Паселішча ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў дакументах Чарнігава-Старадубскага княства ў 1483 годзе як уладанне князёў Мажайскіх. Адзначаецца яно і ў дакументах пачатку ХVI стагоддзя: у трактаце прымірэння вялікіх князёў маскоўскага Iвана III і літоўскага Аляксандра, а таксама ў перапісцы дзеячаў Маскоўскай дзяржавы і Вялікага Княства Літоўскага.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Уваравічы сталі мястэчкам Магілёўскай губерні Расійскай імперыі, у якім працавалі вадзяны і ветраны млыны, сукнавальня, мукамольня, дзве цагельні, цукровы завод, вінакурня, крупадрабілка. Мястэчка агарнуў эканамічны бум. Сталі дзейнічаць папярова-ткацкае прадпрыемства, хлебазапасны магазін, пяць ветраных млыноў, кузня. Адкрылася пачатковае вучылішча.
У 1919 годзе Уваравічы сталі цэнтрам воласці Гомельскай губерні Расійскай Федэрацыі, а з 1926-га – раённым цэнтрам Гомельскай вобласці БССР. Раён праіснаваў да 1962 года. На базе сялянскіх гаспадарак былі створаны саўгас і сельскагаспадарчая арцель. Адкрылася МТС. Абнавіліся цагельня, вінзавод, маслазавод, з’явіліся бытавыя майстэрні. Выходзіла раённая газета. З 1938 года Уваравічы – гарпасёлак.
Старшыня сельвыканкама Наталля КІСЯЛЁВА.
З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі не даваў спакою ворагу атрад народнага апалчэння, у якім змагалася амаль 600 байцоў. Мемарыяльным комплексам ушанавана памяць некалькіх соцень загінуўшых у вайну франтавікоў і мясцовых жыхароў.Пасля вызвалення ад гітлераўцаў аднавілі дзейнасць саўгас, які рэарганізаваны ў ААТ “Уваравічы-Эліт”. Адкрыліся малочны завод, цэх Буда-Кашалёўскага пладова-агародніннага завода, ільнозавод, сацыяльна-бытавыя службы.
Гэты куточак Гомельшчыны – радзіма Герояў Сацыялістычнай Працы Эмануіла Модзіна, Аркадзя Кобрусева, Яўсея Маісеенкі, народнага мастака СССР Мікалая Ярошкіна, народнага настаўніка СССР і заслужанага БССР Вольгі Аўраменка, заслужанага артыста Беларусі Віктара Чэпелева, генерал- маёра Сяргея Новікава.
Дырэктар сярэдняй школы Аляксандр КАНЦАВЕНКА.
З вандровак, як удалы грыбнік з поўным кошыкам лясных дароў, вяртаюся перапоўнены ўражаннямі. Западаюць у сэрца гісторыі лёсаў людскіх. Нездарма кажуць, што жыццёвы шлях кожнага чалавека варты літаратурнага твора.Старэйшая жыхарка Уваравіч Марыя Казлова, якой 94 гады, поўнасцю страціла зрок, але яе аптымізму можна пазайздросціць. Аўдавелай адна засталася ў доме, што некалі пабудавалі з мужам на бацькоўскай сядзібе. Сельвыканкам замацаваў за пенсіянеркай сацыяльнага работніка. Але дзеці яе адмовіліся ад паслуг. Самі апякуюць матулю. На падворак да яе мы завіталі са старшынёй сельвыканкама Наталляй Кісялёвай. Сустрэла нас інтэлігентная жанчына, якая прадставілася нявесткай Марыі Міронаўны Казловай. З мужам Анатолем Міхайлавічам яны жывуць у Гомелі. Выйшлі на пенсію і большасць часу бавяць тут.
94-гадовая Марыя КАЗЛОВА.
На дагледжаным двары кінуліся ў вочы суквецці рознакаляровых лілей перад домам. Пільна з вальера цікавала маладая аўчарка. Праз сенцы зайшлі ў пакой, вокны якога глядзяць на вуліцу. На канапе нярвова перабірала рукамі гаспадыня, выдаючы ўнутранае хваляванне. Пазнаёміліся з Марыяй Міронаўнай. Пачаліся ўспаміны, успаміны…На гэтым паселішчы жылі яе дзяды і прадзеды. Раней вуліца называлася Пенчынскай, а потым перайменавалі ў гонар замучанага гітлераўцамі мясцовага мастака-цёзкі Івана Казлова. Марыя Міронаўна вяртаецца ў гады свайго даваеннага юнацтва, як пасля заканчэння сямігодкі разам з сяброўкамі працавала ў саўгасе. Цёплымі летнімі вечарамі ладзілі танцы на рачным беразе. Па-заліхвацку іграў на гармоніку Міхась Казлоў, які пасля вайны стаў яе мужам.
Навечна ўрэзаўся ў памяць гул варожых самалётаў і моцныя выбухі. Па радыё перадалі пра вераломнае нападзенне фашысцкай Германіі. Гітлераўцы бамбілі суседнюю чыгуначную станцыю Уза. Бомбы разрываліся на збожжавым полі паміж чыгункай і Уваравічамі. Асколкам сарвала галаву яе хроснаму бацьку Акіму Грыўцову.
Педагог Клара КЛІМАВА і яе маці— старшыня савета ветэранаў гарпасёлка Любоў РОДАВА.
Праз некалькі дзён фашысты ўварваліся ў пасёлак, занялі будынак райвыканкама, іншыя памяшканні. Устанавілі акупацыйны парадак. У лістападзе 1941 года за ваколіцай расстралялі паўтары сотні мясцовых яўрэяў. Народныя мсціўцы жорстка помсцілі ворагу.Позняй восенню 1943 года сустрэлі савецкіх воінаў-вызваліцеляў. З гармонікам вітаў іх гарэзлівы Міхась Казлоў і разам з франтавікамі адправіўся далей гнаць акупантаў. Пяць гадоў пасля заканчэння вайны служыў у арміі. Прыязджаў дамоў у водпуск. Пасля заканчэння службы яго сустрэла жонка з сынам Анатолем.
Побач з Уваравічамі будаваўся льнозавод, на якім стаў працаваць Міхаіл Казлоў. Гаспадыня да выхаду на пенсію даглядала інвалідаў у доме састарэлых. Трымалі сваю гаспадарку. Упраўляцца дапамагалі дочкі Таццяна, Ліда і сын Анатоль. Аўдавелая больш як трыццаць гадоў таму гаспадыня адна засталася ў доме. З дзецьмі і ўнукамі разам агарод апрацоўвалі, сад даглядалі. У Марыі Міронаўны паступова стаў зніжацца зрок, а потым увогуле аслепла. Дзеці, унукі, праўнукі не даюць апынуцца ў адзіноце. Пэўна, такіх адносін да сябе трэба жыццём заслужыць.
Механізатар Сяргей СЯМЁНАЎ.
АМАЛЬ кожны трэці жыхар Уваравіч – пенсіянер. Дзейнічае савет ветэранаў, які ўзначальвае Любоў Родава. Ад старшыні сельвыканкама Наталлі Кісялёвай даведаўся, што па ініцыятыве Любові Мацвееўны ўзведзены мемарыял ахвярам Вялікай Айчыннай. Дапамог зямляк — намеснік камандуючага памежнымі войскамі генерал-маёр Сяргей Нові- каў. Дзве баявыя пушкі ўзвышаюцца на пастаменце перад брацкай магілай, у якой пакояцца чатыры сотні ахвяр вайны.З Любоўю Мацвееўнай сустрэліся каля яе падобнага на казачны драўлянага дома. Купіць яго дапамог сын Андрэй. Уваравічы для Родавых сталі другой радзімай. Пасля вайны сям’я прыехала сюды з далёкай Башкірыі. На першым часе іх прыняў Нікіфар Аніськаў. Адышлі ў вечнасць бацькі Любові Мацвееўны, і мужа не стала. Дзеці дапамаглі старыя вокны ў доме замяніць на шклопакеты, а аканіцы пакінулі. Перад домам палае кветкамі палісаднік. Ладна змайстраваны агароджа, вароты і брамка. Насупраць падворка агульны з суседзямі калодзеж. Кінулася ў вочы акаванае жалезнымі пласцінамі вядро. Любоў Мацвееўна патлумачыла, што аўдавелай перабралася ў куплены дом. Убачыла, што ў калодзежы няма вядра. Да ланцуга прымацавала ацынкаванае вядзерца, але яго хутка нехта прысвоіў. Жанчына знайшла майстроў, і новае вядро акавалі жалезнымі прутамі. Не адзін год яно служыць усім, хто чэрпае ваду.
Жывёлавод Юрый ПІНЧУКОЎ.
Пасля заканчэння сярэдняй школы працоўную дзейнасць Любоў Мацвееўна пачынала старшай піянерважатай. Узгадала, як знаходзіла агульную мову з вучнямі-неслухамі. Педагогі не маглі ўтаймаваць вяртлявых братоў Пецю і Аляксандра Кучаравых. Маладзенькая піянерважатая знайшла да іх свой ключык. Па зборы металалому, макулатуры братам не было роўных.Цяпер у гэтай школе настаўнічае ў пачатковых класах дачка Клара Клімава. Жыве яна з сям’ёю ў доме на суседняй вуліцы. Зірнуўшы на маці, Клара Аляксандраўна, прамовіла, што маці для яе аўтарытэт і першы дарадчык. Голас ў Любові Мацвееўны зычны, з камандзірскай ноткай. Яна лічыць, што гэта перадалося ад продкаў па бацькавай лініі. Дзядзька Рыгор Родаў у гады вайны быў старшым палітруком. Загінуў у Сталінградскай бітве. Амаль усе мужчыны бацькавай радні былі ваеннымі. Любоў Мацвееўна падлічыла, што агульны армейскі стаж сваякоў перавышае паўтысяча гадоў.
На развітанне гаспадыня пачаставала духмяным пірагом.
Акампаніятар Дома культуры Ірына УСАВА.
ЦУДОЎНЫМ падарункам стала музычная імправізацыя на акардэоне. Так нас сустрэла Ірына Усава. Пры Доме культуры, якім кіруе Людміла Якіменка, дзейнічаюць народны калектыў народна-побытавага танца “Ойра”, жаночы гурт “Крынічанька”, хор “Увараўчанка”. Самадзейныя артысты самі шыюць і аздабляюць свае канцэртныя строі. Пры фінансавай падтрымцы ПРААН нядаўна адкрыўся ў Доме культуры філіял ткацтва.Дзіцячы ўзорны ансамбль танца “Мілавіца”, якім кіруе Людміла Кабаева, вядомы не толькі ў Беларусі. Дыпломы, граматы, падарункі, атрыманыя юнымі танцорамі на фестывалях, конкурсах, імпрэзах, выстаўлены ў вестыбюлі Цэнтра дзіцячай творчасці. Метадыст Ірына Камарова, якая ў акружэнні выхаванцаў сустрэла нас ля будынка, адзначыла, што дзеці круглы год тут знаходзяць занятак. Падчас летніх канікул дзейнічае лагер па прафарыентацыі. Выхаванцы знаёмяцца з прафесіямі агранома, педагога, паштальёна і прадаўца. Па выніках работы за мінулы год Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці прызнаны лепшым на Гомельшчыне. Самадзейныя танцоры ў ліку лаўрэатаў дзіцячага чэмпіянату Еўропы па народных танцах, што праводзіўся ў Маскве. Амаль сотню хлопчыкаў і дзяўчынак згуртавала вакол сябе выпускніца сталічнага педуніверсітэта імя Максіма Танка Людміла Кабаева. Яе выхаванцы прадстаўлялі рэспубліку ў Балгарыі на міжнародным харэаграфічным конкурсе “Сонца, радасць, прыгажосць”. Людміла Аляксандраўна ўзгадала пра сёлетні ўдзел танцавальнага гурта ў акцыі “Чарнобыльскі шлях: дарога жыцця”. А летась юныя танцоры мелі гонар урачыста ўздымаць сцяг на фестывалі “Тры сястры”, што праводзіцца на мяжы Беларусі, Расіі і Украіны. Па запрашэнні грамадскай арганізацыі “Саксонія – Усходняя Еўропа” выязджалі з канцэртамі ў нямецкі горад Баўтцэн. Ганарыцца Людміла Кабаева, што прафесійнымі харэографамі сталі яе выхаванцы Вікторыя Жаўняк, Настасся Курачэнка і Эма Курыленка.
Кіраўнік узорнага танцавальнага калектыву “Мілавіца” Людміла КАБАЕВА з юнымі артыстамі Марыяй КАБАЕВАЙ і Іллёй ЯЎДАЧКОВЫМ.
СЛАВІЦЦА гарпасёлак працавітымі людзьмі. Тут са школьных гадоў пачынаецца выхаванне будучых спецыялістаў народнай гаспадаркі. Дырэктар сярэдняй школы Аляксандр Канцавенка, дарэчы, карэнны гамяльчанін, адзначыў, што да жніва на пасевах збожжавых ААТ “Уваравічы-Эліт” 20 старшакласнікаў з настаўнікамі Аляксандрам Барысенкам, Сяргеем Валодзіным і Віталем Панцялеенкам штодзённа займаюцца відавой праполкай. Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні элітнага насення зерневых і бульбы, і без такой праполкі не абысціся.У былыя гады школьныя выпускнікі разам з атэстатам сталасці атрымлівалі пасведчанне трактарыста-машыніста. Цяпер сельскагаспадарчыя прафесіі набываюць у Буда-Кашалёўскім дзяржаўным агракаледжы.
Большасць спецыялістаў, механізатараў і жывёлаводаў гаспадаркі – мясцовыя. Пасля заканчэння школы адразу сеў за руль трактара Яўген Прышчэпаў. Юрый Пінчукоў, з якім сустрэліся на лузе, дзе ён паіў жывёлу, расказаў, што яго маці Ларыса Кузьменкова даіла кароў і ён вырас на ферме. Пасля дзевяці класаў пайшоў самастойна працаваць жывёлаводам, і ўжо 13 гадоў даглядае статак. І жонка яго Ала Анатольеўна таксама жывёлавод. Дачушка і два сыны ў іх падрастаюць. Ад гаспадаркі атрымалі трохпакаёвую кватэру. Трымаюць карову, парасят, птушку.
Алеся КАВАЛЁВА з сынамі Данілам і Цімохам.
З малых гадоў прызвычайваўся да сялянскай працы і механізатар Сяргей Новікаў, ад якога даведаліся, што ў адзінаццаць гадоў ён працаваў памочнікам у бацькі на збожжаўборачным камбайне. Пасля васьмігодкі закончыў прафтэхвучылішча ў Касцюкоўцы, якая стала ўжо часткай Гомеля, адслужыў армію і сеў за руль трактара. Чвэрць стагоддзя працуе механізатарам.З малых гадоў пазнала працу і старшыня сельвыканкама Наталля Кісялёва. Школьніцай дапамагала маці, якая загадвала малочна-таварнай фермай у Веткаўскім раёне, вяла ўлік малака, выпісвала дакументы. Закончыла Чырвонабярэжскі сельгастэхнікум, а потым аграфак Беларускай дзяржсельгасакадэміі. Працавала аграномам, кіраўніком гаспадаркі і цяпер кіруе сельвыканкамам. Наталля Мікітаўна пераканана, што дзецям варта давяраць самастойны занятак. Не пашкодзіць ім пад наглядам дарослых праца на збожжатаку альбо ля статка на лузе ці які іншы сялянскі занятак.
Дырэктар Дома культуры Людміла ЯКІМЕНКА.
НА працягу вандроўкі па Уваравічах не ўбачыў, каб хто бадзяўся без справы. З багатай фантазіяй аздоблены фасады дамоў, падворкі, вуліцы. Па ініцыятыве сельвыканкама экскаватарам вычышчаецца ў цэнтры гарпасёлка рэчышча Узы. А як хораша ўпрыгожылі разгалісты клён каля храма Прасвятой Багародзіцы цудоўна змайстраваныя шпакоўні. Кожную вясну перад вяртаннем з выраю птушак у раёне праводзіцца конкурс на лепшыя шпакоўні. Сёлета лаўрэатам яго стала педагог Святлана Курачэнка.Пакідаючы Уваравічы, падумалася, каб надалей так прыгожа жылося ў райскім куточку Гомельшчыны, што паміж Сожам і Дняпром.
Юная тэнісістка Дар’я БЫЧКОВА.
Буда-Кашалёўскі раёнФота аўтара