В какую сумму обойдется аэрография авто?

Увагнаць аўтамабіль у фарбу

Аэраграфіст: нашы вадзіцелі аддаюць перавагу «звярынай» тэматыцы на сваіх байках і аўтамабілях
Цюнінг аўтамабіля і матацыкла — справа індывідуальная. Хтосьці надае сваёй машыне характару вялікімі дыскамі, хтосьці заніжае падвеску, а ёсць тыя, каго цягне на выяўленчае мастацтва. Часцяком на вуліцах сустракаюцца аўтамабілі і матацыклы з аэраграфіяй. Гэты від знешняга цюнінгу робіць іх не толькі ўнікальнымі, але і абараняе ад крадзяжу. Размаляваны транспарт мала цікавіць злодзеяў з-за яго прыкметнасці. Карэспандэнт «Р» даведалася, якія малюнкі папулярныя ў вадзіцеляў і колькі каштуе прыгажосць на капоце?

Алена МЯГКОВА: «Прасцей за ўсё працаваць з матацыклістамі. Даведваешся іх мянушку, напрыклад Волат ці Мядзведзь, і адразу разумееш, які малюнак прапанаваць».

Мінскую мастачку і аэраграфіста Алену Мягкову прыхільнікі аўта-і мотацюнінгу ведаюць добра. Яе творчая майстэрня размясцілася ў адным з гаражоў на вуліцы Севастопальскай. Унутры на сценах побач ужываюцца выявы дзяўчыны ў стылі ню і байкаў з чарапамі. Ля сцяны стаіць матацыкл, якому больш за паўстагоддзя. Чакае сваёй рэстаўрацыі. Насупраць — стэлаж з фарбамі. Адным словам, атмасфера схіляе да творчасці. Пакуль вывучаю фота работ майстра, размова заходзіць аб густах кліентаў. Алена Мягкова:

— Важная сама ідэя, а ўва­собіць яе майстэрства хопіць. Некаторыя прыхо­дзяць са словамі «Зрабіце мне прыгожа». Але ж у кожнага сваё разуменне прыгожага. Аэраграфія павінна адлюстроўваць унутраны свет заказчыка, ягоны характар. Таму да выбару малюнка трэба падыходзіць адказна. Галоўнае, каб гэта было пра вас.

Аэраграфія робіцца маленькім пульверызатарам — аэрографам.

Мастачка прызнаецца: прасцей за ўсё працаваць з матацыклістамі. Даведваешся іх мянушку, напрыклад Волат ці Мядзведзь, і адразу ра­зумееш, які малюнак прапаноўваць. Аднойчы быў заказчык па мянушцы Канадзец. Зразумела, малявалі сцяг Канады.

Дзяўчыны любяць падкрэсліць, што іх аўтамабіль жаночы: заказваюць кветкі, коцікаў, матылькоў і іншыя дзявочыя тэмы. Мужчыны ж аддаюць перавагу языкам полымя і ваўкам. Наогул «звярыная» тэматыка пераважае ў аэраграфіі. Людзі зноў і зноў просяць намаляваць тыгра, пантэру, мядз­ведзя і іншую жыўнасць. Майстрам гэтыя вобразы страшна надакучылі, але кліент просіць — трэба зрабіць.

Самае даступнае — размаляваць шлем. Абыдзецца гэта прыкладна ў 200 рублёў.

Размалёўваць адзін толькі капот Алена Мягкова не раіць: ён глядзіцца як асобны элемент машыны, не хапае завершанасці. Эфектней выглядае аэраграфія, якая з капота пераходзіць на крылы і дзверы. Малюнак толькі на дзвярах таксама не варыянт. Лепш зайсці на крыло, каб гэта не выглядала як наклейка. У кліентаў карыстаюцца папулярнасцю размалёўкі задняй часткі машыны. Быў заказчык, які папрасіў зрабіць аэраграфію на даху свайго пазадарожніка. На пытанне «Хто яе ўбачыць?» адказаў проста: «Як хто? Я і мае суседзі з балкона».

Аэраграфія робіцца маленькім пульверызатарам — аэрографам. Ён падобны на металічную ручку. Прынцып дзеяння просты: вадкая фарба распыляецца пад ціскам на паверхню. Апарат даволі капрызны. Тут патрэбны растваральнікі і цвёрдая рука прафесіянала. Алена Мягкова кажа:

Нанясенне аэраграфіі на аўтамабіль ці матацыкл зойме ў сярэднім два тыдні.

— Мне часта прыганяюць трохі бітыя матацыклы, набытыя ў ЗША. Спярша маляр рыхтуе паверхню, затым я пачынаю аднаўляць, — Алена Мягкова паэтапна апісвае працэс. — Аднойчы аднаўляла на такім матацыкле малюнак тэрмінатара. Ён выглядаў не так страшна, як, па ідэі, павінен выглядаць. Прыйшлося папацець, каб выправіць чужыя агрэхі. Вынікам заказчык застаўся задаволены.

З дапамогай графічных праграм мастачка рыхтуе эскізы. Упадабаны заказчыкам варыянт ідзе ў працу.

Калі казаць пра час, то шлем з нескладаным малюнкам рэальна зрабіць за тыдзень. Нанясенне аэраграфіі на аўтамабіль ці матацыкл зойме ў сярэднім два тыдні.

— Задавальненне гэта нятаннае. Кошт залежыць ад аб’ёму работ і складанасці малюнка. Матэрыялы і інструменты таксама дарагія. Самае даступнае — размаляваць шлем. Абыдзецца гэта прыкладна ў 200 рублёў. Поўная размалёўка аўто можа пацягнуць на некалькі тысяч долараў. Канкрэтны кошт назваць складана. Дапусцім, вы вырашылі сабе дракона намаляваць на ўвесь мот, пачынаючы са шчытка. Я папрашу вас пагугліць і знайсці прыклады, каб я не на пальцах разумела, якім павінен быць галоўны герой. Можа, вам чорнага агнядышнага, а можа, дрымотнага на золаце...

У кожнага мастака свае сакрэты і прыстасаванні для працы.

gorbatenko@sb.by

Фота Дзяніса МАЛЫШЫЦА і з асабістага архіва героя матэрыялу.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter