Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У майстэрні гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава рыхтуецца да адкрыцця пастаянная экспазіцыя, прысвечаная Тадэвушу Касцюшку

Усюды яго лічаць сваім і памятаюць

200 гадоў таму, 15 кастрычніка 1817 года, памёр нацыянальны герой ЗША, нацыянальны герой Польшчы, ганаровы грамадзянін Францыі, ваенны і дзяржаўны дзеяч, таленавіты інжынер Тадэвуш Касцюшка. Родам жа ён – з беларускай зямлі: з фальварку Мерачоўшчына (мяцовая спрадвечная назва: Марачоўшчына.  Пра тое сцвярджае краязнаўца з Івацэвіцкага раёна Алесь Зайка. – Рэд.), які быў непадалёк ад мястэчка Косава (цяпер – Івацэвіцкі раён Брэстчыны). У многіх краінах яго імя носяць плошчы, вуліцы, паркі ды скверы, нават караблі, масты. І гара ў Аўстраліі названая ў гонар Касцюшкі. Лёс героя склаўся так, што праз стагоддзі адразу некалькі народаў лічаць яго сваім, памятаюць, цэняць і паважаюць. У тым ліку і ў Беларусі.


Асоба выдатнага земляка настолькі зацікавіла вядомага беларускага гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава, што падштурхнула на выданне кнігі, прысвечанай Тадэвушу Касцюшку. Яе прэзентацыя праходзіла ў бібліятэцы кангрэса ЗША. Цяпер аўтар у Вілейцы, у сваёй творчай майстэрні “У пошуках страчанага” рыхтуе пастаянную экспазіцыю пра Касцюшку і яго эпоху.

– Уладзімір Аляксеевіч, вы, вядомы збіральнік страчанага мінулага, што спрабуеце адшукаць у лёсе Касцюшкі? Бо пра яго, здаецца, вядома ўсё.

Уладзімір Ліхадзедаў і супрацоўніцы бібліятэкі кангрэса ЗША

– Для мяне ён цікавы ўжо тым, што не так шмат ураджэнцаў Беларусі зрабіліся такімі значнымі фігурамі сусветнага маштабу. Магу назваць Адама Міцкевіча... І, вядома, Касцюшку. Што да яго палітычных поглядаў, лічу: тэма па гэты час недастаткова вывучана. А тое, што вядома, выглядае ў пэўнай ступені аднабакова. Возьмем польскае паўстанне 1794 года, якое ўзначаліў Касцюшка. Так, ён біўся з царскімі войскамі. Падкрэсліваю – з царскімі. А не з рускімі: у арміі Расійскай імперыі служылі людзі самых розных нацыянальнасцей. Галоўнае для ўсіх нас – Касцюшка быў гарачым прыхільнікам вызваленчых, антыфеадальных ідэй. Захапляўся Вальтэрам, Русо, Мантэск’ё ... У Амерыцы – паплечнік Джэферсана, з якім потым сябраваў. Касцюшка заўсёды змагаўся за свабоду. І для пачатку вызваліў ад прыгоннай залежнасці сялян у сваім беларускім фальварку. Пазней ахвяраваў маёмасць на выкуп з рабства чарнаскурых амерыканцаў. Уласцівыя Касцюшку мужнасць, ахвярнасць, высакароднасць, любоў да радзімы – якасці, якія шанаваліся заўсёды ўсюды ўсімі, незалежна ад геаграфіі ды нацыянальнасці. Гэта вечныя каштоўнасці.

– Тым больш дзіўна чытаць пра нейкую“дзяльбу” імя Касцюшкі...

Салюр (Швейцарыя). Помнік Касцюшку. 1930-я гады Брэст (Беларусь). Помнік Т. Касцюшку. 1930-я гады
– Я абсалютна ўпэўнены: асоба Тадэвуша Касцюшкі, як і фігуры іншых дзеячаў падобнага ўзроўню і маштабу, павінна аб’ядноўваць людзей, а не раз’ядноўваць. Бо ў чалавецтва, па вялікім рахунку, агульны лёс і агульная гісторыя.

У мяне ў майстэрні афармляецца зала з пастаяннай экспазіцыяй, прысвечанай Тадэвушу Касцюшку. Адна яе частка ў чымсьці падобная да старонак маёй кнігі “Тадэвуш Касцюшка на старых паштоўках і ў графіцы”: у ёй таксама будуць выкарыстаныя старыя рарытэтныя паштоўкі, фатаграфіі, карціны, што адлюстроўваюць эпоху Касцюшкі. На іх выявы месцаў, звязаных з яго жыццём, партрэты сяброў і паплечнікаў, планы бітваў, у якіх удзельнічаў, фартыфікацый, узведзеных па яго праектах, мемарыяльныя знакі, помнікі, прысвечаныя Касцюшку. Усё гэта дазваляе глыбей акунуцца ў атмасферу бурных падзей таго часу.

