Той момант, калі вырашыў вучыцца на мастака, Віктар Крук памятае дакладна

Узнёслае i зямное Вiктара Крука

Той момант, калі  вырашыў вучыцца на мастака, Віктар Крук памятае дакладна
Маляваць ён любіў з дзяцінства, і атрымлівалася няблага. Ужо з сямі гадоў дасылаў свае работы ў розныя дзіцячыя газеты і часопісы. Школьнікам афармляў насценгазеты, рабіў карыкатуры, удзельнічаў у конкурсах юных аматараў пэндзля і алоўка.


Віктар КРУК з вучнямі

Той момант, калі  вырашыў вучыцца на мастака, Віктар Крук памятае дакладна, ён таксама са школьнага дзяцінства. На пленэр у яго родную вёску на Глушчыне не раз прыязджалі два мастакі-прафесіяналы. Назіраць за іх працай было любімым заняткам хлопчыка. Аднойчы адзін з іх, успамінае Віктар Фёдаравіч, пісаў копію вядомага палатна Васіля Пукірава «Няроўны шлюб». А ён, малы, ці не штодня прыходзіў да мастака дадому і падоўгу глядзеў, як на мальберце з`яўляецца карціна. Асабліва прываблівала выява нявесты, дакладней, абрыс дзявочай рукі. Намаляваная на палатне, яна прасвечвала праз тонкую тканіну, як жывая. Будучы мастак быў вельмі ўражаны: неверагодна, як магчыма перадаць такое фарбамі! Яму закарцела навучыцца гэтак жа. 

У 1967-м Віктар Крук паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагiчнага iнстытута. Займаўся многа і старанна. У выніку — адзіны на факультэце юнак, хто закончыў вучобу з чырвоным дыпломам. Яму прапаноўвалі месца выкладчыка на кафедры жывапісу, але ён адмовіўся. Паехаў працаваць у вёску, на Магілёўшчыну.

Чаму так? Па-першае, разважае Віктар Фёдаравіч, праца на адлегласці ад горада і вялікіх пасад дазваляе больш часу прысвячаць уласнай творчасці. А па-другое, відаць, не галоўнае — дзе жыць, калі ведаеш, што ты хочаш зрабіць і маеш што сказаць людзям.

Пытаюся, а як жа багемны лад жыцця, які лічыцца неад`емным для  мастака, і ці не шкадуе, што не застаўся тады ў Віцебску або не рушыў у Мінск.

— Я пра гэта не думаю. Навошта? У мяне ўсе нармальна. Усё ёсць як ёсць, мне ўсяго дастаткова. Пра што шкадаваць? — шчыра адказвае суразмоўца.


Партрэт Янкі КУПАЛЫ

Ён сочыць за па-дзеямі мастацкага жыцця, падтрымлівае стасункі са ста-лічнымі калегамі, завітвае пры нагодзе да іх у майстэрні. Яго работы знаходзяцца ў музеях Мінска і Віцебска, у прыватных калекцыях у нашай краіне, Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Францыі, ЗША. Часта ўдзельнічае ў калектыўных выставах, з 1977 года ладзіць персанальныя вернісажы, вось і летась два зрабіў. Не абмінае міжнародныя і рэспубліканскія мастацкія пленэры.

І — вучыць дзяцей.

Больш за 40 гадоў, як Віктар Крук вярнуўся на Віцебшчыну, жыве ў гарадскім пасёлку Шаркаўшчына. Працаваў настаўнікам чарчэння і малявання, мастаком-афарміцелем пры Доме культуры. А ўжо больш за два дзесяцігоддзі выкладае ў мясцовай дзіцячай школе мастацтваў. Сюды пасля ўрокаў спяшаюцца яго вучні. Устанаўліваюць мальберты, бяруць у рукі фарбы, пэндзлі і пачынаюць фантазіраваць, марыць, думаць, тварыць.

Дарэчы, у дачыненні да малявання Віктар Фёдаравіч не прыхільнік вядомага настаўніцкага прынцыпу: паўтары сябе ў вучнях. Лічыць, наадварот, галоўнае — не рабіць дзяцей падобнымі да сябе. Бо ў кожнага юнага творцы ёсць свая індывідуальнасць. Важна яе заўважыць, не парушыць і развіць.

Праз мастацкую майстэрню Віктара Крука прайшло многа таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. Сваімі вучнямі ён ганарыцца. Ды і як інакш? Вось і сёлета, пералічвае, закончылі мастацка-графічны факультэт у Віцебскім педінстытуце Саша Падольскі, Насця Савіцкая, Віка Лагун, Саша Зайцаў. Ёсць выпускнікі мастацкага вучылішча імя Глебава і навучэнцы гімназіі-каледжа імя Ахрэмчыка ў Мінску. Пасля Акадэміі мастацтваў ужо працуе дызайнерам інтэр`ераў Таццяна Курачонак. Актыўна ўдзельнічае ў выставах Яўген Ліпскі. А Ілья Арлюкевіч летась паступіў у школу іканапісу пры Маскоўскай духоўнай акадэміі. Ад нашай краіны спрабавалі некалькі чалавек, але прайшоў ён адзін. Вельмі сур`ёзны конкурс вытрымаў, толькі 16 чалавек набіралі.


Пад крылом анёлаў

Віктар Фёдаравіч дастае са стала невялікі фрагмент малюнка. Ілья ў апошні прыезд падарыў. Тлумачыць, зараз хлопец спасцігае азы візантыйскага стылю іканапісу, як пісалі да XVI стагоддзя. 

Сам Віктар Крук таксама піша абразы, мае на гэта і спецыяльнае царкоўнае бласлаўленне. Створаныя ім іконы ёсць у шэрагу храмаў краіны і ў асобных людзей — работы аўтарскія і копіі. Наогул, працуе мастак плённа ва ўсіх жанрах жывапісу і графікі, але ўсё ж любімая яго тэма — партрэт. Сярод герояў — простыя людзі і многія таленавітыя творцы, якія здабылі славу нашай зямлі: Напалеон Орда, Янка Купала, Уладзімір Караткевіч, Язэп Драздовіч, Максім Багдановіч, Васіль Быкаў, Ілья Рэпін, Іван Хруцкі…

Зараз на мальберце — пачаты партрэт нашага знакамітага земляка Хаіма Суціна. 

— Хоць да работ яго я стаўлюся па-рознаму, але мастак, бясспрэчна, яркі, неардынарны, не выпадкова ж геніем яго прызнаваў Мадзільяні, паважаў Пікаса, — гаворыць Віктар Крук. — Мне Суцін вельмі цікавы як чалавек, яго характар, погляды, думкі, учынкі. Я шмат чытаў пра яго — вельмі рознабаковая, супярэчлівая асоба. Хочацца ў партрэце дакладна трапіць у вобраз. 

У яго атрымаецца. Спецыялісты гавораць, усім работам Віктара Крука ўласцівы выразнасць, глыбіня, закончанасць вобразаў і кампазіцыі.

Ірына СВІРКО

Фота Сяргея Высоцкага

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter