Дасталi з шафы: у Нацыянальным музеi з`явiлiся каштоўныя рэлiквii

Узрушаныя вобразам

У першыя дні вясны звычайны мінчанін, беларускі пенсіянер, які пажадаў застацца невядомым, бескарысліва перадаў у дар Нацыянальнаму мастацкаму музею  рэдкую ікону пачатку XIX стагоддзя. У гісторыі ўстановы гэта другі ці трэці выпадак, калі каштоўную рэч у фонды аддаюць бясплатна. Акрамя таго, рэдкая рэліквія па сваіх мастацкіх якасцях прэтэндуе на сенсацыю. І хаця твор пакуль патрабуе доўгай і глыбокай рэстаўрацыі, у бліжэйшыя дні ганаровы набытак будзе прэзентаваны гледачу.

Дваццаць першага сакавіка — усяго на дзень — ён зойме самае аглядальнае месца ў зале старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, але потым вернецца на рэстаўрацыю. Напярэдадні амаль два тыдні падораны абраз правёў на стале рэстаўрацыйных майстэрняў музея. Ікона трапіла ў рукі спецыялістаў у аварыйным стане: драўляная дошка расколатая, абсыпаўся фарбавы слой. На гэты момант унікальны ўзор тэмпернага жывапісу першасна ўратаваны.

— Праведзены самыя важныя напачатку кансервацыйныя работы, — расказвае мастак-рэстаўратар Сяргей Шаціла. — Я змацаваў дошкі, склеіў расколіны, прыпыніў абсыпанне фарбы. Таксама выканаў зандаж напластаванняў, якія з’явіліся на аснове пазней за аўтарскую выяву. Пакуль  зняў толькі першае паднаўленне і ўбачыў шмат цікавага: напрыклад, пад залатымі німбамі хаваліся зялёныя, фон выглядаў як блакітны, але пасля зняцця скальпелем паверхні фон стаў зялёны. Ёсць меркаванне, што гэта не адзіныя адкрыцці, існуе яшчэ больш ранні запіс. Як толькі ікона вернецца з прэзентацыі, мы працягнем яе даследаваць, правядзём шэраг фізіка-хімічных працэдур і толькі потым будзем аб’яўляць і канкрэтны ўзрост абраза, і яго аўтарства, і іншыя дэталі. Агульны тэрмін, які «забярэ» рэліквія ў рэстаўратараў, — не менш за год.

Для дарыльшчыка гэта ікона была сямейнай рэліквіяй, але ён вырашыў, што ёй месца ў музеі

Інфармацыя, якой ужо сёння дзеляцца мастацтвазнаўцы: прадастаўленая ікона — храмавая і, хутчэй за ўсё, руская па паходжанні. На абразе — святыя апосталы Пётр і Павел, прарок Ілья і нехарактэрны для беларускага іканапісу святы Макарый.

— Увядзенне на палатно вобраза святога Макарыя ўказвае на «рускі след». Макарый — праваслаўны манах, які нарадзіўся ў 1349 годзе ў Ніжнім Ноўгарадзе, а скончыў жыццё ў 1444-м ва Унжэнскім манастыры (гэта на Галіччыне, Кастрамскі край). Землі расійскія, іх пустэльнік не пакідаў усе 95 гадоў свайго жыцця. Таму, відавочна, яго на абразе і ўславіў рускі іканапісец, — гаворыць мастацтвазнавец, загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Алена Карпенка. — Мяркую, дадзены абраз — сямейны. Такія іконы часта пісалі ў гонар членаў сям’і — мужчын, каб ушанаваць іх. Думаю, нехта з заможных купцоў Кастрамы ці Ніжняга Ноўгарада заказаў мастаку такую ікону. Работа пачатку XIX стагоддзя. Напісана на тлустай драўлянай аснове. Мы называем яе «Выбраныя святыя Пётр, Павел, Ілья і Макарый у маленні». 

Пэўна, для дарыльшчыка ікона таксама была сямейнай рэліквіяй. Чаму ж чалавек у пажылым веку вырашыў аддаць святыню музею?

— Гэты абраз памерамі 98 на 108 сантыметраў вельмі вялікі, складаецца з дзвюх дошак. Такія памеры і прадугледжаны мантаж не падыходзiлi для майго дома. Ікона доўгі час стаяла... у шафе. Я — вернік і, можа б, прыстасаваў яе да жылля... Але вырашыў: лепей ёй быць даступнай для прагляду большай колькасці людзей, — паведаміў па тэлефоне дарыльшчык. — Я не памятаю, дакладней, не ведаю нават, як гэтая ікона трапіла да нас (даўно было!), але як прафесійны мастак разумею, што гэта каштоўны, годны ўвагі твор. Я патэлефанаваў у музей і проста прапанаваў аддаць работу. Прыехалі супрацоўнікі, ацанілі абраз і забралі з сабой. Мне хапіла іх увагі і падзякі. Больш нічога не трэба.

І ўсё ж супрацоўнікі музея падзяліліся  асабістай інфармацыяй пра дарыльшчыка. Гэта дэкаратар-манументаліст Аляксандр Малярэвіч, калісьці — выпускнік нашага беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, за творчае жыццё зрабіў работы для Магілёва, для Мінска, працаваў у Расіі. Сёння — на заслужаным адпачынку. Нацыянальны мастацкі музей рыхтуе для новаспечанага мецэната сімвалічную ўзнагароду. Нядаўна там распрацавалі дакумент — Падзячны ліст. Ён багата аздоблены, надпісы там на некалькіх мовах. Будзе там і выява самога дару. Так бы мовіць, на памяць аб добрай справе.

ДАРЭЧЫ

— 2018-ы сыпле нам нібыта з рога дастатку, — гаворыць намеснік генеральнага дырэктара музея Сяргей Вечар. — Я маю на ўвазе шэраг работ, якія перадаў музею калекцыянер з Манака Георгій Хацанкоў. Вясельны куфар канца XVII стагоддзя нам падарыў наш суайчыннік Яўген Хмяльніцкі. Нам шмат дапамагаюць дыпламаты, замежныя прадстаўніцтвы. У хуткім часе (спадзяёмся і чакаем) у нацыянальную музейную калекцыю трапяць работы беларусаў-эмігрантаў пачатку XX стагоддзя, прадстаўнікоў Парыжскай школы Восіпа Любіча і Надзеі Ляжэ.

Тамара БАРЫСАВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter