Як выглядаюць вуліцы з назвамі нашых гарадоў у Санкт-Пецярбургу

Уздоўж па Гродзенскай

У Санкт-Пецярбургу кругом славутасці. Ісаакіеўскі і Казанскі саборы бачыла, Спас на Крыві — таксама, палацавую плошчу і Эрмітаж захавала ў гігабайтах фота. У памяці адбіліся Медны вершнік, крэйсер «Аўрора», знакамітыя масткі праз Фантанку... Гэта традыцыйны маршрут турыста. Карэспандэнт «Р» зрабіла разнастайнай экскурсію па Піцеры і пабывала на вуліцы Беларускай і ў завулку Гродзенскім.

У Расіі шмат вуліц з «беларускімі» назвамі. Калі звярнуць з прывычнага турыстычнага маршруту ў Санкт-Пецярбургу, можна пабываць на дзвюх з іх.
Пачала з таго, што знаходзіцца ў цэнтры. Навігатар уключыла на Неўскім праспекце: ад плошчы Паўстання да завулка з беларускай назвай усяго 1,3 км, а гэта 10 хвілін пешшу. Нішто па піцерскіх мерках. Не паспяваю замерзнуць на ледзяным ветры, як бачу мэту — Гродзенскі завулак. Ён праходзіць ад вуліцы Радзішчава паралельна вуліцы Рылеева.

Зварочваю туды. Перада мной паўстаюць старыя шматпавярховыя дамы, аркі, а ўнутры — знакамітыя двары-калодзежы. У параўнанні з шумным праспектам, які ідзе перпендыкулярна, у завулку спакойна: тут ні гулу машын, ні натоўпаў людзей. Азіраюся: уздоўж праезнай часткі стаяць рознакаляровыя дамы — ружовыя, зялёныя, блакітныя. «Ныраю» ў арку, другую, трэцюю — там фасады будынкаў пафарбаваныя ў жоўты колер.

— Вы на поўначы, тут сонца мала. Каб не ўпасці ў дэпрэсію, сцены ў цёмных дварах фарбуюць у жоўты колер. Заўважалі, так усюды ў цэнтры горада, — мясцовая жыхарка запрыкмеціла цікаўнага турыста і стала тлумачыць архітэктурную «палітыку» Пецярбурга.

Валянціна, так яна прадставілася, прызналася: пра беларускі горад Гродна ведае, бо даўно захапляецца гісторыяй. Цытуе разумныя кнігі:

— Завулак названы Гродзенскім у другой палове XIX стагоддзя па губернскiм горадзе Гродна. У той час горад пастаўляў прадукты харчавання для воінскіх часцей, якія знаходзіліся ў ліцейнай частцы Пецярбурга.

Дзякую і рухаюся далей. На першым паверсе жылых дамоў, як і ў Мінску, стаматалагічныя кабінеты і магазіны. З адваротнага боку дома — уваход у пад’езды. Дзверы якраз адчыняе хлопчык гадоў 13. Відаць, кудысьці спяшаецца, але дзве хвіліны мне прысвяціць гатовы.

— Гісторыю дрэнна ведаю, я толькі вучуся, — апраўдваецца. — Але бацькі казалі, што завулак названы ў гонар горада, які знаходзіцца ў краіне-суседцы. Можа, калі-небудзь там пабываю. Кажуць, прыгожае месца. А асобныя вуліцы там маюць падабенства з піцерскімі.

Вяртаюся на адпраўны пункт — плошчу Паўстання. Зноў адкрываю карту: надышоў час рухацца ў бок вуліцы Беларускай. Пару клікаў у смартфоне, і шок: навігатар кажа, што пешшу туды ісці мінімум дзве гадзіны. На грамадскім транспарце, калі без пробак, — амаль гадзіна. Паехалі!

Беларуская вуліца праходзіць ад праспекта Касыгіна да Хасанскай вуліцы. Ад пачатку і да канца можна прайсці пешшу за 15 хвілін. Але я не спяшаюся — іду і ўсё вакол разглядаю.

— Вы тут жывяце? — прыстаю да прахожых.

— А што? — адказваюць з асцярогай.

Тлумачу: прыехала з Мінска на Беларускую вуліцу паглядзець. 

Аказалася, прыехала нездарма: мясцовыя жыхары, якіх сустрэла, у нашай краіне яшчэ не былі. Праводжу рэкламную акцыю і клічу іх у госці. Тыя абяцаюць прыехаць — як мінімум на Еўрагульні ў 2019 годзе.

Сустракаю мужчыну, той выгульвае сабаку. Дакладна мясцовы, падумала і пайшла насустрач. Суразмоўнiк гаварлівы, пагадзіўся пагуляць у асацыяцыі.

— Боршч і сала, — агучвае тое, што прыходзіць на розум.

— Дык гэта ж Украіна! Іх фірменныя стравы, — папраўляю.

— Тады бульба! Бываў, каштаваў, вы з яе 500 страў можаце прыгатаваць! — тут жа выпраўляецца. Ну што ж, залічана. Напрыканцы расказваю мужчыну яшчэ некалькі беларускіх кулінарных фішак: той абяцае прыехаць і ўсё пакаштаваць.

Іду ўздоўж высокіх панэльных і цагляных дамоў — на шляху толькі жылыя будынкі. Прахожых няшмат — холадна. Толькі ў канцы вуліцы сустракаю дзяўчыну. Прадстаўляецца Вольгай і з радасцю пачынае гутарку:

— Я ўсё беларускае люблю! Тэкстыль, бялізну, касметыку, абутак. Добра, вашых фірменных магазінаў у нас хапае. Стараюся і прадукты беларускія выбіраць — ёсць нават спецыялізаваныя магазiны, якія гандлююць выключна вашымі вырабамі. І наогул я часта ў Мінску бываю — у мяне там сваякі жывуць. 

Чаму вуліца названа Белару-скай, дзяўчына не ведае. Разам гуглім у інтэрнэце. Адзін аўтарытэтны тапанімічны сайт цытуе выданне «Пецярбург у назвах вуліц»: «6 снежня 1940 года некалькі вуліц Ленінграда атрымалі назвы па саюзных рэспубліках — Грузінская, Эстонская. Сярод іх была і Беларуская вуліца...» Далей сказана, што ў канцы 1970-х гадоў пры рэканструкцыі Парахавых (гэта муніцыпальная акруга) Беларуская вуліца знікла. Каб захаваць назву, 6 снежня 1976 года яе прысвоілі іншай вуліцы ў гэтым жа раёне.

Яшчэ хвілін дзесяць шпацырую па Беларускай вуліцы. У Піцеры холадна, ідзе мокры снег. Пара экскурсію заканчваць — у гасцях добра, а дома цяплей.

ypopko@bk.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter