Узважыць і разважыць

Барыс Батура правёў выязны прыём у Старадарожскім раёне

Паспешныя дзеянні не спрыяюць вырашэнню праблем

Аптымізацыю сельсаветаў неабходна праводзіць абдумана і абгрунтавана. На гэтым зрабіў акцэнт старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура ў час выязнога прыёму грамадзян у Старадарожскім раёне.

Да кіраўніка сталічнага рэгіёна звярнуўся жыхар аграгарадка Пасека аднайменнага сельсавета. Зараз разглядаецца пытанне аб далучэнні гэтай тэрытарыяльнай адзінкі да больш буйной і скасаванні Пасецкага сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў. Ад імя жыхароў заяўнік прасіў захаваць усё як было. Высветлілася, што аграгарадок, дзе размяшчаюцца органы мясцовага кіравання і самакіравання, з’яўляецца цэнтральнай сядзібай сельскагаспадарчай арганізацыі. «Без дзяржаўных інстытутаў перспектывы ў гаспадаркі няма. Калі яны размяшчаюцца на цэнтральнай сядзібе, то касаваць іх і мяняць тэрытарыяльнае ўладкаванне нельга. Наадварот, трэба рабіць усё магчымае, каб тэрыторыя развівалася, ствараліся прывабныя ўмовы для жыцця і працы, замацоўвалася моладзь і павялічвалася колькасць насельніцтва. Неабходна мэтанакіравана працаваць, а не мірыцца з сітуацыяй, калі людзі сыходзяць з вёскі», — перакананы Барыс Батура. Ён падкрэсліў, што працэс аптымізацыі сельсаветаў неабходна праводзіць узважана і асцярожна.

На прыём да старшыні аблвыканкама прыйшлі не толькі жыхары Старадарожчыны. За фінансавай падтрымкай звярнуўся кіраўнік фермерскай гаспадаркі са Слуцкага раёна. Гаспадарка займаецца конегадоўляй і плануе далейшае развіццё. Для павелічэння пагалоўя элітных спартыўных коней і будаўніцтва дадатковых аб’ектаў неабходны грашовыя сродкі. Заяўнік прадставіў абгрунтаванне і разлікі. У яго планах — стварэнне каля дзясятка новых працоўных месцаў. Барыс Батура даручыў службовым асобам вывучыць гэта пытанне і прапанаваць прымальны варыянт. «Гэта можа быць фінансавая падтрымка са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на стварэнне працоўных месцаў або крэдытныя грошы. Дзяржава павінна ствараць умовы для развіцця прадпрымальніцтва. І калі праект сапраўды цікавы, то і пытанні падтрымкі будуць вырашацца», — сказаў ён.

Шэраг праблем, дапамогі ў вырашэнні якіх прасілі грамадзяне, датычыўся сферы дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гэта рамонт дамоў, водазабеспячэнне, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. Пераважна заяўнікі — з тых шматкватэрных дамоў, якія пабудаваныя і эксплуатуюцца даўно. Па кожным звароце дадзены адпаведныя даручэнні, вызначаны тэрміны іх выканання. Разам з крытычнымі заўвагамі ў адрас ЖКГ Барыс Батура адзначыў, што ў падыходах да навядзення парадку і добраўпарадкавання немалая роля адводзіцца і самім жыхарам. «Там, дзе створаны вулічныя, дамавыя камітэты ці іншыя падобныя арганізацыі, праблем узнікае менш і вырашаюцца яны хутчэй. Павінна быць грамадзянская ініцыятыва, а яе часцяком няма», — канстатаваў кіраўнік сталічнага рэгіёна.

Трэба сказаць, што ў Мінскай вобласці ўжо некалькі гадоў праводзіцца мэтанакіраваная работа па шырокім інфармаванні насельніцтва аб правядзенні рамонту жылфонду і добраўпарадкавання. У кожным раёне, сельсавеце распрацаваны і абнародаваны адпаведныя планы. Іх можна знайсці ў мясцовых СМІ, на стэндах у пассельвыканкамах, афіцыйных сайтах райвыканкамаў. Людзі канкрэтна ведаюць, што і калі будзе рабіцца. Такі падыход разам з работай на апярэджванне дазволіў істотна паменшыць колькасць зваротаў на гэтыя тэмы, якія традыцыйна з’яўляюцца самымі масавымі. Як расказала кіраўнік справамі Старадарожскага райвыканкама Вольга Пархімовіч, калі ў мінулым годзе 75 % з агульнай колькасцi зваротаў складалі пытанні, што датычацца сферы дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі, то зараз іх толькі 25 %.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter