Белорусский государственный музей народной архитектуры и быта запустил виртуальный проект

Усё як на далоні

У зборы першага беларускага скансэна, адчыненага ў 1976 годзе, налічваецца каля 24 тысяч музейных прадметаў. Большасць з іх — вынік шматгадовых экспедыцый па розных рэгіёнах краіны. Тут і традыцыйныя прылады працы, і сельскагаспадарчыя транспартныя сродкі, і прадметы побыту, і народнае адзенне — карацей кажучы, усё тое, што расказвае пра жыццё нашых продкаў, адметных рысах беларускай народнай культуры. Вядома, немагчыма ўсе гэтыя прадметы прадставіць у экспазіцыі, таму супрацоўнікі музея запусцілі праект, які будзе знаёміць з імі віртуальна.

etna.by

Найбольш характэрныя прадметы з розных калекцый музея адлічбоўваюцца і паступова публікуюцца на сайце www.etna.by у фармаце 3D-мадэляў.

Стартаваў праект з калекцыі «Кераміка». Гэта ці не самы вялікі музейны збор ганчарных вырабаў у краіне — іх тут каля 1900. Многія з прадметаў паходзяць з буйных ганчарных цэнтраў: з Пружан, Поразава, Ракава, Копысі і іншых. Шэраг вырабаў створаны вядомымі майстрамі А.Р. Такарэўскім, І.І. Шопікам, М.В. Шэкіным, З.Л. Жылінскім. Апошні, да прыкладу, зляпіў цацку-свістульку «Вершнік на кані», якая ўвайшла ў віртуальны праект музея. Вырабы гэтага майстра з Ружан адрозніваліся павялічанымі памерамі, дэталізаванасцю і нагадвалі дэкаратыўную скульптуру.

Вялікая калекцыя — «Прадметы хатняга ўжытку з дрэва». Як вядома, нашы продкі з дрэва не толькі будавалі дамы, але і рабілі амаль усё хатнія прадметы — ад мэблі да посуду. Многія рэчы ўжо выйшлі з ужытку, таму калекцыя музея прадстаўляе вялікую цікавасць для сучаснікаў. Да прыкладу, супрацоўнікі музея адлічбавалі коўш «Карэц», выраблены яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя і знойдзены падчас экспедыцыі ў закінутай хаце ў вёсцы Дунілавічы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Дарэчы, раней каўшом называлі драўляную прыладу для перасыпання зерня, мукі і іншых сыпучых рэчываў. Ён быў авальнай формы і меў ручку, якая завяршалася круком або адтулінай для падвешвання. Коўш цыліндрычнай формы, больш прыдатны для зачэрпвання і піцця вады, квасу, бярозавіку, называлі таксама «карэц». Яго 3D-мадэль якраз і бачаць наведвальнікі сайта беларускага скансэна.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter