Узорны палац

Музей «Нясвіж» стаў базавай музейнай арганізацыяй СНД

Музей-запаведнік «Нясвіж» стаў базавай музейнай арганізацыяй СНД.

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік набыў такі высокі статус у галіне «Музейная справа». Навіна прагучала ў час XXVIII пасяджэння Савета па культурным супрацоўніцтве краін СНД.

Гэта, на думку міністра культуры Беларусі Барыса Святлова, прызнанне высокага ўзроўню развіцця музейнай сферы ў нашай краіне. А разам з тым і пацвярджэнне таго, што Нясвіжскі палац з’яўляецца вядучай арганізацыяй сярод аналагічных у Садружнасці.

Палацава-замкавы комплекс у Нясвіжы — адзін з самых знакамітых помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. У 2001 годзе ён перададзены на баланс Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», а ў 2005-м унесены ў Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Пасля маштабнай рэстаўрацыі палац у мінулым годзе зноў запрасіў да сябе гасцей. У 2012-м там зафіксавана 431 тыс. наведванняў, і палац названы самым папулярным беларускім музеем мінулага года.

Музей-запаведнік вядзе рознабаковую дзейнасць: фарміраванне і захаванне калекцый, навукова-даследчую і культурна-асветніцкую работу, арганізацыю пастаяннай экспазіцыі і ўладкаванне выстаў. Ён валодае найбагацейшымі фондамі, мае вялікі вопыт работы. Усё гэта дае падставы лічыць, што музей здольны быць трывалай і дзейснай базавай музейнай арганізацыяй СНД.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter