Ей на сцену подсыпали битое стекло, писали на нее анонимки — чего только не было с артисткой Ларисой Александровской

Ужо не вернецца Алеся

Ларыса Александроўская. Іншай такой яркай асобы ў гісторыі сучаснай беларускай культуры няма. І ці будзе калі-небудзь — невядома. Яе прозвішчам названы камерная зала ў Вялікім тэатры, конкурс вакалістаў, адна са сталічных школ і многае іншае. Яе жыццё было поўным радасцей і гора. У дзень 115-годдзя гэтай вялікай артысткі і дэпутата мы ўспамінаем яе разам з супрацоўнікамі Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, а таксама яе пляменніцай Арыяднай Ладыгінай, аўтарам кнігі «Ларыса Пампееўна Александроўская. Дакументальна-тэатральны раман».

Ордэны і медалі

Ларыса АЛЕКСАНДРОЎСКАЯ.
фота: mirtesen.ru
Мабыць, самымі каштоўнымі экспанатамі ў мемарыяльным пакоі Александроўскай у МГТМК можна лічыць яе ўзнагароды, першую з якіх яна атрымала яшчэ зусім маладой. У дваццаць з невялікім яе голас ліўся з усіх радыёпрыёмнікаў, на яе ішлі ў оперны тэатр, які тады толькі нядаўна адкрыўся. У 1939-м увечары пасля аднаго са спектакляў ёй паведамляюць, што яна ўключана ў склад урадавай дэлегацыі, якая будзе вітаць у Крамлі з’езд партыі. У сваім дзённіку яна ўспамінае: «Паездка тэрміновая. Ужо заўтра ў ЦК адзін важны чалавек інфармуе: «Даручыць Янку Купалу зачытаць прывітанне, павіншаваць з’езд. Тэкст даклада гатовы, надрукаваны. Купала: «А нізашто! Я пераблытаю ўсё. Хай лепш наша Ларысачка». Як не прасілі яго — нізашто. У выніку  тэкст аддалі мне, і мы раз’ехаліся па нумарах. 13 старонак прачытала некалькі разоў, выспалася. Я спакойная — да выступленняў на публіцы прывыкла. Падымаюся па прыступках на трыбуну. Кінула погляд на прэзідыум. Не паспела пачаць чытаць, як у цішыні пачуўся голас Сталіна: «Мне думаецца, што ад беларускага народа варта вітаць па-беларуску!». Следам рэпліка Варашылава: «Вядома, вядома. Трэба дакладваць па-беларуску!» У зале наступіла мёртвая цішыня. А ў мяне 12 старонак тэксту на рускай мове. У мяне закалацілася сэрца. Думка: Сталін робіць заўвагу, нашай рэспубліцы будзе дрэнна! Праляцела ўсяго пару секунд, а ў галаве поўны пераварот. Хутка вырашыла: калі дзе і памылюся, то беларус мне даруе, а рускі не зразумее. Павярнулася тварам да залы і... працягнула па-беларуску. Калі даклад быў скончаны, у зале стаялі авацыі, крыкі «Ура!».

Годам пазней Александроўскай выпала місія яшчэ больш складаная. У чэрвені 1940-га ў Маскву на дэкаду беларускага мастацтва прыехаў цэлы вагон нашых культурных дзеячаў. Задача — здзівіць маскоўскую публіку. І Александроўскай гэта ўдалося. Яна саліравала ў оперы Цікоцкага «Міхась Падгорны», на сцэну апладысментамі яе выклікалі шмат разоў. Урадавыя ўзнагароды тады атрымалі многія. Александроўскай жа было прысвоена званне народнай артысткі СССР — першай сярод дзеячаў беларускага музычнага мастацтва.

Люстэрка

У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры на бачным месцы — шыкоўнае люстэрка, падоранае Александроўскай Яўгенам Цікоцкім. Дакладна невядома, калі гэта здарылася, але ёсць меркаванне, што такі шырокі жэст кампазітар зрабіў ужо ў пасляваенны час. Бо «Міхась Падгорны» — гэта быў толькі пачатак іх творчага супрацоўніцтва. Пазней была «Алеся» ў галоўнай ролі з Александроўскай. Яшчэ праз некалькі гадоў з новым варыянтам оперы, пераназванай у «Дзяўчыну з Палесся», дзе была значна ўзмоцнена драматургія, яна працавала ўжо як пастаноўшчык. Дарэчы, у 1951-м, ужо маючы мноства званняў і рэгалій як выканаўца, Александроўская завочна паступіла ў ДІТІС на рэжысуру. Яна не збіралася «выязджаць» на сваіх былых заслугах  — хацела быць прафесіяналам і ў новай для сябе справе.

У мемарыяльным пакоi АЛЕКСАНДРОЎСКАЙ шмат каштоўных экспанатаў.

Каханне 

«Цяпер, сустрэўшы чалавека, пакахаўшы яго, я зразумела гэта пачуццё, — напісана ў дзённіку Александроўскай у лютым 1946 года. — Мне радасна, я магу аддаць усе выгоды свайго жыцця за шчасце быць разам. Але любіць яго, быць з ім, думаць аб ім, жыць з ім я не павінна. Нельга! Чаму, калі такое пачуццё прыйшло да мяне, чаму я павінна яго схаваць? Ведаю, і ён любіць — моцна-моцна! Веру яму, а любіць не смею, не маю права. Так вырашылі мы. Супраць сябе...»

Арыядна Барысаўна расказвае: «Гэта было галоўнае каханне яе жыцця. Шмат што было перажыта імі за гэтыя гады: пакутлівыя спробы спыніць зносіны, парваць адзін з адным. Іронія лёсу заключалася ў тым, што цалкам спыніць сустрэчы яны не маглі, бо былі звязаны на глебе мастацтва ў тым ліку і дзелавымі, службовымі адносінамі. Былі і ўзаемныя крыўды, абвінавачванні, папрокі. Боль, няўцешны смутак, адзінота — гэта з яе боку. Трэба меркаваць, што і яму было нялёгка — кахаць такую жанчыну! Але трымаліся годна, захаваўшы, відаць, глыбокую ўзаемную павагу і тады, калі лёс развёў іх канчаткова. Ён быў пераведзены ў Маскву, займаўся адказнай дыпламатычнай дзейнасцю».

Што ж было перашкодай для гэтага кахання? Высокі чын гэтага чалавека. І сям’я. Яна была і ў каханага Александроўскай, і ў яе самой. Хай і фармальна, але яна была жонкай Мікалая Очкіна. За свайго даўняга прыхільніка выйшла замуж яшчэ ў 1930-я. Але гады вайны прывялі да астуджвання адносін. Сустрэча пасля працяглай разлукі не прынесла блізкасці. Інтарэсы абаіх, пастаянныя раз’езды (палкоўнік інтэнданцкай службы НКУС часта знаходзіўся ў працяглых камандзіроўках), круг зносін — усё было розным. Ды і яго прыхільнасць да спіртнога... Пазней Александроўская даведаецца і пра існаванне яго ВПЖ, так званай «ваенна-палявой жонкі». Але афіцыйна яны развяліся толькі ў 1959-м, хоць да таго моманту не жылі ўжо больш за пятнаццаць гадоў.

Напрыканцы жыцця артыстка неяк абмовілася: «Хачу, каб мяне лічылі жонкай аднаго Нікі...». Ніка — Нікандр Міхайлаў, чырвоны камісар, які чатыры гады ўгаворваў маці юнай Ларысы аддаць яе яму ў жонкі. У 1929-м у іх нарадзіўся сын Ігар, але сумеснае жыццё нядоўга было шчаслівым. Яны разышліся, калі сыну было два гады. Прычына — яго ад’езд на працу ў Оршу і шматлікія здрады. Вось так незнаёмыя жанчыны беспардонна ўрываліся ў яе асабістае жыццё. Сама ж яна так і не адважылася разбурыць чужую сям’ю.

Некалi гэты раяль стаяў дома ў АЛЕКСАНДРОЎСКАЙ, а цяпер захоўваецца ў музеi.

Раяль

Александроўская была вельмі дзейным і актыўным чалавекам. Яна ўвесь час змагалася за справядлівасць, дапамагала не толькі калегам, але і незнаёмым людзям. Невыпадкова яна шмат разоў абіралася дэпутатам. Але гэта далёка не ўсім падабалася ў тэатры. Былі зайздрасць, жаданне адпомсціць за ўласныя творчыя няўдачы. Гнюсныя ананімкі паступалі не толькі ў партыйныя інстанцыі, але апускаліся прама ў паштовую скрынку артысткі. Абразы, пагрозы па дамашнім тэлефоне нярэдка раздаваліся нават па начах. З гэтым актрыса была знаёмая з даўніх часоў, калі былі не толькі зайздрасць і даносы, але і бітае шкло на сцэне ў тым месцы, дзе павінна была як нежывая ўпасці Кармэн. Урачам потым давялося нямала папрацаваць, вымаючы асколкі з аголенага цела.

У 1960-м Александроўская сышла з тэатра, дакладней, яе «сышлі на пенсію». Тым не менш пасля гэтага яна яшчэ 16 гадоў прапрацавала на пасадзе старшыні Беларускага тэатральнага грамадства, самааддана адстойваючы інтарэсы дзеячаў тэатральнага мастацтва. Толькі гэта і давала ёй сілы, бо апошнія дзесяцігоддзі яе жыццё складвалася далёка не лепшым чынам. Па сутнасці, яна засталася на другіх ролях, хоць прывыкла быць прымай. Было шмат праблем і страт у яе вялікай сям’і. Памерла першая жонка сына, не ўсё добра было і ў яго другім шлюбе, да таго ж ён усё часцей стаў прыкладвацца да бутэлькі. Сыходзілі з жыцця і іншыя блізкія людзі.

Нават у шаноўным узросце яна заставалася кіраўніком сваёй вялікай сям’і. На Захарава, 27, куды ў 1955-м з вуліцы Берсана пераехала Александроўская, прайшла немалая частка яе жыцця. Пасля вайны гэты элітны саўмінаўскі дом быў пабудаваны якраз на тым самым месцы, дзе калісьці на рагу Правіянцкай і 3-га Шпітальнага завулка стаяла «хатка ў тры акенцы» яе дзядулі Дашчынскага. У гэтым выпадковым супадзенні ёй бачыўся пэўны знак. «Тут я нарадзілася, тут мне наканавана і памерці», — неаднаразова казала яна.

Па тых часах гэта была шыкоўная кватэра з пяці пакояў. У гасцінай стаяў раяль Ronisch, які дазваляў ладзіць хатнія канцэрты. Сёння гэты рарытэтны інструмент захоўваецца ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Тады ж, акрамя сваякоў, на вечары да яе ў дом абавязкова прыходзілі акцёры тэатра Янкі Купалы, у іх ліку і Стэфанія Станюта. Александроўскую любілі і паважалі ўсе, хто ўмеў адрозніваць талент і сумленнасць ад фальшыўкі. Але ў вышэйшых эшалонах яе быццам бы не заўважалі. А ў год 70-годдзя Ларысы Пампееўны раптам успомнілі, што больш яркай зоркі на музычна-тэатральным небасхіле няма. Пуцёўка ў адзін з лепшых саюзных санаторыяў, новая шыкоўная сукенка, узнагароджанне чарговым ордэнам і гучныя авацыі ў оперным тэатры — юбілей быў для артысткі як бальзам на душу (канцэртныя ўборы артысткі, дарэчы, таксама ёсць у МГТМК). 75-годдзе народная артыстка СССР адзначала ўжо ў больш сціплым сямейным крузе. Усё часцей яе падводзіла здароўе. Але яе не забывалі прыхільнікі і сябры. 23 мая 1980 года да яе дадому зазірнула намеснік старшыні Савета Міністраў Ніна Лявонцьеўна Сняжкова. Арыядна Ладыгіна ўспамінае: «Актрыса, узрадаваная нечаканым прыходам такой госці, была вельмі ўсхваляваная. Гаварыла, гаварыла без канца. Гэта быў ашалелы маналог маці пра сына, які гінуў ад алкаголю. На самай справе гінула яна — змучаная пакутамі. Сняжкова ўгаворвала яе легчы ў бальніцу, выклікала да яе ўрачоў. Яны прыехалі. Александроўская ўстала, каб адчыніць ім дзверы, і ўпала на дыван прама пасярод пакоя. Яе сэрца, параненае людзьмі і часам, спынілася. Урачы не змаглі дапамагчы».

stepuro@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter