Чаму кампазітар Іван Раманчук выбраў «сваю купіну на любанскіх балотах» і вяртаецца сюды працаваць

Увесь да кроплі сілы, бацькам і зямлі верны будзь

«І ШТО табе людская слава – ты вечнасць песняю скарыў». Гэтыя словы як найлепш падыходзяць да яго творчасці. Больш дзясятка музычных твораў прысвяціў Любаншчыне самадзейны кампазітар Іван РАМАНЧУК — “Ямінская любая”, вальс “Сарачоўская школа” і яшчэ дзве пра гэту вёску, “Арэса” і іншыя. Кампазітар і музыкант, віртуозны гарманіст творча, па-мастацку выкарыстоўвае народную творчасць, фальклор роднага краю.


Нават калі б ён напісаў толькі адну “Сустрэчу з домам” з простымі і шчымлівымі словамі Ніны Гарагляд: “Стану на грэблю, гляну на хату, сэрцам адчую, што вiнавата”, то ўжо патрапіў у вечнасць, бо песня даўно пайшла ў народ. Многія яго творы выконваюць прафесійныя артысты. Нядаўна самадзейнаму музыканту і кампазітару, мастацкаму кіраўніку ансамбля “Менскі гармонік”, аўтару зборніка вершаў на беларускай і рускай мовах споўнілася 75 гадоў. У Любані будуць адзначаць юбілей таленавітага земляка.

— Іван Мікалаевіч, чула пра вашу насычаную і цікавую біяграфію. Як атрымалася, што нарадзіўшыся на Любаншчыне, патрапілі аж у Сталінград?

— Нарадзіўся ў ваеннае ліхалецце. Пасля вайны бацька паехаў на ўзнаўленне Сталінграда і паклікаў нас з маці. Але да пяці гадоў я жыў на вёсцы, чуў родную мову, слухаў мясцовыя спевы. Дзед мой з Барысікавага хутара, і доўгі час у Ямінску заставаліся тры гаспадары — Мітруша, Амерыканец і наш дзед, якія не пайшлі ў калгас. Мужык па мянушцы Амерыканец хадзіў па вёсцы і курэй страляў, хто быў незадаволены, таму кідаў долары. Такі быў некалі час. З зямлянкі мы прыехалі ў барак. Пайшоў у рускую школу, і там мяне звалі Бульбашом. Пасля паступіў у рамеснае вучылішча на слесара па рамонце прамысловага абсталявання пры заводзе нафтавага машынабудавання імя Пятрова. Вучэльня была моцная, нас муштравалі як след. Мяне як найбольш здольнага вучня пазвалі на машынабудаўнічы завод “Барыкады”, дзе выраблялі артылерыйскае і ракетнае ўзбраенне. Трэба было дакладна прасвідраваць некаторыя дэталі. Мая работа спадабалася, і ваенныя прадстаўнікі ўзялі слесарам 7-га разраду ў 35-ы ваенны цэх сакрэтнага абсталявання. Потым служыў у Пілау, цяперашнім Балтыйску, у брыгадзе ракетных караблёў. Адказваў за ўзбраенне і толькі перад камбрыгам. Ніхто не мог увайсці ў мой пункт, нават старпом. Спецыяльна застаўся на звыштэрміновую службу, каб без конкурсу паступіць у ВНУ.

Перада мной адкрываліся дзверы розных навучальных устаноў, а я надумаў вучыцца на дэфектолага. Аднак калі прыехаў у Мінск, льготу дэмабілізаваным адмянілі. Давялося паступаць нароўні з астатнімі, а там конкурс каля 20 чалавек на месца. Добра падрыхтаваўся, да таго ж меў першы разрад па валейболе. Сябры дапамаглі з жыллём. Паступіў самастойна, і ў педінстытуце звалі мяне ўжо Русаком.

— Чаму так кардынальна памянялі спецыялізацыю?

— Цягнула на Радзіму. З нуля вучыў беларускую мову. Памятаю, выкладчыца Кавалёва, жонка Міхаіла Кавалёва, старшыні Савета Міністраў БССР, ставіла мяне ў прыклад: ”Раманчук прыехаў са Сталінграда і заткнуў усіх за пояс”. Хвалілі і па рускай мове. Пакуль усе пісалі дыктоўкі, я з яшчэ адным студэнтам гуляў па горадзе. Вялікае жаданне было асвоіць мову, як і цяпер засталося імкненне штосьці зрабіць. Вось еду ў Любань і вельмі хачу працаваць. Гімн раёна трэба закончыць.

— Ну а з гармонікам як сустрэліся?

— Самадзейнасцю займаўся яшчэ ў Сталінградзе. Першы інструмент, якім авалодаў, — домра. Потым паступова вучыўся іграць на іншых — акардэон, баян, магу паказаць, як на цымбалах іграць, як стукаць на ўдарных. Добрую закваску атрымаў ад ямінскіх мужыкоў — быў такі Семка, іншыя музыкі моцныя. Я ж кожнае лета адпачываў у Беларусі ў бабулі. У шостым класе яна нават мяне ў сябе пакінула. У мясцовай школе год вучыўся. У вёсцы атрымліваў адны пяцёркі, а вярнуўся ў Сталінград – адны двойкі. Але гармонік ямінскія музыкі мне ў рукі не давалі, каб не сапсаваў: не так лёгка было тады дастаць такую рэч. Слухаў іх усю ноч, да раніцы. Іншы раз мяне пытаюць, якую кансерваторыю скончыў. Народную, кажу. Неяк прапанавалі стаць дыпламаваным музыкантам, і вось у вучэльні сустрэў нас з выкладчыкам заслужаны артыст і выдатны баяніст Мікалай Сеўрукоў: “Навошта яму той дыплом? Тут збрыдзяць яго. Не трэба яму нічога”.

Пачынаўся мой працоўны шлях зусім не творча. 20 гадоў працаваў дэфектолагам, адразу пасля педінстытута — дырэктарам Смілавіцкай школы-інтэрната. Адначасова прымаў удзел у мастацкай самадзейнасці і толькі пасля зразумеў, што песні, музыка — гэта і ёсць сапраўднае маё жыццё.

— Родныя напевы не давалі спакою?

— Так, у 1992 годзе заснаваў ансамбль народнай музыкі і песні «Менскі гармонік». Пачынаў з Юзікам Несцяровічам, Аляксандрам Рашчынскім па палацах культуры. Аднойчы ў электрычцы сустрэў Стэлу Станіславаўну Іванову, дырэктара Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Убачыўшы гармонік, яна папрасіла: “А ну сыграй!” Я і ўрэзаў, ды так, што збегліся ўсе пасажыры з вагона. Запрасіла ў цэнтр, дзе нам далі чатыры стаўкі, касцюмы. Адным словам, усё па поўнай схеме. Моцная каманда ўжо існавала. Затым калектыў працаваў пры Доме афіцэраў, Палацы прафсаюзаў. Цяпер мы пры Доме ветэранаў. Вытрымліваем конкурс — можам працаваць у любым месцы, на любой пляцоўцы. Гастралявалі па Латвіі і Літве, Польшчы і Германіі, Украіне… Аднак ва ўсе часы маёй працы ў сталіцы я ніколі не пакідаў зносін са сваёй малой радзімай.

— Іван Мікалаевіч, большасць вашых песень пра Беларусь, родны край. Што для вас значыць любіць Радзіму?

— Я даўно ведаю: гэта наш першаасноўны, святы абавязак — любіць родную зямлю і верна служыць ёй. Як у вершы Петруся Броўкі: “Увесь, як ёсць, да кроплі сілы, бацькам, цябе што нарадзілі, у дзень пагодны і ў навалу, зямлі, цябе што ўзгадавала, будзь верны”. У 1995 годзе склаў музыку на гэты верш, так мяне кранулі патрыятычныя радкі. Песню «Будзь верны!» спявалі Алег Басаў, Ала Гоман, іншыя ўдзельнікі гуртоў «Менскі гармонік», «Любанскі гармонік».

— Сваёй малой радзіме вы дапамагаеце ў творчым напрамку. Стварылі гурт “Любанскі гармонік”. Як атрымалася такое цеснае супрацоўніцтва?

— У 82 гады маёй маці зрабілі складаную аперацыю, і яна сказала: “Ратуй мяне — вязі на радзіму”. У 2005-м усё кінуў, каб даглядаць яе там. Купіў кватэру, у якой некалі жыў Кузьма Шаплыка, зрабіў рамонт. Пяць гадоў правёў на Любаншчыне. Тады і стварыў ансамбль. Як пахаваў маму, вярнуўся ў Мінск. Сёння ў рэпертуары “Любанскага гармоніка” 78 песень — ад фальклорных да эстрадных, аднак, вядома, іх колькасць будзе павялічвацца. Сабраў калектыў, у якім усе розныя. Дырэктар школы, дырэктар парка, дзве медсястры, дзве пенсіянеркі.

Аднак, ведаеце, калі няма “сёння”, можаш бясконца расказваць пра былое, цешыць сябе ўспамінамі, ды нічога не дапаможа. Усюду любяць адно і тое. Людзі любяць, каб ты не языком балбатаў, а рабіў справу. Толькі так зможаш сябе паставіць. Трэба працаваць, каб маладым было цяжка за табой па пятах хадзіць.

— У вас ёсць “сёння” і “заўтра”?

— Так. Як я казаў, ёсць намер застацца на Любаншчыне. Хачу ў Сарачоўскай школе праводзіць рэпетыцыі з “Любанскім гармонікам”. У школе зроблена зала з цудоўнай акустыкай, дзякуй Кузьму Іванавічу Шаплыку. Хачу зацікавіць дзяцей народнай музыкай. Хачу стварыць Любанскі клас гарманістаў — браць музыкаў розных узростаў, але ў залежнасці ад таленту, не грэбаваць ні малымі, ні старымі і давесці іх тэхніку да дасканаласці. Бо басы ніхто не бярэ, усе іграюць лепш на правай клавіятуры, а левая — церпіць. У гармоніку ж асноўнае басы. Нават не ведаюць, колькі існуе танальнасцяў. Запрашу сваіх з “Менскага гармоніка”, каб навучылі — у мяне ж палова з кансерваторыяй. Так што выберу сваю купіну на любанскіх балотах, і, думаю, мне будзе добра. Там шмат кіслароду.

klimovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter