслова для гэтага разам з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры ў Каміннай залі тэатра будзе ўпершыню прадстаўлена выстава з фондаў музея пад назвай “Алесь Адамовiч...”. На экспазіцыі гледачы перш за ўсё даведаюцца пра творчы шлях беларускага дакументаліста, які прысвяціў сваё жыццё даследаванню лёсаў людзей вайны.


Фотографии предоставлены Национальным академическим театром им. Янки Купалы

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter