Уваскрослы Хрыстус — надзея сучаснага свету

Пастырскае пасланне на Вялiкдзень 2011

Пастырскае пасланне на Вялiкдзень 2011


Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!


Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернiкi Мiнска–Магiлёўскай архiдыяцэзii!


1. Гэтымi словамi велiкоднага прывiтання ўсiх вас вiтаю i вiншую са святам святаў — Пасхай нашага Пана Езуса Хрыста. Слова «сапраўды» азначае факт уваскрасення i з’яўляецца той абсалютнай праўдай, на якой апосталы абапiралi сваю мiсiю.


2. Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца падмуркам нашай веры. Без фiзiчнага ўваскрасення Езуса няма збаўлення. Калi б Езус ляжаў у грабнiцы забальзамiраваны, як ляжаць некаторыя вядомыя дзеячы гiсторыi, а мiльёны наведвальнiкаў i прыхiльнiкаў аддавалi б Яму пашану, то хрысцiянства было б не больш, чым легенда. Нездарма св. апостал Павел кажа, што «калi Хрыстус не ўваскрос, то марнае i прапаведаванне нашае, i вера ваша марная» (1 Кар 15, 14).


Святое Пiсанне прадстаўляе ўваскрасенне Езуса як гiстарычны факт. Хрыста пасля ўваскрасення бачылi апосталы i iншыя людзi. Ён паводзiў сябе, як кожны жывы чалавек, размаўляў, заахвочваў дакрануцца да Яго, нават прасiў, каб далi Яму есцi. Усё гэта пераканала Ягоных вучняў, што сустрэча з Уваскрослым была не галюцынацыяй, а рэчаiснасцю. Таму хрысцiянства абапiраецца на факце ўваскрасення Хрыста, бо без гэтага яно было б безжыццёвым.


Аднойчы французскi фiлосаф Аўгуст Комтэ сказаў, што мае намер заснаваць новую рэлiгiю, якая заслонiць хрысцiянства, яна не будзе мець нiякiх таямнiц, будзе вельмi простай i будзе называцца пазiтывiзмам. Адносна гэтай iдэi шатландскi пiсьменнiк Томас Карлейль сказаў наступнае: каб гэта сталася, табе трэба прамаўляць так, як да гэтага нiхто i нiколi не прамаўляў, i жыць так, як да гэтага нiхто i нiколi не жыў, а потым ты павiнен быць укрыжаваны, затым уваскрэснуць на трэцi дзень i пераканаць свет, што ты яшчэ жывеш. Толькi тады твая рэлiгiя будзе мець шанец.


3. Уваскрасенне Езуса Хрыста з’яўляецца надзеяй нашага ўваскрашэння. Чалавецтва, нягледзячы на iмклiвае развiццё навукi i яе вялiкiя дасягненнi, тым не менш ведае, што iснуе пераход толькi ў адным напрамку, без вяртання назад. Аднак факт уваскрасення Хрыста становiцца адзiным i выключным фактам у гiсторыi: знаходзячыся ў грабнiцы, Езус падрыхтаваў сабе шлях вяртання да жыцця. I не толькi сабе, але i iншым. Ён сказаў: «Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае» (Ян 3, 36). Таму дарам уваскрослага Езуса з’яўляецца наша будучыня.


4. Такiм чынам, мы бачым, што ўваскрасенне Хрыста з’яўляецца актам бязмежнай Божай мiласэрнасцi. Аб гэтым мы павiнны памятаць асаблiва, бо праз тыдзень у Рыме адбудзецца беатыфiкацыя Слугi Божага Яна Паўла II — Апостала Божай мiласэрнасцi. Аб гэтым трэба памятаць i таму, што дваццаць гадоў таму, 13 красавiка 1991 г., менавiта Ян Павел II адрадзiў iерархiчныя структуры Каталiцкага Касцёла ў Беларусi i ўстанавiў Мiнска–Магiлёўскую мiтраполiю.


Вялiкi Пантыфiк выдатна чытаў знакi часу i адказваў на iх выклiкi. Зняволены ганеннямi, Касцёл у Беларусi быў як быццам у грабнiцы, ён не меў адпаведных касцёльных структур i iерархii. Здавалася, што ён ужо нiколi не ўваскрэсне да новага жыцця. Аднак гiсторыя яшчэ раз пацвердзiла праўду: тое, што немагчыма для чалавека, магчыма для Бога. Укрыжаваны i амярцвелы Касцёл уваскрос i жыве. Таму сённяшняя Пасха — гэта таксама свята адраджэння Каталiцкага Касцёла ў Беларусi.


5. Як мы прымаем гэты Божы дар? Цi нясе радасць у нашыя сэрцы велiкоднае гучанне званоў? Радасць ад таго, што, нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасцi i непазбежнасць заканчэння зямнога жыцця, нас чакае iншая рэчаiснасць — уваскрашэнне да вечнага жыцця.


На жаль, для многiх хрысцiян Хрыстус i Яго ўваскрасенне значаць не больш, чым леташнi снег. У iмкненнi да абсалютнай свабоды, якая лiчыць Божы закон абмежаваннем правоў чалавека, многiя iмкнуцца да свабоды ад Бога i Яго закону. Такiм чынам яны застаюцца ў грабнiцы сваiх грахоў, зняволення i дрэнных звычак, а таксама спажывальнiкамi сваёй малой стабiльнасцi. Усё гэта вядзе да таго, што людзi замест «больш быць» iмкнуцца «больш мець» i не жадаюць iсцi ў напрамку багацейшага чалавецтва, свабоды дзяцей Божых i поўнi жыцця. Мы — хрысцiяне, але як нямнога тых, хто мае веру, здольную змянiць жыццё!


Хрыстус — гэта не леташнi снег, пра якi мы ўжо даўно забылi, i не сёлетнi. Езус, насуперак былым i сучасным пераследам хрысцiянства, iснуючым у некаторых, нават з развiтай дэмакратыяй i традыцыямi, краiнах свету, — як гэта моцна падкрэслiвае папа Бэнэдыкт XVI, — насуперак розным цяжкасцям i выклiкам сучаснага лiбералiзму i нават адыходу ад веры, жыве ў сваiм Касцёле. Праз яго i ў iм ён вядзе нас да паўстання з грабнiц нашых грахоў i дае новую надзею на справядлiвае вырашэнне ўсiх праблем i лепшае жыццё на гэтай зямлi, калi яно будзе будавацца на маральных каштоўнасцях i ў адпаведнасцi з васьмю благаслаўленнямi Пана — гэтай дарожнай картай кожнага хрысцiянiна, i таксама дае надзею на шчаслiвую вечнасць. Сапраўдная перамена жыцця ў Хрысце — гэта радыкальная перамена, якая вядзе чалавека да трыумфу жыцця i паўнаты быцця (пар. Ян 10, 10).


6. Уменне глядзець на гiсторыю ў святле праўды ўваскрасення вельмi важна ў наш час, калi мары чалавека абмяжоўваюцца хвiлiннымi клопатамi. Жывучы выключна праблемамi аднаго дня, мы забываем аб галоўным — аб збаўленнi душы, Божым Провiдзе, любовi да Бога i блiжняга.


Менавiта адсутнасць любовi да блiжняга i выклiкала жудасны тэрарыстычны акт у Мiнскiм метро 11 красавiка гэтага года, якi прывёў да чалавечых ахвяраў. Няма i не можа быць тлумачэння таму, што тады сталася, i сталася падчас Вялiкага посту — часу падрыхтоўкi да свята Пасхi. I хоць непамерна цяжка перанесцi страту блiзкiх i пагадзiцца з тым, што ў мiрны час ад тэрарыстычнага акту гiнуць людзi, наша хрысцiянская вера i праўда Уваскрасення Хрыста дапамагае нам выцерцi слёзы i дае новую надзею. Выказваючы свае спачуваннi сем’ям i блiзкiм ахвяраў гэтага выбуху, давяраю душы загiнуўшых Божай мiласэрнасцi з надзеяй на жыццё вечнае, а для пацярпелых прашу ласкi выздараўлення.


Уваскрасенне Хрыста дае магчымасць узвысiцца над штодзённай мiтуснёй i цяжкасцямi жыцця i ўбачыць бязмежнасць Божай любовi, якая дзеля чалавека сышла аж да Крыжа i смерцi. Таму нам трэба ведаць i жыць праўдай, што сваiм уваскрасеннем Хрыстус аднаўляе чалавечую прыроду i дае чалавеку неабходныя сiлы ў служэннi Касцёлу, Бацькаўшчыне, грамадству, сям’i i блiжняму.


Сучасны свет у развiццi навукi, палiттэхналогiях i эканамiчных рэцэптах лiхаманкава шукае адказу на свае праблемы. Аднак не знаходзiць яго. У той жа час Касцёл i само жыццё нагадваюць, што трэба толькi адно: жыць паводле Божага слова, якое з’яўляецца крынiцай паяднання, супакою (пар. VD 102) i ўсялякага адраджэння. Менавiта Евангелле вызваляе чалавека ад вельмi балючага пачуцця недастатковай развiтасцi i пыхi прагрэсу, ад сувязяў з негуманiстычнымi культурамi i новым язычнiцтвам, якiм з’яўляецца большасць найбольш развiтых тэхналогiй. Евангелле адкрывае сэнс гiсторыi чалавецтва, а таксама дапамагае адказваць на найбольш небяспечныя выклiкi сучаснасцi.


7. Дарагiя браты i сёстры, усе людзi добрай волi!


Ад усяго сэрца вiншую вас з радасным i збаўчым святам Пасхi. Вiншую католiкаў i ўсiх хрысцiян. Дзякуючы Божаму Провiду, мы другi год падрад адзначаем галоўнае свята хрысцiянства ў адзiн дзень. Гэта знак з неба i заклiк да будавання адзiнства хрысцiян, што павiнна з’яўляцца нашым маральным абавязкам, каб разам сведчыць праўду Евангелля, асаблiва праўду ўваскрасення, i разам адказваць на выклiкi часу, каб сучасны свет выйшаў з грахоўных грабнiц i будаваў цывiлiзацыю жыцця.


Усiм вам жадаю радасных велiкодных святаў. Няхай праўда ўваскрасення ўзмоцнiць нашыя сiлы i адновiць надзею, нават насуперак надзеi, — як да гэтага заклiкае св. апостал Павел (пар. Рым 4, 18). На гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, i Сына i Духа Святога. Амэн.


Арцыбiскуп Тадэвуш КандрусевiЧ, Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter