Падобная на сусветны землятрус дэвальвацыя юаня моцна ўскалыхнула буйныя міжнародныя фінансавыя рынкі

Узяць на душу

Подых новай рэцэсіі, палітычная нестабільнасць асобных рэгіёнаў планеты, тэхнагенныя катастрофы, эскалацыя закансерваваных ваенных кафліктаў, крывавыя тэракты. Навіны аб гэтых рэзанансных падзеях надоечы не сыходзілі са стужак інфармацыйных агенцтваў.

Падобная на сусветны землятрус дэвальвацыя юаня моцна ўскалыхнула буйныя міжнародныя фінансавыя рынкі. Многія эксперты ўпэўнены, што гэтым справа не абмяжуецца, — новая рэцэсія сусветнай эканомікі можа прыйсці ў 2016—2017 гадах з Паднябеснай. Тым больш што Кітай упэўнена афармляецца ў сусветную звышдзяржаву. 

Можна сказаць знакавае і, безумоўна, неардынарнае становішча складваецца ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Па выніках 2015-га Казахстан апярэдзіць Расію па ВУП на душу насельніцтва: гэтая азіяцкая дзяржава, з улікам існуючага абменнага курса, будзе мець “на душу” 12,4 тысячы долараў, а Расійская Федэрацыя толькі 11,9. Упершыню ў найноўшай гісторыі па дадзеным паказчыку Расія саступіць былой рэспубліцы СССР, без уліку дзяржаў Балтыі.

Між іншым памер ценявой эканомікі Украіны вырас амаль да пяцідзесяці працэнтаў ад валавога ўнутранага прадукту, канстатуе Мінэканомразвіцця. Бюджэт не атрымоўвае мільярды грывен. Аднак сітуацыя ў краіне-суседцы не зменіцца, пакуль улады не здолеюць стабілізаваць эканаміку і спыніць узброены канфлікт у Данбасе.

Вызначыліся на бягучым тыдні і браты нашы меньшыя. Мэр Рыгі Ніл Ушакоў прапанаваў засяліць латвійскую Юрмалу... катамі. Так ён ацаніў ініцыятыву мясцовых улад па правядзенні ў горадзе-курорце міжнароднай выставы “Cat Wave 2015” (“Каціная хваля”). Назва сугучная расійскаму музычнаму конкурсу “Новая хваля”, які праводзіўся тут з 2002 года кампазітарамі Ігарам Крутым і Раймандам Паулсам. 

А на грэчаскім востраве Корфу сабака дапамог паліцыі знайсці падземны тунэль працягласцю каля трыццаці метраў, зламаўшы планы больш дваццаці злачынцаў: яны планавалі збегчы з тамтэйшай турмы.

Усё гэта адбывалася на мінулым тыдні. А вас, шаноўныя чытачы, цікавіць, што будзе далей? 

У нашай краіне сёння завяршаецца чарговы этап прэзідэнцкай кампаніі: ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта здаюць подпісы грамадзян у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі (для кожнага прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы гэта не менш за сто тысяч подпісаў беларусаў). 10 верасня Цэнтрвыбаркам зарэгіструе кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Беларусі.

Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter