“Земля - основа всей Отчизны”, - уверен молодой руководитель крупского СУП “Щавры-агро” Виталий Баразнёнок

«Узяўся за справу — кіруйся наперад»

Выпускнік мехфака Белдзяржсельгасакадэміі Віталь БАРАЗНЁНАК працоўную біяграфію пачынаў з пасады інжынера ў бярэзінскім СВК «Брадзец». Перспектыўны спецыяліст прайшоў перападрыхтоўку ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі БДАТУ. Тры гады кіраваў бярэзінскім ААТ «Вяшэўка». Пасля рэарганізацыі гаспадаркі ўзначаліў райаграсэрвіс. З-за аперацыі на сэрцы давялося на нейкі час памяняць занятак. Працаваў галоўным інжынерам на Барысаўскай макароннай фабрыцы. Прызначэнне дырэктарам крупскага СУП «Шчаўры-агра» Віталь Мікалаевіч успрыняў як вяртанне ў сваю стыхію.

Гаспадарка створана на базе некалькіх калектываў і стала адной з найбольш буйных у Крупскім раёне. Спецыялізуецца на вытворчасці малака і ялавічыны. Раслінаводства поўнасцю забяспечвае ўласнымі кармамі амаль 4500 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх трэцяя частка — дойны статак. Сёлета пераадолены пяцітысячны рубеж па надоях малака ад каровы. Сярэднясутачныя прывагі кормнікаў на ферме «Дакудава-2» больш за 1100 грамаў. Летась атрымана амаль 10 000 тон малака і звыш 840 тон ялавічыны. Прыбытак ад рэалізацыі жывёлагадоўчай прадукцыі перавысіў паўтара мільёна рублёў.

Сельгасугоддзі крупскага СУП «Шчаўры-агра» мяжуюць з Барысаўскім раёнам. Паабапал дарогі, што вядзе да цэнтральнай сядзібы — аграгарадка Хацюхова, раскінуліся перакацістыя палі. Большасць з іх пакрыта кволай рунню. Акуратна скошаны сенажаці. З бальшака вядуць у розныя бакі палявыя дарогі. Непадалёку ад вёсак віднеюцца жывёлагадоўчыя фермы. Аграгарадок Хацюхова, які раскінуўся на двух узвышшах, перасякае невялікая рачулка. Прыбраныя агароды, палісаднікі. Усё навокал у чаканні зімы. На маё пытанне, як завяршаецца першы год дырэктарства, новы кіраўнік Віталь Баразнёнак як адрэзаў:


– Паспяхова. Рэнтабельнасць вытворчасці за год вырасла ў тры разы і перавысіла 16 працэнтаў. Гэта калі папярэдне характарызаваць вынікі гаспадарчага года. Спадзяюся, канчатковы рэзультат будзе яшчэ лепшы. Інакш быць і не можа. Калектыў працавіты, дружны. Першыя некалькі месяцаў людзі прыглядаліся да мяне, я да іх. Прызвычаіліся ўжо. Адчулі маю прынцыповасць: на першым плане — дысцыпліна і парадак. На сваіх заробках яны пераканаліся ў перавагах патрабавальнасці. З тымі, хто не змог падстроіцца, развіталіся. У калектыве звыш 220 працуючых. Ёсць каму кіраваць тэхнікай, даглядаць жывёлу. Поўнасцю ўкамплектаваны кадрамі спецыялістаў.

Па эканамічных паказчыках калектыў упэўнена лідзіруе ў раёне. Першараднай маёй задачай было не толькі ўтрымацца на дасягнутым, але і крочыць далей. Асабліва заўважны зрухі ў жывёлагадоўлі. На пачатку года ад каровы атрымлівалі ў суткі па 15,5 кілаграма малака, а зараз амаль на два кілаграмы больш. Увагу надаем збалансаванасці кармавога рацыёну жывёлы. На ўмоўную галаву назапасілі каля 30 цэнтнераў кармавых адзінак. І ў гэтыя дні падкошваем люцэрну, канюшыну і закладваем іх у поліэтыленавыя ўпакоўкі.

Перагледзелі структуру пасяўных плошчаў. Павялічылі клін азімых збожжавых, бо ў іх вышэй ура­джайнасць. Пашырылі пасевы рапсу. Яго вытворчасць найбольш рэнтабельная. Увялі ў севазварот фуражны гарох.

— Віталь Мікалаевіч, ці ўсё з задуманага атрымліваецца здзейсніць?

— Імкнёмся і надалей паляпшаць умовы працы людзей, павышаць іх узровень жыцця. З першых дзён дырэктарства з галоўнымі спецыялістамі вызначылі план дзеяння гаспадаркі. У калектыве склаўся моцны кіруючы касцяк. Дзейнічаем згодна з планам. Пачалі з навядзення парадку, мадэрнізацыі вытворчых працэсаў, абнаўлення машынна-трактарнага парка. На добраўпарадкаванне тэрыторыі патрацілі амаль паўмільёна рублёў. Абнавілі рамонтную майстэрню. У жывёлагадоўчых памяшканнях на вокны навесілі шторы, ралеты, усталявалі вентыляцыю, па сучаснай тэхналогіі залілі падлогу, асфальтам пакрылі тэрыторыю ферм і мехдвара. За свае сродкі і часткова ў лізінг набылі збожжаўборачны камбайн гомельскай вытворчасці GS2124, тры легкавікі, прычэпы для перавозкі буйной рагатай жывёлы і кармоў, два трактары МТЗ-952 з кандыцыянерамі для правядзення хімпраполак і МТЗ-3522 з плугам, механізаваны кормараздатчык, два агрэгаты для ўнясення мінеральных угнаенняў. Кожны дзень прыносіць новыя ідэі, задумы.

— Каб ажыццявіць іх, пэўна, даводзіцца і рызыкаваць?

— Свае дзеянні імкнуся прадумваць. Рызыкаваць можна нечым асабістым, а калі за табою калектыў, не маеш права паступаць неразважліва, калі не ўпэўнены ў станоўчым выніку. Трэцяя частка атрыманай у раёне прадукцыі жывёлагадоўлі выраблена ў нас. Дзякуючы прымяненню сучасных тэхналогій павялічваецца валавая вытворчасць малака і ялавічыны. Ад рэалізацыі прадукцыі ферм летась атрымана прыбытку 1 543 000 рублёў . Увесь грамадскі статак забяспечваем кармамі ўласнай вытворчасці. Рэалізавалі насення рапсу амаль на мільён рублёў і за выручаныя грошы закупілі жмых для папаўнення фуражу бялком. У засекі засыпалі 6400 тон збожжа, гэтага хопіць пад нашы патрэбы. Дзяржава аказвае падтрымку. На правядзенне сельгаскампаній на льготных умовах выдзяляюцца гаруча-змазачныя матэрыялы.

— Вы спецыяліст па сельгасмашынах. Як кіраўніку вытворчага калектыву нялішне ведаць тонкасці тэхналогіі ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, быць псіхолагам. Як спасцігаеце гэта?

— Пасля заканчэння Белдзяржсельгасакадэміі працаваў у бярэзінскім СВК «Брадзец», тагачасны дырэктар Сяргей Міхайлавіч Трапянок падарыў унікальны «Даведнік старшыні». Гэтай кнігай і зараз карыстаюся. Там выкладзены асновы ўсіх галін сельскай гаспадаркі. Шмат карысных ведаў атрымаў у час стажыроўкі ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі Белдзяржагратэхуніверсітэта.

— Як адлюстроўваюцца вашы намаганні ў вытворчай сферы на жыцці вяскоўцаў?

— Толькі станоўча. Ад рэалізацыі вырабленай прадукцыі поўніцца казна гаспадаркі. Растуць заробкі, павышаецца дабрабыт сямей. Вёска пачынаецца з людзей. Імі яна і жыве. Сярэднямесячны заробак у нас наблізіўся да 900 рублёў. Перадавыя жывёлаводы, механізатары атрымліваюць значна больш. Усё залежыць ад адносін да працы і вынікаў. Клапоцімся, каб людзям было камфортна працаваць і жыць. Ганарымся, што ў Хацюхоўскай сярэдняй школе вучыўся будучы лётчык-касманаўт Герой Савецкага Саюза Уладзімір Кавалёнак, яго імя прысвоена школе. Неаднойчы ён бываў на радзіме, сустракаўся з землякамі.

— Віталь Мікалаевіч, заслужыць давер у лю­дзей — уменне сэрца. У вас гэта атрымліваецца?

— Па крайняй меры, да гэтага імкнуся. Многае патрэбна, каб людзі табе давяралі. Нават невялікая затрымка выплаты заробкаў выклікае незадаволенасць, у першую чаргу кіраўніком. Ён у падначаленых на вачах. Важна ў любой сітуацыі заставацца чалавекам. Умець слухаць людзей, унікаць у іх клопаты. Усё гэта прыходзіць з вопытам.

— На двары глыбокая восень. Завяршаюцца палявыя работы. Машыны і агрэгаты пастаўлены на зімовае захоўванне. Які зараз асноўны клопат у вас?

— Арганізаваць спрыяльныя ўмовы працы жывёлаводаў, механізатараў у зімовы час. Каб на фермах, у рамонтнай майстэрні было цяпло, светла і ўтульна. Правялі рамонт тыпавой майстэрні, дзе можна адначасова абслугоўваць дзясятак трактараў, агрэгатаў. Большасць тэхнікі захоўваецца пад павецямі.

З падначаленымі імкнуся не пераходзіць да панібрацтва, каб пазбегнуць складанасці ў кіраванні. Не прымаю паспешлівых рашэнняў на гарачую галаву. Пасля прызначэння дырэктарам першыя тры месяцы не даваў нікому ацэнак, і мяне вывучалі. Ацаніў узровень і магчымасці кожнага спецыяліста, механізатара, жывёлавода. Мой дэвіз: калі ўзяўся за справу — не бойся цяжкасцей, кіруйся наперад. Маімі справамі цікавяцца родныя, сям’я. З жонкаю выхоўваем сына і дачку. Бацькоў часта адведваем, пра бабулю, якой у наступным годзе споўніцца сто гадоў, не забываем

— Праца на зямлі нялёгкая. Не шкадуеце пра выбар жыццёвага шляху?

— Інакш і быць не магло. Школьнікам на летніх канікулах працаваў памочнікам камбайнера ў мясцовай гаспадарцы. У выпускным класе Ушанскай сярэдняй школы Бярэзінскага раёна атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста. У СВК «Новіна» на МТЗ-82 адвозіў зерне ад камбайнаў на збожжаток. Заняў першае месца ў раёне сярод маладых вадзіцеляў. Са старэйшым братам Мікалаем дапамагалі бацьку ўпраўляцца па фермерскай гаспадарцы. Бывала, у школу менш хадзіў, чым на трактары шчыраваў. Апрацоўваў людзям агароды, перавозіў сена, салому. У бацькі і маці хапала сваіх спраў. З сястрой Наталляй даглядалі карову, свіней. Брат скончыў мехфак Белдзяржсельгасакадэміі. І я падаў дакументы на гэты факультэт. Здаў уступныя экзамены і стаў студэнтам. Пры любой магчымасці ляцеў з Горак дамоў, каб дапамагчы бацьку-фермеру. У жніво ўбіраў збожжа на камбайне ў бярэзінскім ААТ «Баравіно».

— У паэме «Новая зямля» беларускі класік Якуб Колас сцвярджае: «Зямля — аснова ўсёй Айчыны». Трапна?

— Яшчэ як! Лепш і не скажаш. У нашай сям’і праца на зямлі заўжды ў пашане. Дзядуля, былы франтавік, меў падзяку ад Сталіна. Касіў травы, вырошчваў хлеб. Бабуля мо таму і заслужыла доўгі век, што шчыра працавала. Яны выхавалі пяць сыноў і дачку. Мой бацька стаў фермерам. Родныя мой выбар падтрымалі. Праца кіраўніка далёка не мёд. Калі бывае цяжка, нікому не жалюся. Умею сябе трымаць у руках. Асэнсавана зрабіў выбар і не шкадую.

— Якім вам бачыцца будучае сельгаспрадпрыемства?

— Яно закладваецца сёння. Улічваючы дынаміку росту нашых вытворчых паказчыкаў у жывёлагадоўлі, кіраўніцтва Мінскай вобласці прыняло рашэнне ўзвесці ў гаспадарцы сучасны малочна-таварны комплекс на 1000 кароў. Падбіраем месца для будоўлі. У бліжэйшы час зоймемся праектаваннем аб’екта. Ёсць гарантыя поўнага забеспячэння пагалоўя кармамі ўласнай вытворчасці. Грубых кармоў для статка — з вялікім запасам. На некаторых старых фермах засталося прывязное ўтрыманне жывёлы. Новы комплекс здыме многія праблемы, асабліва кадравую. Скароціцца штат жывёлаводаў. Неабходны будуць найбольш кваліфікаваныя працаўнікі. Павысіцца якасць прадукцыі. Зараз толькі 60 працэнтаў малака гатунку экстра рэалізуем для перапрацоўкі на барысаўскае ААТ «Здравушка мілк».

— Глыбокую восень у народзе называюць ноччу года. Усё навокал наганяе сум. А ў вас на сэрцы што ў такі час?

— У глыбіні душы цепліцца думка пра вясну. Крыху болей за сто дзён аддзяляюць ад яе. За тры зімовыя месяцы ў хлебароба ёсць магчымасць перадыхнуць, набрацца сіл для чарговага вітка спрадвечнай працы на зямлі.

— Вы шчаслівы чалавек?

— Ці па мне не відаць, што шчасцем не абдзелены? У мяне цудоўная сям’я, жывыя бацькі, стагоддзя чакае бабуля, мяне прынялі ў калектыве. Гэта і ёсць маё шчасце.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter