Усё вышэй і вышэй

Рэкорд па ліку стобальнікаў мінулага года ўжо перакрыты

Рэкорд па ліку стобальнікаў мінулага года ўжо перакрыты

Спецыялісты Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Міністэрства адукацыі працягваюць праверку работ абітурыентаў, якія прынялі ўдзел у цэнтралізаваным тэсціраванні гэтага года. Лік выдатных работ ужо перакрыў рэкорд мінулага года. Нагадаю, што тады на максімальны бал адказалі больш за 120 чалавек.

У гэтым годзе абсалютны вынік у 100 балаў толькі па матэматыцы атрымалі 146 абітурыентаў, што, дарэчы, роўна на сотню больш, чым у 2012 годзе! Вызначыліся і тыя, хто здаваў фізіку. Выдатныя веды прадэманстравалі 46 чалавек у параўнанні з двума ў 2012 годзе.

Зрэшты, тэндэнцыя на павелічэнне колькасці стобальнікаў у гэтым годзе была прыкметная яшчэ па выніках першых экзаменаў. Бо калі па выніках ЦТ-2012 толькі 19 абітурыентаў прайшлі іспыт па рускай мове на «выдатна», то ў гэтым годзе вышэйшы бал набралі 39 чалавек.

Падводзячы прамежкавы вынік, ужо сёння можна сказаць, што колькасць работ, якія атрымалі вышэйшую адзнаку, набліжаецца да 250.

Як падкрэсліў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Міністэрства адукацыі Мікалай Фяськоў, усе заданні, прапанаваныя ўдзельнікам тэсціравання ў гэтым годзе, былі распрацаваны ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі праграмы ўступных выпрабаванняў.

Нагадаю, што ўжо з 9 ліпеня ВНУ першага патоку пачнуць прыём дакументаў ад абітурыентаў. Традыцыйна гэта вышэйшыя навучальныя ўстановы міністэрстваў культуры, абароны, унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях.

І хоць час яшчэ ёсць, ужо сёння многія ВНУ робяць прагнозы і адносна якасці будучых абітурыентаў, і адносна папулярнасці тых ці іншых спецыяльнасцей. Як адзначае намеснік старшыні арганізацыйнай камісіі па правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання БДУ Вячаслаў Малафееў, у галоўнай ВНУ краіны традыцыйна чакаюць лепшых абітурыентаў. Што да прахадных балаў, па яго словах, яны не павінны вырасці, і магчыма, наадварот, знізяцца. «Прычынай таму памяншэнне колькасці абітурыентаў у гэтым годзе, а таксама ўвядзенне з гэтага года ніжняга значэння тэставага бала», — растлумачыў ён. Паколькі, у прыватнасці, па фізіцы парога ў 15 балаў не пераадолелі 37 % абітурыентаў, а па матэматыцы — 32,7%, па словах спецыяліста, прахадныя балы на прыродазнаўчыя і інжынерныя спецыяльнасці будуць зніжацца, а платную форму навучання можа чакаць недабор.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter