В Доме литератора презентовали трилогию «Созидатели» из-под пера Зиновия Пригодича

Беларускі пісьменнік і журналіст Зіновій Прыгодзіч увесь час прысвячае сябе слову. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, аўтар многіх кніг, працаваў у газеце «Звязда», быў рэдатактарам «Советской Белоруссии», часопіса «Гаспадыня». Літаральна на днях у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла яго трылогія «Созидатели», у цэнтры ўвагі якой – знакамітыя творчыя людзі нашай краіны. Іх ведаюць усе, і не толькі ў Беларусі. Яны сваёй глыбінёй, стараннем, працай, талентам даказалі, як трэба жыць і ў чым сапраўднае прызначэнне чалавека.

Фото  zviazda.by

 Працаваў над праектам чатыры гады, – удакладняе Зіновій Прыгодзіч. – Гэта, па сутнасці, працяг серыі «Постаці», дзе таксама друкаваліся нарысы пра выбітных асоб. Як усё пачыналася? У далёкім 1985 годзе да 40-годдзя Вялікай Перамогі (а тады я загадваў кафедрай у партыйнай школе) мы запрасілі выступіць самага вядомага і папулярнага на той час пісьменніка Васіля Быкава. Гутарка са слухачамі доўжылася амаль тры гадзіны. У выніку я зрабіў невялікае інтэрв’ю для «Советской Белоруссии», але большая частка аўдыёматэрыялу засталася нескарыстанай. Акурат праз 20 гадоў, да 60-годдзя Вялікай Перамогі, я ўспомніў пра гэты запіс, праслухаў яго і зразумеў, што і праз час ён застаўся актуальным, набыў яшчэ большую значнасць.

 Тады Зіновій Прыгодзіч склаў змястоўную гутарку для часопіса «Полымя». Рэдактарам у той час быў Мікола Мятліцкі, які прапанаваў прадоўжыць серыю публікацый з пісьменікамі, назваўшы яе проста і ёмка – «Постаці».

– І справа пайшла, мяне зацягнула, – успамінае аўтар. – Пазней зразумеў, што не варта абмяжоўвацца літаратарамі, трэба браць шырэй – і мастакоў, скульптараў, тэатральных дзеячаў. Словам, ахапіць усе сферы культурнага жыцця. Такім чынам атрымалася трылогія «Постаці», а за ёй следам, праз чатыры гады, «Созидатели».

Героямі сталі народныя артысты Марыя Захарэвіч, Генадзь Аўсянікаў, Леанід Захлеўны, заслужаны дзеяч мастацтваў Валерый Анісенка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, дзіцячы пісьменнік, журналіст Уладзімір Ліпскі. І не толькі…

Хто не ведае хіты «Добрыя людзі», «Сто гадоў», «Сарамлівая дзяўчынка», «Прыязджайце да нас у Беларусь»? Музыку да іх напісаў заслужаны дзеяч мастацтваў Алег Елісеенкаў, які таксама стаў адным з герояў «Созидателей»:

– Талент Прыгодзіча ў тым, што ён не проста выкладае сухія факты, а мае аўтарскі погляд. Гэта вельмі каштоўна для журналіста.

Народны артыст СССР і Беларусі Валянцін Елізар’еў стаў брэндам беларускага балета і Вялікага тэатра. Яго шчаслівая зорка ўзышла вельмі рана: у 26 гадоў ён галоўны балетмайстар, у 29 - заслужаны дзеяч мастацтваў, у 32 – народны артыст Беларусі, а ў 38 - самы малады артыст СССР. Аўтар «Созидателей» здолеў зазірнуць у патаемную глыбіню душы маэстра, які шчыра адказвае на пытанні:

– Беларусь – мая самая сапраўдная радзіма. Мяне тут вельмі добра прынялі, стварылі ўсе магчымасці для творчасці, далі свабоду выбару тэм. Рыхтую пастаноўкі на антычныя сюжэты, сярэднявечныя, новага часу, адаптаваў для нашага тэатра многа сусветнай класікі. Беларусь – мая самая галоўная радзіма, яе вельмі люблю!

Хоць тэксты ў трылогіі выкладзены ў форме пытанняў-адказаў, іх нельга назваць інтэрв’ю. Гэта мастацкія нарысы, творчыя партрэты, эсэ, справядліва падкрэсліў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар – галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч:

– Трылогія паказвае велічыню і багацце айчыннай культуры. Мастацтва – гэта заўсёды бясконцасць, дарога ў нязведаныя далі, якія нікому з нас не дадзена ўбачыць. Зіновій Прыгодзіч паспрабаваў зазірнуць у глыбіню душы сваіх герояў, і гэта ў яго атрымалася.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter