У Смалявічах ушаноўвалi чэмпіёна нашай краіны па хакеі на траве сярод жаночых каманд клуб «Вікторыя»
«Калі мы разам, мы можам усё!» Відавочна, што спартсменкі і трэнеры абралі гэтыя словы сваім дэвізам нездарма. За дванаццаць гадоў існавання клуб загартаваўся, пасталеў, змог значна ўдасканаліць майстэрства. Мэтанакіраванасць і воля да перамогі прынеслі заслужаны вынік — у гэтым годзе каманда стала чэмпіёнам Беларусі. Але сёлета гэта далёка не адзіная бліскучая перамога. 2012-ты паклаў у спартыўную капілку «Вікторыі» 3-е месца ў Еўрапейскім клубным чэмпіянаце «Трофі», 2-е месца — у чэмпіянаце Еўропы, першыя месцы ў Сусветнай Лізе і прадстаўнічым турніры ў Празе «Pragochema Cup 2012». Зараз «Вікторыя» ўваходзіць у лік васьмі мацнейшых каманд Еўропы.
І вось балельшчыкі каманды, усе прыхільнікі спартыўнага таленту, людзі, якія тым ці іншым чынам маюць дачыненне да яе поспеху, сабраліся, каб ушанаваць сваіх куміраў і яшчэ раз парадавацца разам з імі. У праграме сустрэчы — выстава дасягненняў каманды, спецыяльны відэафільм, віншаванні і падарункі.