Марачоўшчына (Беларусь). Дом, дзе нарадзіўся Т. Касцюшка. 1930-я гады

Другая частка экспазіцыі задумана як мемарыяльны пакой Касцюшкі. Так атрымалася, што памяшканне, адведзенае ў майстэрні пад экспазіцыю, прысвечаную Касцюшку, аказалася вельмі падобным да амерыканскага арыгінала: памерам, канфігурацыяй, размяшчэннем вокнаў і дзвярэй…

– Тадэвуш Касцюшка паехаў у Амерыку, каб змагацца за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній Англіі. У 1783-м кангрэс ЗША прысвоіў яму званне брыгаднага генерала. У Філадэльфіі ў доме 301 на Пайн-стрыт, дзе жыў Касцюшка, у 1979 годзе адкрыўся яго мемарыяльны музей, узведзены ў ранг нацыянальнага парку. Гэта сапраўды сведчыць пра значнасць асобы Касцюшкі.

Кракаў (Польшча). Саркафаг Касцюшкі на Вавелі. 1930-я гады

– І, уявіце сабе, нават там сярод аўтэнтычных прадметаў няма рэчаў, непасрэдна звязаных з Тадэвушам Касцюшкам. Цудам захаваўся толькі кавалачак шпалераў, дзякуючы чаму й вырабілі адпаведнае часу аздабленне сценаў. Але экспазіцыя паспяхова адраджае атмасферу, у якой жыў і дзейнічаў Касцюшка. Прыкладна такую ж мэту стаўлю і я. Дарэчы, тыя легендарныя шпалеры нам таксама ўдалося ўзнавіць. А яшчэ мне пашчасціла набыць для экспазіцыі ложак канца XVIII стагоддзя – ён даволі кароткі, бо тады на ім спалі амаль паўседзячы. У Філадэльфіі ў музеі, дарэчы, паставілі ложкі нармальнай даўжыні – мяркую, яны ўжо больш позняга перыяду.

Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Мілуокі (ЗША). Пачатак XX стагоддзя

– Калі экспазіцыя запрацуе?

– Першапачаткова планавалася – у кастрычніку, прымеркавана да памятнай даты. На жаль, прыйшлося перанесці. Тым не менш спадзяюся да канца года запросім вас на адкрыццё.

Джордж Вашынгтан дзякуе Тадэвушу Касцюшку за працы па ўмацаванні ды паспяховую абарону форта Вэстпоінт
– Будзем рады атрымаць яго.

ДАРЭЧЫ

У 2012 годзе прэзентацыя выдання “Тадэвуш Касцюшка на старых паштоўках і ў графіцы” праходзіла ў Вашынгтоне і Нью-Ёрку. У ЗША Уладзімір Ліхадзедаў ехаў па запрашэнні бібліятэкі кангрэса і быў прыемна здзіўлены, убачыўшы ў яе зборы свае кнігі. Выявілася, агенты бібліятэкі сочаць за кніжнымі навінкамі ў замацаваных за імі рэгіёнах свету і набываюць самае цікавае. Так кнігі Ліхадзедава перабраліся за акіян. А яшчэ праз два гады Уладзімір Ліхадзедаў прэзентаваў у ЗША ўсю калекцыю сваіх выданняў, якія пабачылі свет дзякуючы сумеснаму з газетай “СБ. Беларусь сегодня” праекту “У пошуках страчанага”.

З біяграфіі Тадэвуша Касцюшкі

Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ў 1746 годзе. Хрысцілі яго 12 лютага 1746 года ў Косаўскім касцёле Брэсцкага павета. На свет з’явіўся ў сярэднепамеснай шляхецкай сям’і ў фальварку Марачоўшчына. Што да рэлігійных перакананняў, то род яго быў вельмі характэрны для беларускіх зямель – паспеў пабыць праваслаўным, стаў каталіцкім, а маці Тадэвуша Касцюшкі, Тэкля Ратамская, спавядала ўніяцтва. Юны Тадэвуш сваю адукацыю распачаў у Брэсце, у езуіцкім калегіуме.

Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава

Голас Радзімы № 41 (3545), чацвер, 26 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter