Прыродная анамалія: гарадскі парк Гомеля атакавалі вінаградныя смаỷжнi

Увага, смаўжы!

Некалькі дзён таму ў сетцы з’явіліся фотаздымкі калоніі вінаградных смаўжоў, якія атакавалі адзін з пагоркаў паблізу гомельскага парку. Прысутнасць такіх малюскаў у мясцовых кліматычных умовах – з’ява незвычайная, да таго ж пэўную шкоду яны могуць нанесці расліннасці.

Вінаградны смоўж — наземны бруханогі малюск, найбуйнейшы ў Еўропе. З даўніх часоў іх ужывалі ў ежу, прычым далікатэсам яны не з’яўляліся, і для людзей любога сацыяльнага становішча гэта была даступная і здаровая ежа. Аднак не ўсё так станоўча.

Вінаградныя смаўжы ў многіх краінах – далікатэс

Звычайная даўжыня нагі дарослай асобіны ад 3,5 да 5 сантыметраў, аднак яна можа выцягнуцца да 9 см. У Гомелі смаўжовае паляванне стала не вельмі ўдалым. Палюбавацца поўнай даўжынёй гомельскія малюскі нам не дазволілі. Відаць, надвор’е не спадабалася і прымусіла іх схавацца ў ракавіны.

Аднак знайсці калонію, якая напужала карыстальнікаў сацсетак, цяжкасці не склала. Аблюбавалі малюскі пагорак на набярэжнай, паблізу ад выратавальнай станцыі. Уздоўж металічнай лесвіцы іх ракавіны сустракаюцца праз кожныя паўметра. Некаторыя з іх ужо пустыя, з іншых раз-пораз выглядваюць «вусікі». Каля сцяблоў асобных раслін смаўжы залягаюць цэлымі «сем’ямі». За невялікую прагулку нам удалося налічыць больш за паўсотні малюскаў.

Іх з’яўленне на беразе Сожа здзівіла начальніка аддзела Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Паўла Новікава:

— Трэба разабрацца, адкуль смаўжы тут з’явіліся. Звычайна яны любяць больш цёплы клімат. Калі гаварыць пра нашу вобласць, гэта Нараўлянскі і Хойніцкі раёны. А ў Гомелі для іх усё ж такі трохі халаднавата.

Побач размешчаны адзін з самых прыгожых куткоў краіны — парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, на тэрыторыі якога налічваецца больш за 5 тысяч дрэў, дзясяткі экзатычных для гэтай мясцовасці раслін. Аднак, па словах Паўла Новікава, каб вызначыць дакладную небяспеку для помніка прыроды, якую могуць несці новыя насельнікі бліжэйшых пагоркаў, спатрэбіцца дбайная праца спецыялістаў:

— Усё залежыць ад масавасці смаўжоў. Калі іх 2—3 дзясяткі, то на флору яны моцна не паўплываюць. Больш — трэба разбірацца. У парку ў асноўным высокаўзроставыя дрэвы, а смаўжам патрэбны маладыя парасткі. Праверку парку мы рабілі зусім нядаўна і тады такой праблемы не выявілі.

Спачатку гомельскую калонію трэба прааналізаваць вучоным. Тады і будзе прынята рашэнне: знішчаць шкоднікаў ці, можа, пачаць зарабляць на іх грошы. Дарэчы, здабыча вінаградных смаўжоў даволі перспектыўная галіна, у іх мясе   шмат бялкоў і вітамінаў. На такiм экспарце за апошнія пяць гадоў краiна зарабіла каля 4 мільёнаў долараў. У мінулым годзе за мяжу пайшло 272 тоны смаўжоў.

valchencko@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter