Белтелерадиокомпания собрала ветеранов телеэфира

Увага! У эфіры Белтэлерадыёкампаніі ветэраны

У фае Белтэлерадыёкампаніі, што на сталічнай вуліцы Макаёнка, заўжды шматлюдна. З гэтага будынка вядуць вяшчанне некалькі тэлеканалаў. У студыях пастаянна запісваюцца розныя праграмы, рэгулярна ў прамым эфіры выпускі навін. У гэты кастрычніцкі вечар у прасторным фае панавала асаблівая атмасфера. Шырокую сцяну ўпрыгожыла выстава аўтарскіх карцін былога тэлеаператара Уладзіміра Васінеўскага. Амаль тры дзесяцігоддзі Уладзімір Фаўставіч не развітваўся з тэлекамерай. Пачынаў творчую дзейнасць з кінакамерай. Яго аператарская работа высока ацэньвалася калегамі. Многія тэлепраграмы, знятыя Уладзімірам Васінеўскім, як і тысячы іншых фондавых матэрыялаў, пільна захоўваюцца.

Ёсць што ўзгадаць калегам Аляксандру СТАЛЯРОВУ, Георгію МОЛЧАНУ, Івану СКОРЫНАВУ і Мікалаю Ільінскаму.

Побач з палотнамі дэманстраваліся кнігі ўдзельнікаў сустрэчы доктара навук Мікалая Ільінскага, Ігара Александровіча, Уладзіміра Ландера, Барыса Герстэна. Паводле аповесці Мікалая Ільінскага «Чужы сярод сваіх» на кінастудыі «Беларусьфільм» знята мастацкая стужка «Сляды на вадзе». Цікава было пачуць ад Мікалая Іванавіча, што па яго сюжэту Васіль Быкаў напісаў вядомы твор «Трэцяя ракета». Удзельнікі сустрэчы шчыра павіншавалі Мікалая Ільінскага, якому ў гэты дзень споўнілася 88 гадоў. Юбілейны сёлетні год для Ігара Александровіча, Уладзіміра Васінеўскага, Георгія Молчана. 

З агляду карціннай выставы і кніжных выданняў пачалася сустрэча ветэранаў-тэлевізіёншчыкаў, якіх ад імя кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі вітала старшыня прафкама Марына Драгіна. Многія з удзельнікаў не бачыліся гадамі. Захлынулі гасцей успаміны.

Творчы калектыў тэлепраграмы «Вяскоўцы» на мантажы чарговага выпуска, 1995 г.

БОЛЬШ як паўвека таму, калі Беларускае тэлебачанне мела некалькі гадзін вяшчання ў сетцы Цэнтральнага тэлебачання, дваццацігадовым прыйшоў на тэлестудыю, што размяшчалася на сталічнай вуліцы Камуністычнай, Іван Скорынаў. Хутка засвоіў прафесію кінааператара. За сорак гадоў працы на тэлебачанні Іван Адамавіч вырас да прафесіянала вышэйшай катэгорыі. Знятыя ім рэпартажы ў папулярнай маскоўскай праграме «Час» глядзела ўся былая вялікая краіна. 

Амаль чвэрць стагоддзя кіраваў галоўнай рэдакцыяй інфармацыі тэлебачання Уладзімір Душкевіч. Прамыя трансляцыі парадаў і дэманстрацый, партыйных з’ездаў і іншых важных грамадска-палітычных падзей патрабавалі педантычнасці, а часам і вялікай рызыкі. Бывала, што ў самыя адказныя моманты падводзіла тэхніка, але сітуацыю ратаваў прафесіяналізм дыктараў, рэжысёраў, аператараў — усіх, хто быў задзейнічаны ў эфіры. Дыктар Элеанора Давыдоўская неаднойчы бывала ў такіх сітуацыях. Кожнаму ўдзельніку сустрэчы было што ўзгадаць.

Ветэраны тэлебачання ўнеслі сваю часцінку ў стварэнне летапісу рэспублікі. Ад самых важных грамадска-палітычных падзей да інтэрвью з цікавымі людзьмі напаўнялі тэлекантэнт. Журналіста Ігара Александровіча на студыі называлі настаўнікам. Таленавіты творца шчодра дзяліўся сваім вопытам з маладымі. Галоўнага рэдактара дзіцячых праграм Ніну Шобу калегі ласкава нараклі тэлемамай. Створаныя пад яе кіраўніцтвам цыклы «Спартландыя», «Чырвоныя гваздзікі», «Калыханка» і іншыя надоўга прапісаліся на тэлеэкране. 

Рэжысёры Лідзія ШАРШУЛЬСКАЯ і Таццяна АГАФОНАВА.

Узгадалі ўдзельнікі сустрэчы, як пасля чарнобыльскага выбуху студыя на вуліцы Камуністычнай пераўтварылася ў дабрачынны фонд для аказання дапамогі пацярпелым ад катастрофы. Сабраныя сродкі накіроўваліся ў медыцынскія ўстановы, школы, дзіцячыя садкі, сем’і. 

У савецкія часы на Цэнтральным тэлебачанні ў Маскве пастаянна ладзіліся дні рэспублік. Тэлепраграмы, створаныя беларускімі прафесіяналамі, заўсёды мелі высокую ацэнку. Гукарэжысёр Яўгенія Кісялёва памятае, як гадзінамі не пакідалі апаратную агучвання тэлепраграм. Рэжысёрам у грамадска-палітычнай рэдакцыі працаваў яе муж Вячаслаў Сяргеевіч. Больш як паўвека іх шлюбнаму саюзу. Разам прыйшлі і на сустрэчу. 

Высокапрафесійна валодала складанай тэлевізійнай тэхнікай выпускніца Ленінградскага інстытута кінематаграфіі Надзея Гапачка. Гэта дзякуючы ёй на Міжнародным тэлефестывалі ў Варшаве дыпломам першай ступені была адзначана беларуская тэлепраграма «Хутар Глухамань». На некалькі дзён высадзіўся на палескі хутар дэсант. Тэлеаператар Валерый Хайцін следам крочыў за хутаранамі з дваццацікілаграмовай камерай на плячы. Ярка адлюстраваў прыродную прыгажосць маляўнічага куточка. Важна было данесці гледачу і размову герояў. Надзея Гапачка з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі па слову выроўнівала гучанне. Прынцыповае журы высока ацаніла прафесіяналізм беларускіх калег. 

Маўчаннем памянулі ўдзельнікі сустрэчы калег, былых кіраўнікоў тэлерадыёкампаніі Генадзя Бураўкіна, Віталя Чаніна, якія ўжо ў вечнасці… 

Праз гады сустрэліся дыктар Элеанора ДАВЫДОЎСКАЯ, журналісты Галіна ДЗЯТЛОЎСКАЯ і Юлія БУРАЎКІНА.

Праз гады грэюць сэрца творчыя сустрэчы тэлежурналістаў Беларусі і прыбалтыйскіх рэспублік. Штогадова яны праводзіліся ў адной з рэспубліканскіх сталіц. Вызначаліся пераможцы творчага конкурсу, спартыўных спаборніцтваў. Для гасцей ладзіліся цікавыя экскурсіі па гістарычных мясцінах Мінска, Рыгі, Таліна, Вільнюса. А ці можна забыць паездкі да калег у Кіеў, Кішынёў, Тбілісі, Баку, Ташкент і іншыя гарады былога Саюза! 

Шчырыя словы падзякі сён­няшняму кіраўніку Белтэле­радыёкампаніі Івану Эйсманту за прадастаўленую магчымасць сабрацца разам ветэранам тэлебачання ад імя ўдзельнікаў сустрэчы выказаў Аляксандр Сталяроў. Ён кіраваў тэлерадыёкампаніяй у першыя гады незалежнай Беларусі. Мільённую аўдыторыю збіралі тады папулярныя «Тэледэбаты», дзе кандыдаты ў дэпутаты дзяліліся сваімі выбарчымі праграмамі. Ладзіліся творчыя канферэнцыі з тэлегледачамі і радыёслухачамі. Кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі, журналісты, рэжысёры, артысты выязджалі ў рэгіёны, сустракаліся з людзьмі. 

Вострыя дыскусіі разгараліся ў тэлестудыі падчас эфіру праграмы «Грамадская думка», якую вяла журналіст Галіна Краўчук. З любога кутка рэспублікі можна было патэлефанаваць у студыю і задаць удзельнікам прамога эфіра сваё пытанне. Папулярнай была праграма «Шматгалоссе», якую рыхтавалі Алена Аўрынская, Галіна Дзятлоўская, Спартак Сіверын, Таццяна Агафонава, Лідзія Шаршульская. 

Зоркавая хвароба не захлынула карыфеяў тэлежурналістыкі Барыса Герстэна, Сяргея Кацьера, Алену Аўрынскую, Валянціну Гумілеўскую. Іх імёны вядомы далёка за межамі рэспублікі як прызёраў міжнародных тэлефестываляў. 

На праграмах ветэранаў вучацца сённяшнія творцы тэлеэфіра, якім працягваць слаўныя традыцыі Беларускага тэлебачання.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter