Увайдзi ў прыроду сябрам!

Заўжды, заўжды, усюды, у кожны мiг, З жыццём усiм, з якiм навечна ў згодзе, Ад самых шчырых роздумаў сваiх Мне пакланiцца хочацца прыродзе. К.Кiрэенка

Заўжды традыцыйнай застаецца тэма адносiн чалавека з прыродай. Экалагiчнае выхаванне дапамагае не толькi дзецям, але i дарослым зберагчы багацце i прыгажосць навакольнага асяроддзя. Кнiгi i перыядычныя выданнi раскрываюць чытачу таямнiцы прыроды, даюць магчымасць па-новаму ўбачыць прыгажосць сваiх мясцiн, са спачуваннем адносiцца да братоў нашых меншых. Менавiта таму прыярытэтным кiрункам у сваёй дзейнасцi Адамоўская сельская бiблiятэка, што ў Валожынскiм раёне, абрала тэму экалогii.
Каб праца бiблiятэкi была мэтанакiраванай i змястоўнай, распрацавана праграма «Увайдзi ў прыроду сябрам!». Яна прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў, якiя садзейнiчаюць павышэнню ўзроўня экалагiчнага выхавання, а таксама гарманiчнаму развiццю юнай асобы.
Але ж, як паказвае практыка, дзецi часцяком губляюць цiкаўнасць да прыроды, яны лiчаць, што ўжо ўсё ведаюць пра яе, i нiчога захапляльнага тут няма. Вельмi добра, калi побач аказваецца дарослы, якi можа дапамагчы ўбачыць прыгажосць у звычайнай сцяжынцы, травiнцы, кветачцы, расказаць цiкавую гiсторыю пра жывёл i птушак. Дзецi, можа, i не адразу, але задумаюцца i самi па-iншаму будуць ставіцца да навакольнага асяроддзя.
З гэтай мэтай у бiблiятэцы праводзяцца ўрокi экалагiчнай этыкi «Дом, у якiм я жыву», «Сябра прыроды», экскурсii «Падарожжа ў дом Лесуна», вiктарыны «Экалогiя ад «А» да «Я», «Сябры нашы меншыя», экалагiчныя гульнi «Пазнайка», конкурсы малюнкаў «Прырода нашага краю», розныя выставы i iншыя мерапрыемствы.
Дзецi — вось той барометр, па якiм мы вызначаем узровень адукаванасцi i духоўнасцi грамадства. Iм расцi на гэтай зямлi, берагчы яе багаццi, захапляцца прыгажосцю роднай прыроды. Калi з дзяцiнства чалавек ведае, што нельга ламаць дрэвы, знiшчаць птушыныя гнёзды, выкiдваць смецце ў блiжэйшую канаву, то i ў дарослым узросце ён не будзе разбуральнiкам асяродку, у якiм жыве.
«Кожны мае права на здаровае навакольнае асяроддзе i кожны абавязаны яго берагчы» — гэтыя словы павiнны стаць дэвiзам уступаючага ў жыццё маладога пакалення i грамадства ў цэлым. Сёння ад кожнага з нас залежыць, якой быць планеце Зямля ў XXI стагоддзi, цi будзе ў чалавецтва шанс на жыццё ў блiжэйшы час i далёкай будучынi. Лёс прыроды i ўсяго чалавецтва залежыць ад кожнага з нас.
Адамоўская сельская бiблiятэка робiць усё магчымае, каб унесцi свой уклад у фармiраванне экалагiчнай культуры дзяцей i падлеткаў. Спадзяюся, што мерапрыемствы, якiя праводзяцца ў бiблiятэцы, дапамогуць запалiць у iх душах iскарку любовi, шчырасцi i спагады да ўсяго жывога на зямлi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter