В этом году отмечается 120-летие со дня рождения Владимира Дубовки

Узвышша слова і паэзіі

Ён быў не проста паэтам. Але і перакладчыкам, літаратурным крытыкам, мовазнаўцам. У прыватнасці, прымаў актыўны ўдзел у навуковай дыскусіі па змяненні і спрашчэнні беларускага правапісу. Большасць яго пастулатаў прыжыліся і ў сучаснай беларускай мове.


Нарадзіўся Уладзімір Дубоўка ў сям’і рабочага ў вёсцы Агароднікі Вілейскага павета (цяпер гэта Пастаўскі раён). Скончыў Нававіленскую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам на Тульшчыне. У 1920 годзе праходзіў службу ў асобнай тэлеграфна-будаўнічай роце Чырвонай арміі, пасля дэмабілізацыі працаваў у Народным камісарыяце асветы РСФСР мэтадыстам і інструктарам беларускіх школ і вучыўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава. У гэты час пачаў пісаць. Стартам літаратурнай творчасці Уладзіміра Дубоўкі лічыцца 1921 год, калі ў газеце «Савецкая Беларусь» быў надрукаваны верш «Сонца Беларусі». Пасля з’явіліся зборнікі «Строма» (1923), «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Трысцё» (1925), Credo (1926) і «Наля» (1927), галоўнай тэмай якіх стала ідэя адраджэння краіны. 

Уладзімір Дубоўка зрабіў значны ўнёсак у развіццё лексічнага строю беларускай літаратурнай мовы. Дзякуючы яму ў літаратурным ужытку замацаваліся такія словы, як «апантаны», «водар», «дойлід», «знічка», «імклівасць», «наканаваны», «талака» і іншыя. У канцы 1920—1930-х гадах паэт надрукаваў шэраг артыкулаў па пытаннях развіцця беларускай мовы. Творчы патэнцыял Дубоўкі высока ацэньвалі яго сучаснікі. У прыватнасці, Язэп Пушча сцвярджаў, што творы Дубоўкі «гэта ўзвышша сучаснага беларускага мастацкага слова і паэзіі».


На жаль, на доўгія гады паэт быў вымушаны спыніць сваю творчасць. У 1930 годзе Уладзіміра Дубоўку арыштавалі па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У няволі паэт правёў 36 гадоў. Канчаткова рэабілітавалі Дубоўку толькі ў 1957-м. Тады ён і змог вярнуцца да літаратурнай дзейнасці.

Бліжэй пазнаёміцца з жыццём і творчасцю паэта ў гэтыя дні можна на выставе «Пясняр хараства і волі» ў Нацыянальнай бібліятэцы. Экспазіцыя, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі, будзе тут да 1 верасня.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter