Узрост бегу не перашкода

На Старадарожчыне прайшлі забегі 26-й «Языльскай дзясяткі»

Старадарожчына ў дваццаць шосты раз сабрала ўдзельнікаў Нацыянальнага фестывалю бегу «Языльская дзясятка».

Фестываль не толькі сустрэча прафесіяналаў. Побач са знакамітымі спартсменамі бягуць і аматары ўсіх узростаў.

На гэты раз па галоўным вуліцам горада прабеглі больш за 1500 лёгкаатлетаў, самыя малодшыя ўдзельнікі — дзеці ад чатырох гадоў, самы старэйшы — сямідзесяцісямігадовы жыхар вёскі Касцюкі Барысаўскага раёна.

...Звычайны лёгкаатлетычны прабег у 1988 годзе, прысвечаны Дню работнікаў сельскай гаспадаркі, сёння перарос у цікавае спартыўнае мерапрыемства, у якім удзельнічаюць ужо тысячы прадстаўнікоў розных узростаў і прафесій. На гонар старадаражанам «Языльская дзясятка» знайшла сваю пастаянную прапіску ў краі, дзе і нарадзілася.

Старшыня райвыканкама Сцяпан Чачуха адзначыў: «Языльская дзясятка» — свята здароўя, спорту, прыгажосці. Яно прапагандуе здаровы лад жыцця, дазваляе разгледзець будучых чэмпіёнаў краіны».

Першымі на старт выйшлі самыя маленькія бегуны — хлопчыкі і дзяўчынкі ад 4 да 6 гадоў, якіх у той дзень прыйшло каля 300 чалавек. Дашкалятам у «Старадарожскіх забегах» на прызы райвыканкама трэба было пераадолець дыстанцыю ў 60 метраў.

Сур’ёзная барацьба была і на дыстанцыі 500 метраў паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі ва ўзросце 7—10 гадоў. Падлеткі ва ўзросце ад 11 да 14 гадоў прабеглі «Беларускую вярсту» (1097 м).

Добрыя вынікі паказалі юнакі і дзяўчаты 15—17 гадоў у «Міні-марафоне» на дыстанцыі 3375 м.

Як заўжды, вялікую цікавасць гледачоў выклікаў «Карпаратыўны забег», у якім удзельнічалі толькі прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна.

Але галоўным забегам стала сапраўды гістарычная дыстанцыя — «Языльская дзясятка», дзе беларускія лёгкаатлеты змагаліся за званне лепшага бегуна XXVI фестывалю. Па выніках забегу, дыстанцыя якога склала 10 кіламетраў, лепшымі ва ўзроставай катэгорыі ад 18 да 40 гадоў былі Марына Даманцэвіч з Наваполацка і Сяргей Платонаў з Магілёва. А ва ўзросце ад 41 да 69 гадоў абсалютнымі пераможцамі сталі Галіна Карпацэвіч з Гродна і Сяргей Сільчанка з Магілёва. У катэгорыі звыш 70 гадоў хутчэй астатніх прабеглі Ірына Бельская і Леанід Гісаў з Бабруйска.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter