Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Маляваныя дываны з Музея-запаведніка “Заслаўе” былі прадстаўлены ў мінскай Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”

Узоры на шчасце, на долю

Памятаю, над ложкам бабулі маёй вісеў дыван. Тканы, стракаты, з буйнымі выявамі жывёл. Глядзела на яго — і самі сабою складваліся гісторыі фантастычныя, казачныя... Да прыгажосці, як вядома, душа цягнецца. Фабрычныя насценныя дываны прыйшлі ў хаты беларусаў з сярэдзіны ХХ стагоддзя. Раней жа ўпрыгожвалі жытло самаробныя ткана-вышываныя рэчы, вырабы з саломкі, дрэва, паперы... У 20-50-я гады ХХ стагоддзя ў модзе былі дываны маляваныя. Іх замаўлялі ў вандроўных мастакоў. 

Дырэктар галерэі Павел Сапоцька на адкрыцці выставы

Творы гэтага віду мастацтва, якое знаўцы адносяць да наіўнага, прымітыўнага, я пабачыла на выставе “На шчасце, на долю” ў Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. То былі дываны з Гістарычна-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”. У зборы музея звыш 200 работ: найвялікая калекцыя ў краіне. Пад іх у былым флігелі палаца графоў Пшыздзецкіх, якія валодалі некалі Заслаўем, ствараецца Музей маляваных дываноў.

На адкрыцці выставы захавальнік фондаў з Музея-запаведніка “Заслаўе” Аляксандр Рак гаварыў: у экспазіцыі прадстаўлены як работы невядомых аўтараў, так і мастакоў-прымітывістаў Фёдара Сухавілы, Ядзвігі Вайцешык, Генадзя Кузаўкова, а таксама Алены Кіш ды Язэпа Драздовіча. Дываны вельмі пазітыўныя, з фантастычнымі сюжэтамі. “У цяжкія міжваенныя гады маляваныя дываны неслі надзею, веру людзям, — казаў А. Рак. — Спадзяванне: і на зямлі можа настаць Рай”. Некаторыя дываны на выставе й называліся “Рай”, “У райскім садзе”.

Намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэуш Стружэцкі згадваў, што і ў яго роднай вёсцы на Пастаўшчыне амаль у кожнай хаце былі такія дываны: з выявамі гусей, коннікаў, асілкаў, Алёнкі... “Вяскоўцамі яны ўспрымаліся як творы мастацтва, — казаў былы вясковец. — А ў кожным малюнку — свая філасофія. І дываны насамрэч людзей радавалі, прыносілі асалоду, веру ў лепшае”.

Згадаў спадар Тадэуш: пад дахам будынка-сядзібы Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку знайшлі палотны Язэпа Драздовіча. Мастак у 40-я настаўнічаў у тых мясцінах і для школьных тэатральных гурткоў ствараў дэкарацыі. Таму й вялікі памер, 2 на 3 і 3 на 4 метры, палотнаў. “Яны не патрабуюць рэстаўрацыі, — адзначае Тадэуш Стружэцкі. — Цяпер захоўваюцца ў Беластоцкім краязнаўчым музеі. Але, як уласнасць БГКТ, могуць быць перададзены ў Беларусь. Калі ў Заслаўі адкрыецца Музей маляваных дываноў, думаю, варта размясціць іх там”.

У інтэрнэце ёсць вызначэнне: “Маляваныя дываны — від народнай размалёўкі; маляваныя на тканіне ці паперы мастацкія вырабы, прызначаныя для ўпрыгожвання інтэр’ера народнага жылля”. Найбольш пашараны былі ў вёсках і мястэчках Беларусі, асабліва ў Глыбоцкім, Шаркаўшчынскім раёнах Віцебшчыны, Слуцкім, Салігорскім раёнах Міншчыны, на Палессі. Супрацоўнікі Музея-запаведніка “Заслаўе” і цяпер з экспедыцый прывозяць творы народнага мастацтва. З апошніх знаходак — дываны з Драгічынскага раёна Брэстчыны.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 10 (3562), чацвер, 15 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter