Уцеха для душы

На Хойнікшчыне шмат народных умельцаў. Яны могуць адмыслова рэзаць па дрэве, плесці з лазы, бяросты і саломкі, шыць стыльнае адзенне з абрэзкаў тканіны, майстраваць з металу элегантныя рэчы, “пісаць” карціны цестам. Сярод іх сваім майстэрствам вызначаецца настаўніца абслуговай працы Дзяржаўнай гімназіі Хойнікаў Людміла МАРОЗ. Вышыўка, бісерапляценне, нітачны дызайн, інкрустацыя саломкай, скураная пластыка і скураная мазаіка – вось віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія яна асвоіла, і свае веды шчодра перадае вучням.

У Хойніках «пішуць» карціны нават цестам.

— Людміла Іванаўна, калі пачалі займацца мастацкай народнай творчасцю?

— Інтарэс да яе прывілі мае маці і бабуля. Спачатку гэта было вязанне, потым захапілася інкрустацыяй з саломкі, зараз перавагу аддаю скураной пластыцы і скураной мазаіцы. Асвойвала народнае мастацтва ў час вучобы ў Вялікалукскім сельскагаспадарчым інстытуце, у час працы аграномам на Хойніцкай станцыі аховы раслін і будучы інструктарам РК КПБ. Зараз набытыя самастойна ўменні перадаю сваім вучням на ўроках абслуговай працы.

— Як можаце ахарактарызаваць адносіны вашых выхаванцаў да народна-прыкладнога мастацтва?

— Пра гэта яскрава гавораць перамогі, атрыманыя вучнямі на выстаўках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва не толькі раённага, але абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Дыпламантамі прадметнай алімпіяды станавіліся мае вучаніцы Алена Куліцкая і Таццяна Ярмоленка. Выпускнікі гімназіі, якія займаліся інкрустацыяй з саломкі, працуюць майстрамі на Хойніцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў.

Вопытам сваёй працы дзялілася летась з калегамі на рэспубліканскім семінары, які праходзіў у горадзе Светлагорску — давала майстар-клас па скураной пластыцы і скураной мазаіцы.

— Ведаю, што вы пастаянна ўдзельнічаеце ў рэспубліканскім конкурсе “Калядная зорка”.

— Так, і дамоў вяртаемся з Мінска з прызамі і дыпломамі. Зараз рыхтую да гэтага мерапрыемства сваю вышываную працу пад назвай “З калядкамі” — выконваю яе дробным крыжыкам з выявай анёла.

Вялікая колькасць наведвальнікаў азнаёмілася з маімі работамі на выстаўцы, якая арганізавана ў Дзень беларускага пісьменства.

— Скажыце, што для вас азначае захопленасць народнай мастацкай творчасцю?

— Варта толькі сесці за пяльцы або ўзяць у рукі сонечную саломку, як душа напаўняецца радасцю і спакоем. У нашым вірлівым жыцці гэта, напэўна, самае галоўнае.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter