Беларускаму тэлебачанню – 60!

Увага! Гавораць і паказваюць архівы

ПЕРШАГА студзеня 1956 года дыктар Тамара Бастун упершыню звярнулася да гледачоў: “Добры вечар, таварышы! Вiншуем вас з Новым годам! Пачынаем нашы пробныя перадачы”. Гэтыя словы, якія і адкрылі эру айчыннага тэлебачання, захавала гісторыя і фонды сучаснай Белтэлерадыёкампаніі. Унікальны матэрыял стаў асновай для  інтэрнэт-праекта “БТ-60. Наша гісторыя”. Двуххвілінныя ролікі аб гісторыі вяшчання, знакавых падзеях палітыкі, культуры і спорту тых часоў, прымеркаваныя менавіта да 60-гадовага юбілею тэлебачання, нагадаюць гледачам, з чаго ўсё пачыналася. Напярэдадні свята карэспандэнт “СГ” пабывала на Макаёнка, 9 і даведалася, якія яшчэ відэазапісы захоўваюцца ў фондах Белтэлерадыёкампаніі, як на адным з іх атрымалася выпадкова пазнаць маці біятланісткі Дар’і Домрачавай і чаму першыя супрацоўнікі тэлебачання насілі тапкі с лямцавай падэшвай.

Аблічбаваная даўніна

Дырэкцыя фондавых матэрыялаў Белтелерадыёкампаніі, якой кіруе Ала Вярэніч, без перабольшвання, адна з самых багатых на тэлебачанні. У яе залатой калекцыі сотні кіламетраў відэаматэрылаў, пачынаючы з 1956 года і па наш час. Аблічбоўка гэтай гісторыі, якую распачалі ў 2008 годзе, дазволіла знайсці ўнікальныя відэакадры. 

— Раней, калі глядзела выпускі навін і чула, што ў нейкім музеі ў архіве знайшлі каштоўную карціну, не разумела, як такое можа быць. У фондах усё пад запіс, супрацоўнікі ведаюць, якім валодаюць матэрыялам, — дзеліцца думкамі Ала Іванаўна. — Адак і ў нас адбываюцца цікавыя знаходкі, калі справа тычыцца яшчэ не аблічбаванага матэрыялу. Так, калі рыхтавалі матэрыял да юбілею Уладзіміра Мулявіна, перарылі горы запісаў і, здаецца, выкарысталі ўсё, што магчыма. Аднак зусім нядаўна знайшлі сюжэт 1980 года, дзе Уладзімір Мулявін са сваім ансамблем выступае ў Любанскім раёне.
Ала ВЯРЭНІЧ разглядвае рэтракадры.


Такім жа выпадковым чынам знайшлі наступныя запісы. 1992 год. У Мінск з’ехаліся архітэктары з Масквы. У кадры жанчына, да якой звяртаюцца толькі па імені і імені па бацьку, без прозвішча. Хто гэта? Сталі высвятляць. Аказалася, маці... Дар’і Домрачавай. “У той час Ларыса Аляксееўна была галоўным архітэктарам горада Нягань у Ханты-Мансійску, дзе яны жылі, а ў Мінск прыехала на нейкую нараду", — дадае Ала Вярэніч. 

Зараз у архівах медыяхолдынга толькі мастацкіх і дакументальных фільмаў 3417 адзінак захоўваецца (адна адзінка — 10 хвілін), навін яшчэ больш — 3800 адзінак. Як выкарыстоўваецца гэты матэрыял?

— Ён патрэбны для розных гістарычных перадач, да дня нараджэння дзеячаў культуры, палітыкі, спорту, напрыклад. Спатрэбіўся архіў і зараз, калі распачалі новы інтэрнэт-праект, прымеркаваны ўжо да юбілею тэлебачання, — расказвае намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі інтэрнэт-вяшчання Белтэлерадыёкампаніі Алена Бардзілоўская. — Не кожны ведае, як раней перадавалі тэксты, як выглядалі першыя студыі і апаратныя. А з дапамогай дванаццаці ролікаў, якія будуць выходзіць у інтэрнэце і ў праграме “Добрай раніцы, Беларусь”, моладзь даведаецца, з чаго пачыналася тэлевяшчанне. 

А як жа можна перавесці сюжэт з кінаплёнкі на лічбавы фармат? Для адказу на гэтае пытанне напраўляюся ў сучасную тэлекінапраекцыённую. У памяшканні цёмна. На маніторы — верталёт, які дастаўляе дэталь на тэлевышку. Аднак дыктар распавядае пра вытворчасць сталі. Як такое можа быць? Інжынер па абслугоўванні тэлевізійнага абсталявання Аляксандр Башан, які і займаецца аблічбоўкай, тлумачыць:

— У гэтым і заключаецца мая праца. Мне трэба не толькі перавесці матэрыял з плёнкі на лічбу, але і знайсці адпаведныя каментарыі да відэа. Праца ювелірная. Падчас прыходзіцца праглядваць кіламетры матэрыялаў і праслухоўваць шмат гуказапісаў, каб знайсці адпаведнікі. Увесь гэты матэрыял запісвае камп’ютар. Далей усё толькі пачынаецца — трэба выкінуць непатрэбныя кадры, прывесці ў парадак карцінку і гучанне. 

Такая крапатлівая праца патрабуе і адпаведнага абсталявання. Яно тут, бадай, як на касмічным караблі — кнопкі рознага колеру, кінапраектар, маніторы. На ім, дарэчы, неспадзявана з’яўляюцца кадры, дзе бачна першая тэлестудыя і апаратная. Як яны выглядалі?

У вясковых клубах гледачы віселі на камеры

Першая студыя тэлебачання размяшчалася на Камуністычнай, 6. Памяшканне было такім маленькім, што там з цяжкасцю змяшчаліся тры чалавекі. Адзіная камера, за якой стаяў першы аператар БТ Міхаіл Юрэвіч, была стацыянарна замацавана, і вядучыя праграм уваходзілі ў кадр і выходзілі з яго прама на вачах у гледачоў. Для лепшай гукаізаляцыі сцены студыі завешваліся дыванамі, а каб ціха перасоўвацца па памяшканні падчас трансляцыі праграм, супрацоўнікі насілі тапкі на лямцавай падэшве.

Аляксандр БАШАН аблічбоўвае архіўныя запісы.

Дыктар у кадры чытала інфармацыю з ліста, зрэдку ў выпускі ўключаліся кінакадры. Праўда, з імі спачатку здараліся неспадзяванкі. Так, пры мантажы першага паказанага па БТ Парада 9 Мая 1956 года плёнку склеілі такім чынам, што войска на экране дружна маршыравала назад. А самым перадавым спецэфектам той пары было ўвядзенне мікшара тытра на застаўку. Тытры, дарэчы, пісалі спецыяльныя мастакі ад рукі на кардоне. Менавіта з казусу, звязанага з такімі тытрамі, і пачалася творчая біяграфія Наталлі Сідзельнікавай, якая з 1970 года працавала на БТ. 

— Спачатку працавала стажорам, — успамінае Наталля Пятроўна. — Нічога сур’ёзнага не давяралі, толькі дзяжурыла на праграмах і сачыла, каб нічога не здарылася з загадзя падрыхтаванымі тытрамі. І так захапілася, калі іх разглядвала, што незнарок трапіла ў кадр. Так прайшло маё пасвячэнне.

Пасля працавала памочнікам музычнага рэдактара і толькі потым стала галоўным рэжысёрам музычных праграм. Трыццаць восем гадоў працы падарылі ёй незабыўныя моманты, звязаныя з тэлебачаннем:

Так раней выглядала апаратная.

— Памятаю, як ездзілі з музычнымі калектывамі па розных вёсках. У клубы набівалася столькі людзей, што яны віселі нават на камеры. А потым, калі нас праводзілі, увесь час дзякавалі мяшкамі бульбы і буракоў. Цікава было здымаць і навагодні “Блакітны аганёк”. Тады не было мантажу, таму ўсё ад пачатку да канца (а гэта цэлая гадзіна) трэба было запісваць бездакорна — нічога выразаць не маглі. Помню, як засталося ўсяго пяць хвілін да фіналу, і тут на сцэну не паспела балетная група. Усё было дарэмна. Трэба было перазапісваць “Аганёк”. А артысты ўжо параз’язджаліся. Вярталі іх з паўдарогі. 

Не адразу, па ўспамінах Наталлі Пятроўны, атрымалася запісаць і вясковы калектыў з Бялыніцкага раёна. У клубе сабраліся жанчынкі гадоў пад семдзесят, і каб карцінка была добрай, у першы дзень запісалі спевы вакалістак. На наступны дзень ім патрэбна было толькі адкрываць рот і пазіраваць на камеру. “Аднак спявачкі ўвесь час не маглі зразумець, адкуль даносяцца іх галасы. Некалькі гадзін спатрэбілася, как растлумачыць, што гэта фанаграма”, — успамінае Наталля Сідзельнікава.

Мужчыны назначалі дыктарам спатканні

Акунуцца ў атмасферу тых гадой дапамагае музей Белтэлерадыёкампаніі, які захоўвае старыя камеры, тэлевізар 1956 года — ён, дарэчы, яшчэ працуе. З чорна-белых фотаздымкаў на мяне глядзяць першыя дыктары, рэжысёры, аператары тэлебачання. Паколькі прафесія была новай і вучыцца ёй не было дзе, сярод супрацоўнікаў таго часу можна было сустрэць прадстаўнікоў самых розных спецыяльнасцей — ад тэатральных акцёраў да юрыстаў, энергетыкаў і цеплафізікаў. У тыя часы і на Цэнтральным, і на Беларускім тэлебачанні было прынята, каб з гледачамі размаўлялі не журналісты, а дыктары, якія не толькі чыталі навіны, але і вялі практычна ўсе перадачы, а таксама чыталі ў паўзах: «Добры дзень. А зараз я пазнаёмлю вас з праграмай перадач»… Пад гэтыя словы Тамары Бесарабавай — аднаго з першых дыктараў — і прачыналіся гледачы. 

Алена БАРДЗІЛОЎСКАЯ
дэманструе камеру мінулых часоў
А трапіла на тэлебачанне яна выпадкова, як і большасць тагачасных супрацоўнікаў. У першыя гады працы тэлебачанне аб’явіла конкурс, з дапамогай якога шукала дыктараў. “Я толькі скончыла школу і пайшла вучыцца на курсы медсясцёр. Разам з намі займалася жанчына, у якой у адзінай на той час на ўсе Баранавічы, адкуль я родам, быў тэлевізар, — успамінае свой прыход на тэлебачанне Тамара Уладзіміраўна. — Менавіта яна і расказала мне пра конкурс. Я падумала: а чаму б на самай справе не паспрабаваць? Паспела, як кажуць, у апошні вагон. алі прыехала ў Мінск, кіраўніцтва адгледзела каля трохсот чалавек і выбрала сем лепшых. Я была ў іх спісе. Затым, хто застанецца, вырашалі паміж трыма дзяўчатамі — мной, Маяй Бабок і Ганнай Гардон. З дыктарам вызначыліся проста — нас паказвалі ў эфіры, і каму прыйшло больш за ўсё лістоў ад гледачоў, той і перамог”. 

Тамары пісалі шмат. Як напачатку, так і ў апошнія гады працы. За 36 гадоў яна заваявала сэрцы соцень мужчын. “Памятаю, як мяне паклікалі да тэлефона, на сувязі быў малады афіцэр. Прапанаваў сустрэцца на Круглай плошчы. Я пытаюся: “А як я вас пазнаю?” — “Я буду ў каракулевай шапцы з такім жа каўняром”, — адказаў той. 

Першыя гады працы былі для яе складанымі — усё ж такі не было спецыяльнай адукацыі, бездакорнай дыкцыі, аднак тыя часы яна ўспамінае з настальгіяй: “А як жа інакш. Нягледзячы на тое што на тэлебачанні было не так шмат сродкаў, добрай апаратуры, у нас быў цудоўны калектыў”. 

Тамара Уладзіміраўна расказвае і пра мінулую тэлевізійную моду: “Запрашаючы выступоўцаў на перадачу, іх прасілі пазбягаць белага і чорнага колераў. Часам чалавека, які прыйшоў на запіс у чорным гарнітуры з белай кашуляй, даводзілася хуценька пераапранаць у кашулю іншага колеру, тут жа зняўшы яе з рэжысёра або аператара”. 

Акрамя таго, камера «не любіла» тканін у дробную палосачку, якая на экране пачынала мітусіцца. Грым дыктары на заранку тэлевізійнай эры не накладвалі, вусны амаль не фарбавалі. Ды і чаго старацца — тэлебачанне было чорна-белым. Прычоскі рабілі сабе самі, толькі напрыканцы 70-х на студыі з’явіўся штатны цырульнік.


Пачынала Тамара Бесарабава з дыктара, аднак потым доўгі час працавала рэжысёрам: “Я рыхтавала цыкл перадач пра дванаццаць раёнаў нашай краіны. Знаёмілася з вяскоўцамі, перадавікамі сельскай гаспадаркі. Гэта настолькі добрыя і сардэчныя людзі, што іх цёплыя прыёмы памятаю да сённяшняга часу”.

ПРАГЛЯДВАЮЧЫ фотаздымкі мінулых часоў, сёння не верыцца, што ў тэлевізіёншчыкаў была такая груваздкая апаратура, не існавала камп’ютараў і інтэрнэту. Усё гэта, аднак, замяшчала прага да творчасці і эксперыменту, якую не заменяць ніякая найноўшая камера і мікрафон. З гэтым трэба было нарадзіцца. 

bizyk@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter