Возле Кургана Славы устанавливают штурмовик Ил-2, который принимал участие в операции «Багратион»

Узлёт на п’едэстал

У нашай краіне не захавалася ні аднаго арыгі­нальнага Іл-2. Гэты штур­мавік — грозную зброю перамогі — доўга шукалі і збіралі лiтаральна па дэталях. Упершыню самалёт, які прымаў удзел у найбуйнейшай наступальнай аперацыі «Баграціён» у ліпені 1944 года, з’явіцца пад Мінскам. «Лятаючы танк» можна будзе ўба­чыць ля падножжа мемарыяла «Курган Славы» — на пляцоўцы побач з iншай ваеннай тэх­нiкай, якая таксама прымала ўдзел у вызваленні нашай краіны. Карэспандэнт «Р» паназірала за працэсам мантажу легендарнага самалёта.

Іл-2 быў самым масавым савецкім самалётам, які выпускаўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Фото goodfon.ru

Легенда буйным планам


Савецкі штурмавік часоў Другой сусветнай вайны Іл-2 стане выдатным падарункам да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Легендарны самалёт невыпадкова паставяць ля падножжа Кургана Славы — адзін з галоўных сімвалаў Вялікай Перамогі сёлета святкуе 50-годдзе. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) да дзвюх важных дат падрыхтавалася грунтоўна: добраўпарадкавала мемарыялы і комплексы, адрэстаўрыравала помнікі, абеліскі воінскай славы, брацкія магілы і месцы пахавання воінаў, партызан, падпольшчыкаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з галоўных аб’ектаў — Курган Славы.

Помнік вайны размешчаны ў Смалявіцкім раёне, на 21-м кіламетры магістралі М-2. Некалькі гадоў таму Курган Славы маштабна рэканструявалі — замянілі травяное покрыва, устанавілі там сучаснае светлавое абсталяванне, якое сілкуе каскад сонечных батарэй. Таксама адрамантаваны стылабат і каля 200 прыступак вітых лесвіц, якія апярэзваюць манумент, — з-за ўзросту яны патрэскаліся і аселі. Нядаўна паставілі восем інфармацыйных стэндаў на рускай і беларускай мовах. Яны расказваюць пра аперацыю «Баграціён» і пра ваенных начальнікаў, якія падчас Вялікай Айчыннай вайны кіравалі гэтым наступленнем.

Уважліва вывучаю стэнды, пакуль спецыялісты акуратна выгружаюць дэталі штурмавіка Іл-2. Яго фрагменты з вялікімі габарытамі — трэба шмат рук, тэхнікі і нават пад’ёмны кран. Праца ідзе на пляцоўцы каля выставы ваенных танкаў. Там неўзабаве будзе ўзвышацца знакаміты штурмавік. Да прэзентацыі яшчэ доўга, але нам удалося разгледзець Іл-2.


— Самалёт мы паставім на пастамент вышынёй 6,5 метра. Яго для нас распрацоўвае і вырабляе БНТУ, — падрабязнасці расказвае дырэктар УП «Дом прафсаюзаў» Леанард Багушэвіч. А пакуль Іл-2 дапрацоўваецца, спецыялісты займаюцца яго канчатковай зборкай.

Гэтаму фінальнаму акорду папярэднічала доўгая і карпатлівая праца, якая расцягнулася на чатыры месяцы. У пошуках легендарнага самалёта ініцыятыўная група трапіла ў Расію. Фрагменты самалёта выявілі яшчэ ў 2003 годзе ў балотах Ленінградскай вобласці. Праляжаўшы шмат гадоў у зямлі, Іл-2 захаваўся часткова, таму меў патрэбу ў маштабнай рэканструкцыі. Многія дэталі прывезлі з Масквы і Ніжняга Ноўгарада.

— Арыгінальнымі засталіся бранякорпус, стойкі шасі, храпавік, лопасці вінта, элементы крылаў, — пералічвае Леанард Багушэвіч. — Тое, што захаваць не ўдалося, дараблялі. Мы не авіятары, таму спатрэбілася кваліфікаваная дапамога прафесіяналаў.

Сiне-зялёная невiдзiмка


На просьбу ФПБ адгукнуліся вядучыя расійскія спецыялісты, якія шмат гадоў рэстаўрыруюць авіяцыйную тэхніку часоў вайны. Праца была складаная. Толькі ўявіце: адных заклёпак на самалёце прыйшлося зрабіць 2740 штук! Што ўжо казаць пра карпатлівае аднаўленне адсутных элементаў штурмавіка — натуральна, улічваючы ўсе параметры і асаблівасці дэталяў, апісаныя ў дакументах тых часоў.

Штурмавік, устаноўлены  на экспазіцыйнай пляцоўцы каля Кургана Славы, будзе нагадваць нам і дзецям пра моц савецкай зброі, гераізм нашых воінаў.

Рэстаўратары працавалі доўга, рэгулярна высылалі фотасправаздачу аб сваёй рабоце ў Мінск. Гартаю гэтыя здымкі: відаць, як цяжка даваліся некаторыя элементы Іл-2. Напрыклад, цяжка было выраўнаваць лопасці самалёта, якія на першапачатковым кадры выглядаюць добра пагнутымі ад удару аб зямлю. Але прафесіяналам гэта ўдалося!

— Звярніце ўвагу на колеры, — прапаноўвае Леанард Багушэвіч. — Самалёт, як і ў ваенныя гады, пафарбаваны зверху і з бакоў у зялёны, а знізу — у блакітны колер. У такім камуфляжы яго складана было разгледзець у небе, ён губляўся і на фоне зямлі, калі ворагі спрабавалі разгледзець яго з вышыні. Таксама паўтарылі надпіс «За Радзіму» на баку Іл-2.

Падыходжу бліжэй, каб разгледзець знакаміты корпус. Такі самалёт прымаў удзел у паветраных ударах, якія мелі вырашальнае значэнне ў ходзе аперацыі «Баграціён», а цяпер стаіць тут, перад намі. Побач з такой махінай адчуваеш неверагодныя пачуцці. Даўжыня штурмавіка — 11,6 метра, размах крылаў — 14,6 метра. Праўда, важыць савецкі Іл-2 не так ужо і шмат — 4,3 тоны, але пры поўным боекамплекце пацягнуў бы на 5,5 тоны.

Самалёт, як і ў ваенныя гады, пафарбаваны зверху і з бакоў у зялёны, а знізу — у блакітны колер.

Крылы лятучай крэпасцi


Эмоцый яшчэ больш, калі даведваюся пра цікавыя факты з гісторыі. Так, штурмавік Іл-2 быў самым масавым савецкім самалётам, які выпускаўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Лятучай крэпасці», як яго называлі, гітлераўцы вельмі баяліся. Ні адна маштабная ваенная аперацыя не абыходзілася без Іл-2. Самалёт быў надзвычай жывучым. Некаторыя штурмавікі вярталіся з баявых заданняў такімі пашкоджаннымі, што здзіўляліся нават дасведчаныя пілоты і механікі. На пашкоджанні ставілі латкі ва ўмовах прыфрантавых аэрадромаў, і самалёты зноў адпраўляліся ў бой.

Савецкія штурмавікі знішчалі варожую тэхніку і аб’екты, дапамагаючы нашым сухапутным войскам прасоўвацца наперад. Іл-2 нароўні з «кацюшай» лічыцца легендарным тэхнічным сродкам. Штурмавік, устаноўлены ФПБ на экспазіцыйнай пляцоўцы каля Кургана Славы, будзе нагадваць нам і нашым дзецям пра моц савецкай зброі, гераізм нашых воінаў.

— Сабраны і адрэстаўрыраваны Іл-2 — даніна глыбокай павагі ад удзячных нашчадкаў за мірнае неба і наша жыццё, — падагульніў Леанард Багушэвіч.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter