Усё жыццё — трагіфарш

Ігар Казакоў — рэжысёр малады, але з тых, каго тэатралы ўзгадваюць часцей за некаторых іншых мэтраў.
Заўтра  мы  даведаемся  iмёны  пераможцаў  Нацыянальнай тэатральнай  прэмii.  Сёння  ж  прадстаўляем  самыя  яркiя  спектаклi  конкурсу  i іiх  творцаў.

Iгар КАЗАКОЎІгар Казакоў — рэжысёр малады, але з тых, каго тэатралы ўзгадваюць часцей за некаторых іншых мэтраў. Адна з такіх нагод — яго «Гамлет», пастаўлены ў Магілёўскім абласным тэатры лялек. Спектакль ужо атрымаў Гран-пры на VIII Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме М@rt.контакт-2013. Ён жа прадстаўлены і на Нацыянальнай тэатральнай прэміі.


— Ігар, як вам новыя правілы прэміі?

— Не зусім зразумелыя. Намінацый мноства, але ўзнікае пытанне: «А кампазітары ў краіне ёсць?» Здаецца, пра гэтых людзей, як і пра некаторыя іншыя тэатральныя прафесіі, забылі. Раней такія намінацыі былі, чаму яны зніклі?

— Але ёсць вялікі плюс — асобна вы-дзелены лялечныя спектаклі. Праўда, дзіцячыя і дарослыя спаборнічаюць разам. Гэта правільна?

— Не зусім. Хаця ёсць спакуса сказаць, што калі спектакль добры, то зусім не важна, для каго ён пастаўлены. Але, на маю думку, усё ж іх трэба раздзяляць.

— Вы прывезлі спектакль для дарослых, імкнецеся сталых людзей зацікавіць лялькамі?

— Ва ўсіх рэжысёраў ёсць жаданне дакрануцца да класікі, таму што матэрыялу шмат, ідэй таксама. Усім хочацца паспрабаваць. Дзякуй богу, фінансаў на гэта ў нас хапае. Сёння практычна любая п’еса можа ставіцца ў лялечным тэатры. Таму гэта ў першую чаргу цяга паставіць матэрыял, а ў другую — прыцягнуць дарослую аўдыторыю. Як правіла, людзі, якія даўно з дзецьмі былі ў тэатры ці нават наогул там ніколі не былі, лялечны лічаць дзіцячым. Тыя ж, то хоць аднойчы быў на спектаклі для дарослых, раз і назаўсёды ламаюць гэты стэрэатып. Іншая справа, што па колькасці мы пакуль саступаем дзіцячым, а па якасці не расчароўваем гледача.

— Рэдка які рэжысёр у пачатку свайго творчага шляху адважыцца ўзяцца за «Гамлета». Вы гэта зрабілі.

— Грэх не замахнуцца. Па-першае, гэта выдатны матэрыял. Як гаварыў Мейерхольд, ёсць дзве п’есы, за якія рэжысёр павінен плаціць (а не наадварот) — «Рэвізор» і «Гамлет». Дык вось, гэтая пастаноўка стала для мяне атэстацыяй сталасці ў прафесіі, ды і наогул ацэнкай нашага калектыву.

Калі я толькі пачынаў, мы працавалі ў старым будынку. Праз некалькі гадоў, пасля рэканструкцыі ў нас з’явіліся зусім іншыя магчымасці. Новая сцэна, дадатковыя творчыя адзінкі, якія добра дапоўнілі калекцыю нашых самародкаў, — мы саспелі да таго, каб ставіць нешта іншае, незвычайнае. І «Гамлет» стаў экзаменам.

— Жанр пазначаны як «трагіфарш», растлумачце, што гэта такое?

— Усім зразумела, што такое «трагедыя» і што такое «фарс». Але трэба разумець, што апошняе — гэта рэдуцыраванае французскае «фарш». Гэта жанр, які складаецца з многіх кампанентаў: інтэрмедый, сцэнак, украпванняў. Па сутнасці, па змесце п’еса — трагедыя, а па форме — фарш, і не толькі таму, што там пастаянна чаргуюцца проза і вершы, а яшчэ і таму, што ўсё, што там адбываецца — гэта бяздушная машына, у якую трапляюць персанажы. І ў нейкі момант механізм, які не падпарадкоўваецца ніякай волі, акрамя, магчыма, лёсу, нельга спыніць. І ўсе, хто спрабуе ім кіраваць, становяцца яго ахвярамі. Словам, гэтая машына ўсіх перамолвае, як фарш. Хаця «трагіфарш» — гэта гульня слоў, але яна дастаткова ярка выражае нашы аўтарскія адносіны да матэрыялу.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter