Як хобі становіцца справай жыцця

Узяць з палічкі даход

Сёння на хвалі цікавасці майструеш для дачкі лялечны дамок, а заўтра ўжо прадаеш на кірмашы плён сваёй ручной работы. Шлях ад захаплення да промыслу звычайна даўжэйшы. Але ў цэлым сцэнарый ператварэння хобі ў справу ўсяго жыцця разгортваецца менавіта так. Апошнія пяць гадоў рамесніцтва ў Беларусі набірае моц. Сёння ў гэтым статусе знаходзіцца каля 23,5 тысячы жыхароў краіны. А пасля нядаўніх заканадаўчых новаўвядзенняў, якія максімальна спрасцілі занятак рамесніцтвам, і зусім прагназуецца ўсплёск у радах людзей, што валодаюць творчымі навыкамі, талентамі і здольнасцямі. Хто і як зарабляе на жыццё любімай справай, высвятляла карэспандэнт “НГ”.
Віталь Карпінскі чалавек рэдкі — мужчына-ткач. А ў нядаўнім мінулым ён быў падпалкоўнікам міліцыі

З  Віталем Карпінскім пазнаёмілася восенню ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя Леніна на прэзентацыі праекта “Адродзім ручнік разам”. Выглядам уразіў: шырокая барада, ільняная вышыванка, падперазаная саматканым поясам. Калі б яму гадоў пяць таму хто-небудзь сказаў, што менавіта ён стане зыходнай кропкай для адраджэння ўнікальных рамёстваў на тэрыторыі роднага Буда-Кашалёўскага раёна, наўрад ці паверыў бы.

Па цяперашніх мерках ён чалавек рэдкі: мужчына-ткач. Яшчэ круцей тое, што ў нядаўнім мінулым падпалкоўнік міліцыі. Прызнаецца: творчасць заўсёды займала. І ў час службы майстраваў для душы. Аднак, калі ў 2014 годзе выйшаў на пенсію, з’явіўся вольны час і душа запатрабавала маштабаў. Зрабіў дома майстэрню, пачаў унікаць у старадаўнія тэхнікі. Я ўсё разумею:

— Але мужчына і ручнікі — гэта як супала?

— У былыя часы ткацтвам займаліся перш за ўсё прадстаўнікі моцнага полу. Працаёмкая, ведаеце, работа. І мяне вельмі зацікавіла. Узяў урокі ў мясцовых майстрых. Аднавіў ткацкі станок, які ўжо хацелі выкінуць. Ёсць у ім і “родныя” дэталі. Увогуле, пайшла справа. І вось што для сябе адкрыў: на Буда-Кашалёўшчыне быў свой стыль ткацтва, не падобны на іншыя.

У раёне адразу заўважылі творчага чалавека. Бо, акрамя ручнікоў і паясоў, ён яшчэ здабыў славу майстра драўляных свістулек і піраграфіі — выпальвання па дрэве. Сёлетняй зімой пенсіянер Карпінскі ўзначаліў Гусевіцкі дом культуры. Цяпер разам са сваімі спецыялістамі вучыць мясцовых дзяцей рэдкім рамёствам. А яшчэ ў рабоце тая самая вялікая справа — праект “Адродзім ручнік разам”, які атрымаў падтрымку Праграмы развіцця ААН як мясцовая ініцыятыва. Грошы, што пасту-пілі на яго рэалізацыю, а гэта 23 тысячы еўра, ужо задзейнічаны. Віталь Карпінскі акрэслівае бліжэйшыя гарызонты:

— Пад цэнтр ткацтва выдзелена частка памяшкання Гусевіцкага дома культуры, дзе поўным ходам ідзе рамонт і будзе чатыры філіялы. Акрамя таго, тут запрацуе творчая майстэрня, дзе можна будзе адрэстаўрыраваць старадаўнія і вырабіць новыя ткацкія станкі, а таксама сувеніры з дрэва. Праца нас чакае вялікая, аднак патрэбная і вельмі цікавая.

А  рэчыцкі майстар па гліне Вольга Жарнасек яшчэ восем гадоў таму не думала не гадала, што гэта стане яе галоўнай справай. Бо раней не вельмі ўяўляла сябе без журналістыкі. Аднак — замужжа, нараджэнне сына. 

Фота аўтара

І неўзабаве гліна, якая заўсёды зачароўвала, аказалася ў яе руках.

Сёння маладая жанчына знаходзіцца ў статусе аўтара брэндавых калекцыйных сувеніраў Гомельшчыны. Такі тытул рамесніца заваявала на першым у вобласці адкрытым конкурсе “Гомельскі сувенір”, арганізатарам якога выступіла Гомельскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Яе керамічныя лялькі-званочкі ў народных касцюмах Палескага рэгіёна 

XIX стагоддзя, адноўленыя па гістарычных дакументах, сталі візітнай карткай вобласці на міжнародных форумах і выставах апошняга часу. Асаблівая каштоўнасць работ у дакладнай прывязцы да мясцовых культурных традыцый. Па гліне ўмеліца зрабіла сапраўдную навукова-даследчую працу. Пад распевы нованароджанай дачкі Вольга падкрэслена сціпла расказвае пра свой невялікі, як яна лічыць, шлях у справе майстэрства:

— Заўсёды была цяга да гліны. І неяк аднойчы склалася, што ўсё супала: занятак па душы і магчымасць аддаваць максімум часу любімай справе. І раней даволі лёгка і проста можна было пачаць свой промысел. Цяпер жа, пасля падпісання новага ўказа, такіх магчымасцей стала яшчэ больш.

Сярод новаўвядзенняў майстар для сябе вылучае свабоду рэкламы ў інтэрнэце і продаж вырабаў у майстэрнях. Напрыклад, сувенірная інтэр’ерная кераміка — асноўны занятак Вольгі — напрамак, які на канвеер не паставіш. Тут усё ўручную. Асабліва калі працуеш над праектамі, звязанымі з культурай і гісторыяй. Напрыклад, тыя ж лялькі-званочкі, па касцюмах якіх давялося працаваць з архiвамi, кансультавацца са спецыялістамі музеяў. Аднак рамесніку трэба не толькі ўкласці сілы, душу і матэрыял, але яшчэ на гэтым зарабіць. Для Вольгі, напрыклад, гліна — асноўны даход. Майстрыха робіць невялікую рэмарку:

— Раней свае вырабы прадавала на кірмашах і выставах, праз магазіны. Упэўнена, для такіх рамеснікаў, як я, паказаць прадукцыю ў інтэрнэце, рэалізаваць яе ў майстэрні — гэта стымул, каб працягваць справу і развівацца. Планую асвоіць ганчарны круг і падступіцца да новага кірунку керамікі. Хто ведае, можа, калі-небудзь маё рамяство стане сямейным бізнес-праектам.

Керамічныя лялькі-званочкі Вольгі Жарнасек у народных касцюмах Палескага рэгіёна XIX стагоддзя сталі візітнай карткай вобласці на міжнародных форумах і выставах апошняга часу
Фота прадстаўлена Гомельскім аддзяленнем БелГПП

Нядаўна ў Гомелі з’явіўся першы міні-каворкінг для рамеснікаў пад назвай “Свая палiчка”. Яго адкрыла прадпрымальнік Лілія Калюжная. Невялікі магазінчык стаў месцам для творчасці і продажу работ. Зараз тут прадстаўлены вырабы больш як 70 рамеснікаў з розных рэгіёнаў. Лілія Калюжная ахвотна распавядае пра сутнасць пачынання:

— Гэта больш сацыяльны праект, чым камерцыйны. Да яго маюць дачыненне грамадскае аб’яднанне “Адзінства”, абласная арганізацыя Беларускага саюза жанчын, Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж народных мастацкіх промыслаў. У аснове ідэя развіцця самазанятасці, уключэння ў бізнес-працэсы і фарміравання прадпрымальніцкага мыслення ў людзей, схільных да рамесніцтва. А такіх людзей на самай справе шмат, проста не ва ўсіх хапае духу паверыць у свае сілы і прысвяціць сябе занятку, які можа прыносіць прыбытак.

Магазінчык, што адкрыўся ў культурным цэнтры горада, сапраўды атмасферны. Для кожнага майстра знойдзецца свая палічка. Можна заняць усю. Можна фрагментарна. Арэндная плата за месца цалкам даступная. Галоўнае ж — тут не толькі прадаюць работы, але і дапамагаюць прасоўваць і рэкламаваць сябе, з веданнем будаваць уласную справу.

У тэму

Указ № 364 “Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці”, падпісаны ў кастрычніку, дае рамеснікам больш свабоды ў гандлі і рэкламе сваіх вырабаў. Рамеснікі маюць права ажыццяўляць іх продаж на рынках, кірмашах і ў іншых месцах, вызначаных мясцовымі органамі ўлады. У адпаведнасці з Указам № 364 яны змогуць прадаваць іх непасрэдна ў майстэрнях, дастаўляць і перасылаць пакупнікам на патрэбны адрас. Рамеснікі таксама змогуць рэкламаваць сваю прадукцыю ў інтэрнэце. Дзейнічаць дакумент пачынае з 12 студзеня 2018 года.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter