Узялi новую вышыню

Касмічны маніторынг: МНС з дапамогай спадарожніка пастаянна адсочвае сiтуацыю з ляснымi пажарамi

МНС пачало касмічны маніторынг пажараў у эка­сістэмах. Тэхналогія сябе добра зарэкамендавала. Так, летась спецыялісты прааналізавалі больш за 1,8 тысячы касмічных здымкаў. Па яго выніках выявілі 53 пажары. Нароўні з кас­мічным маніторынгам выкарыстоўваюцца авія­цый­ныя падраздзяленні МНС для працы на мясцовасці. Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася, як ратавальнікі плануюць выяўляць і ліквідаваць пажары ў экасістэмах сёлета.

У краіне дзейнічае трохступеньчатая сістэма маніторынгу лясных пажараў
Фота Аляксандра Стадуба

У краіне дзейнічае трохступеньчатая сістэма ма­ніторынгу. Верхні ўзро­вень — гэта кас­мічны маніторынг з дапамогай Нацыянальнага апе­ра­тара беларускай кас­міч­най сістэмы, які забяспечвае палёты БКА-1 (Беларускага касмічнага апарата). Спадарожнікі дазваляюць выяўляць цеплавыя анамаліі. У тым ліку пажары ў экасістэмах на ранніх стадыях. Гэта асабліва эфектыўна для маніторынгу ста­ну лясоў і тарфянікаў на аддаленых ад населеных пунктаў адлеглас­цях. Напрыклад, у Палескім радыя­цыйна-экалагічным запа­вед­ніку.

Арцём Іваноў
— У 2015 годзе менавіта дзякуючы спадарожніку ўдалося выявіць пажар, які распаўсюджваўся на прымежнай тэрыторыі Украіны ў зоне радыялагічнага запа­ведніка, — начальнік Рэс­пуб­лі­кан­скага цэнтра кіра­вання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Арцём Іваноў паказвае архіўныя здымкі, на якіх добра бачны шлейф дыму і фронт пажару, што ішоў у наш бок. — Такія пажары асабліва небяспечныя. Радыенукліды трапляюць у дым і ў выглядзе воблака разносяцца ветрам. Сумеснымі намаганнямі беларускіх і ўкраін­скіх ратавальнікаў пажар удалося спыніць за восем сотняў метраў ад мяжы.

Наша краіна таксама ўваходзіць у склад Міжнароднай хартыі па космасе і буйных катастрофах, якая дазваляе атрымаць бясплатны доступ да дзясяткаў спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі дзяржаў—партнёраў гэтага пагаднення.

— Інфармацыя са спадарожніка ў адпаведнасці з палётным заданнем перадаецца Нацыянальнаму аператару беларускай касмічнай сістэмы, — пакрокава апісвае прынцып працы касмічнага маніторынгу Арцём Іваноў. — Яна прыходзіць у выглядзе лічбавага кода. Для яго візуалізацыі сумесна з Акадэміяй навук распрацаваны адмысловы праграмны комплекс. Ён аўтаматычна наносіць на карты кропкі цеплавых анамалій з GPS-прывязкай.

Дарэчы, акрамя пажараў кас­мічны маніторынг актыўна выка­рыстоўваецца для выяў­лення вясновай паводкі і пад­тапленняў.

Уся інфармацыя касмічнага маніторынгу паступае ў аддзел маніторынгу і прагназавання МНС. І адлюстроўваецца на вялікіх маніторах. Спецыялісты супастаўляюць карты з інтэра­ктыўнымі рэсурсамі. Напрыклад, з данымі з расійскіх спа­да­рожнікаў аб пажарах у эка­сіс­тэмах на тэрыторыі Расіі. Маніторынг вядзецца кругласутачна і без выхадных:

— Падчас супастаўлення інфар­мацыі частка кропак адсейваецца. Напрыклад, мы атрымалі са спадарожніка кропку цеплавой анамаліі. На справе можа аказацца, што гэта зусім не пажар. Улетку бывалі выпадкі, калі спадарожнік рэагаваў на разагрэты камбайн у полі.

Удакладненую інфармацыю спе­цыялісты перадаюць у рэгія­нальныя падраздзяленні МНС для праверкі ў палявых умовах

Удакладненую інфармацыю спецыялісты перадаюць у рэгія­нальныя падраздзяленні МНС для праверкі ў палявых умовах. Найбольш хуткі спосаб дабрацца да патрэбнай кропкі — верталёт ці беспілотнік. Яны дазваляюць выратавальнікам з вышыні ацаніць плошчу ўзгарання і шкоду, супаставіць даныя касмічнага маніторынгу з рэальнай сітуацыяй. Даныя авіяразведкі аператыўна перадаюцца ў Цэнтр кіравання. Тут прымаецца рашэнне аб тым, якія сілы і сродкі засяродзіць на тушэнні пажару. Дарэчы, у пажаранебяспечны перыяд верталёты ў адпаведнасці з маршрутным заданнем выконваюць аблёт найбольш небяспечных участкаў, па даных дзесяцігадовых назіранняў, кожныя суткі.

Трэці ўзровень маніторынгу — наземны. Ён уключае ў сябе шырокі комплекс прыладаў і праграм. Гэта ў тым ліку відэакамеры, аснашчаныя праграмай аналізу. Такая камера здольная распазнаць дым ці языкі полымя і дыстанцыйна перадаць сігнал дыспетчару.

Наш спадарожнік аптычны. Таму шчыльная воблачнасць уплывае на якасць здымкаў. Часцяком бываюць такія пахмурныя дні, што ажыццяўляць дыстанцыйнае зандзі­раванне Зямлі не ўяўляецца магчымым. У такіх выпадках выручаюць расійскія калегі, спадарожнікі якіх баражыруюць над нашай тэрыторыяй.

— У спадарожніка даволі шырокі вугал агляду, — дадае Арцём Іваноў. — Таму ён захоплівае яшчэ дзясяткі кіламетраў тэрыторый сумежных дзяржаў. Тыдзень таму дзякуючы касмічнаму маніторынгу мы выявілі цеплавую анамалію на тэрыторыі Смаленскай вобласці недалёка ад нашай мяжы. Пе­радалі інфармацыю расійскім калегам для праверкі. Факт пажару пацвердзіўся. Пажар удалося патушыць на пачатковай стадыі.

gorbatenko_inna@mail.ru



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости