Уважліва слухаць мірнае неба

13 красавіка адзначаюць Дзень войск супрацьпаветранай абароны

Для ваеннаслужачых войск супрацьпаветранай абароны нясенне баявога дзяжурства — адказная справа, якую яны з гонарам выконваюць. У нашай краіне Дзень войск супрацьпаветранай абароны ўстаноўлены ўказам Прэзідэнта і адзначаецца 13 красавіка. Асабісты састаў войск штохвілінна кантралюе палёты паветраных апаратаў у небе краіны. А іх толькі за суткі можа пралятаць над нашай тэрыторыяй больш за 1300.

Якаснаму вырашэнню задач баявога дзяжурства садзейнічае і ўдзел у камандна-штабных трэніроўках з органамі кіравання і дзяжурнымі па супрацьпаветранай абароне сіламі краін — удзельніц СНД, якія рэгулярна праводзяцца з 1995 года. Практыку баявых пускаў ракет атрымалі звыш чатырох тысяч ваеннаслужачых, у тым ліку больш чым сто курсантаў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Ва ўмовах сучаснай ваенна-палітычнай сітуацыі і ў мэтах забеспячэння рэгіянальнай бяспекі Беларусь і Расійская Федэрацыя праводзяць сумесную абарончую палітыку. Адзі-ная рэгіянальная сістэма супрацьпаветранай абароны з’яўляецца адэкватнай мерай, якая дазваляе практычна збалансаваць магчымыя пагрозы для нашай краіны і Саюзнай дзяржавы ў ваеннай сферы, а ў далейшым яна можа паслужыць асновай перспектыўнай глабальнай сістэмы паветрана-касмічнай абароны АДКБ.

Важнейшы напрамак развіцця ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны — далейшае ўдасканальванне ўзбраенняў і тэхнікі. Прыярытэт на бліжэйшую перспектыву — мадэрнізацыя асноўных узораў авіяцыйнай тэхнікі, зенітна-ракетных і радыётэхнічных войск.

Сёння на ўзбраенні нашай арміі стаяць сучасныя зенітна-ракетныя комплексы «Тор-М2», «С-300». Падпісаны кантракт на пастаўку самалётаў Як-130, што значна павялічыць магчымасці па падрыхтоўцы пілотаў. У гэтым годзе на дзяжурства заступіла двухкаардынатная РЛС «Усход-Д», якую стварылі беларускія канструктары. Радыёлакацыйная станцыя «Раса-РБ», прызначаная для выяўлення нізкалятаючых апаратаў, таксама распрацоўка айчыннага КБ «Радар». Яе тэхнічныя характарыстыкі дазваляюць распазнаваць пілатуемыя апараты і так званыя беспілотнікі-дроны на вышыні аднаго метра ад зямлі ў радыусе 50 кіламетраў.

Служба ў вайсках СПА ідзе круглыя суткі, штодзённа і штохвілінна прафесіяналы ўважліва праслухоўваюць неба. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter