Тры днi ў засадзе дзеля аднаго здымка – звычайная справа для бёрдвотчара

Увага, зараз вылеціць птушка!

У родныя мясціны пасля зімоўкі ў цёплых краях вяртаюцца журавы, стрыжы, ластаўкі, буслы. Залятаюць да нас і рэдкія птушкі. Але атрымаць асалоду ад іх прыгажосці не так і проста, хіба што на фотаздымках. А ловяць аб’ектывамі сваіх магутных камер рэдкія віды птушак і жывёл фатографы дзікай прыроды.

Вераб'іны сычык у наваколлі Мінска

Такое даволі рэдкае хобі і ў праграміста Паўла Лычкоўскага. У школьныя гады захапляўся біялогіяй, любіў падарожнічаць. Аднойчы ўбачыў галерэю фатографаў дзікай прыроды, і любоў да фаўны разгарэлася з новай сілай. Захацелася і самому здымаць. Спярша набыў добрую фотатэхніку. Але хобі патрабуе не толькі сродкаў, а і часу — Павел прайшоў курсы бёрдвотчараў, каб умець адрозніваць птушак знешне і па голасе.

Зязюля (знята «з падыходу»)

Некаторыя месцы рассялення рэдкіх птушак падказваюць знаўцы прыроды. Часам фотапаляўнічыя проста выязджаюць у дзікую прыроду і робяць здымкі «з падыходу». Прасцей кажучы, што бачу — тое і фатаграфую. Лепшыя здымкі атрымліваюцца перад заходам сонца і на досвітку, калі птушкі найбольш актыўныя.

— Бывае, пакуль падрыхтуешся здымаць, птушка паляцела, — наракае Павел. — Ды і ў гушчы галін складана фатаграфаваць, хочацца ж зрабіць прыгожы здымак.

Дупель такуе на заходзе сонца

Птушаняты шэрай няясыцi чакаюць бацькоў. Яны ўжо зляцелі з гнязда і сядзяць недалёка ад роднага дрэва

Часта рэдкія птушкі гняздуюцца прама пад вокнамі гмахаў. Напрыклад, у Бараўлянах літаральна ў сотні метрах ад дамоў Павел выявіў «месца жыхарства» вераб’інага сыча — маленькай савы.

Вушастая сава ў мінскім парку

Яшчэ адзін цікавы спосаб выманіць птушак — на бесправадной калонцы ўключаць запіс іх галасоў. Некаторыя фатографы «ідуць далей» і побач з калонкай ставяць пудзілы з лямцу або пластыліну. Птушкі на гэтых «сурагатаў» рэагуюць па-рознаму: некаторыя іх атакуюць, іншыя зацікаўлена фліртуюць. 

Самка змеяяда з птушанём

Майская раніца на цецеруковым такавiшчы

І трэці, самы «меланхалічны» рэжым палявання — рабіць «засідку». Для драпежных птушак выкладваюць дзічыну. Замаскіраваўся сеткай, паставіў буданчык, і застаецца толькі набрацца цярпення. Тры дні Павел прасядзеў у засадзе, калі «паляваў» на арланаў-белахвостаў. Гэта вельмі асцярожныя птушкі. Спачатку падпускаюць да здабычы крумкачоў, і потым ужо самі спускаюцца. Толькі на другі дзень «засідкі» адзін з арланаў спусціўся трапезнічаць. Павел яшчэ крыху пачакаў, пакуль той увойдзе ў смак, і стаў «паліваць» арлана кадрамі. Але пстрычкі засаўкі выдалі фотапаляўнічага. Вось для чаго і патрэбна самая прафесійная фотатэхніка — рабіць здымкі ў ціхім рэжыме і даўгафокусным аб’ектывам, каб «біць» здалёк. І галоўнае, пакуль ты ў засадзе, ніякіх вогнішчаў і гучных гукаў — «ясі банан і чакаеш».

Арол-змеяяд прынёс гадзюку для кармлення свайго птушаняцi

Барадатая няясыць у летнім лесе

Спевы рабчыка

ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter