Уздоўж Бярозаўкі-ракі аграгарадок з назвай Радзюкі

Маёнтак, вёска, аграгарадок — усё гэта пра Радзюкі, што ўтульна ўладкаваліся на беразе прыгожай рачулкі Бярозаўка. Тут можна ўбачыць усё: і даўніну, і сучаснасць. Улічваючы гэта, работнікі сельскага Дома культуры прыклалі максімум намаганняў, каб свята аграгарадка не толькі ўдалося, але і надоўга запомнілася як мясцоваму люду, так і шматлікім гасцям.

Шматлікія кветнікі, дагледжаныя сядзібы, новыя забудовы – прыгажэе на шаркаўшчынскай зямлі вёска, якая родам аж з ХVII стагоддзя...

Маёнтак, вёска, аграгарадок — усё гэта пра Радзюкі, што ўтульна ўладкаваліся на беразе прыгожай рачулкі Бярозаўка. Тут можна ўбачыць усё: і даўніну, і сучаснасць. Улічваючы гэта, работнікі сельскага Дома культуры прыклалі максімум намаганняў, каб свята аграгарадка не толькі ўдалося, але і надоўга запомнілася як мясцоваму люду, так і шматлікім гасцям.

Мастацкі кіраўнік Алена Маісеева распрацавала сцэнарый, які з’яўляецца яе дыпломнай работай, бо яна студэнтка вышэйшай навучальнай установы. Землякі паставілі ёй вышэйшую адзнаку!

Хто быў у той дзень у Радзюках — успамінайце, а хто не прысутнічаў, прабачце, па-добраму зайздросце. Верце, свята атрымалася!

...У Радзюках гасцінныя культработнікі (дырэктар Таццяна Лаздоўская, мастацкі кіраўнік Алена Маісеева). Сакрэтамі свайго майстэрства дзеляцца са сваімі суседзямі, запрашаюць іх на ўрачыстасці. Таму і распачалі свята для разагрэву гледачоў зусім нетрадыцыйна. Далі слова артыстам з Лужкоў. Тыя, у сваю чаргу, не паленаваліся праверыць радзюкоўцаў на гаспадарлівасць. А паспрабуйце заарканіць каня, падкаваць яго, бярэмя сена з сенажаці ў мяху прынесці… Не ўсё так проста. Хаця і не з першай спробы, але радзюкоўцы даказалі вартасць сапраўдных гаспадароў сваёй зямлі.

На шляху да асноўнай сцэны нельга было не спыніцца ля прысмакаў, прыгатаваных умелымі рукамі членаў нацыянальнага гурту “Груца”. Тут жа апякаючыя вусны бліны, якія адзін за адным так і саслізгвалі з патэльні, нагрэтай на... распаленай калодзе. Дзе ты яшчэ такое ўбачыш?

А вось і эпіцэнтр дзеі. 65 — гэта лічба ў чарговы раз сімвалізуе знакавую дату. Менавіта столькі гадоў мінула з таго часу, калі наша квітнеючая Беларусь адсвяткавала чарговую гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На жаль, не так шмат засталося ветэранаў. Сярод прысутных былі і тыя, чыё дзяцінства апалена вайной. Па стану здароўя не змог прысутнічаць на ўрачыстасці Дзмітрый Рыгоравіч Бар’яш. А вось вязень канцлагера Надзея Аляксандраўна Лазовік — у першых радах. З вялікай удзячнасцю яна ўспрыняла віншаванне старшыні Радзюкоўскага сельскага Савета дэпутатаў Мікалая Грабянька. І вельмі да месца ў выкананні Кацярыны Колесавай прагучаў верш “Ветэран”, які напісала мясцовая паэтка Ларыса Шпак...

Адкуль жа ўзяліся Радзюкі? Хто заснавальнікі? Аказваецца, іх гісторыя распачалася ў ХVІІ стагоддзі. Некалі Радзюкі належалі графу Берастоўскаму. А потым, у 1825 годзе, Антон Бароўскі выкупіў маёнткі і ўдыхнуў у іх новае жыццё. Сёння ж аб тым мінулым напамінаюць старыя ліпы, вадзяны млын і 120-гадовы дуб, які пасаджаны ў гонар нараджэння Вацлава Бароўскага, будучага прафесара Віленскага ўніверсітэта. Род Бароўскіх пакінуў адметны след у гісторыі вёскі. І таму шчырымі і гучнымі апладысментамі сустрэлі радзюкоўцы прадаўжальнікаў роду Бароўскіх — пляменніка Богдана, яго жонку Маргарыту і дачку Агнешку, якія прыехалі на святкаванні з Польшчы. Замежныя госці пабывалі ля векавога дуба, прыхінуліся да яго. Здымак на памяць, невялічкі кавалачак кары, які яны беражліва павязуць у суседнюю краіну. Яшчэ адна знаходка мясцовага рэжысёра — пасадка маладога дуба. Гэтую справу даручылі сям’і палякаў і старэйшыні аграгарадка Васілю Георгіевічу Чорнаму.

А якое ж свята без ушанавання перадавікоў вытворчасці, ганаровых грамадзян, тых, хто, абапіраючыся на слаўныя традыцыі, стварае новае, прыгожае, сучаснае? Славяцца сваімі дасягненнямі мясцовыя механізатары і многія іншыя працаўнікі. Яны не толькі гонар і слава раёна, але і рэспублікі...

Калісьці, 25 гадоў таму, у Радзюках з’явілася вуліца Маладзёжная. Кіраваў гаспадаркай Аляксандр Баговіч. Амаль два дзесяцігоддзі ён нёс на сваіх плячах нялёгкую ношу дырэктара саўгаса імя Маркава. Людзі памятаюць пра заслугі гэтага чалавека, сціплага і дзелавога, граматнага і чуллівага да запытаў вяскоўцаў. Прапанова аб змене назвы вуліцы Маладзёжнай была ўспрынята жыхарамі вёскі з ухвалай. Цяпер яна — імя Баговіча, тут жывуць працавітыя, старанныя людзі.

Радзюкі прыгажэюць з кожным годам. Шматлікія кветнікі, дагледжаныя сядзібы, новыя забудовы. Сёлета рашэннем выканкама сельсавета шыльды з назвай “Дом узорнага парадку” ўручаны сем’ям Івана і Клеапатры Дулінцоў, Міхаіла і Валянціны Фамянкоў, а за арыгінальныя малыя архітэктуарныя формы — сям’і Івана і Тэрэзы Странчэўскіх.

На радзюкоўскай зямлі шмат творчых і таленавітых людзей. Заслужанай павагай ужо не адзін год карыстаецца фальклорны калектыў мясцовага СДК, добра ведаюць у вобласці і рэспубліцы народны клуб нацыянальнай кухні “Груца”. Дзякуючы яму адраджаюцца мясцовыя традыцыі і звычкі. Услаўляе вёску ў сваіх вершаваных творах Людміла Ардынская.

Падрастае на добрай глебе і таленавітая моладзь. З задавальненнем у час святкавання можна было пазнаёміцца з выставай дзіцячага малюнка “Мая вёска”. Яе пераможцамі прызнаны Арцём Лазарэц, Вікторыя Ласоўская і Насця Райчонак.

Практычна кожны жадаючы меў магчымасць прыняць самы актыўны ўдзел у святкаваннях. Хочаш — спявай разам з самадзейнымі і сталічнымі артыстамі, хочаш — танцуй, а хочаш палюбавацца ў чарговы раз краявідамі роднай вёскі — адпраўляйся ў падарожжа на павозцы, у якую запрэжана кабылка Аліса. А галоўны тут — фурман Мікола.

“Мы — радзюкоўцы”, — разносілася над векавымі шатамі ліп і дубоў, над старым маёнткам і млынам. А ў небе — беласнежныя галубы і рознакаляровыя шары. Сімвалы шчасця, міру, дабрыні і спадзяванняў...

Эдуард КОРСАК

Шаркаўшчынскі раён

Фота аўтара

НА ЗДЫМКАХ: сям’я БАРОЎСКІХ з Польшчы і Васіль  ЧОРНЫ падчас пасадкі маладога дуба; на вуліцы Аляксандра Баговіча; Іван і Клеапатра ДУЛІНЦЫ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter