Усё трымаецца на руплiўцах

Работнiкi культуры рыхтуюцца прымаць вiншаваннi. З 1998 года указам Прэзiдэнта краiны другая нядзеля кастрычнiка пазначана на календары як iх прафесiйнае свята

На  гэты  раз  культработнiкi  зоймуць  свае  месцы  не  на  звыклай  сцэне,  а  ў  глядзельнай  зале   

Работнiкi культуры рыхтуюцца прымаць вiншаваннi. З 1998 года указам Прэзiдэнта краiны другая нядзеля кастрычнiка пазначана на календары як iх прафесiйнае свята. Хаця, калi глянуць шырэй, сваiм яго могуць лiчыць не толькi непасрэдна супрацоўнiкi ўстаноў i арганiзацый, падпарадкаваных Мiнкульту.  Разам з iмi i дзеячы мастацтваў, i вялiкая армiя самадзейных акцёраў, танцораў, музыкантаў, мастакоў, аматараў i майстроў народнай творчасцi. Сюды ж можна далучыць i будучых работнiкаў галiны – студэнтаў трох творчых ВНУ i больш чым 20 сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў. 

А калi дадаць i тых, хто неабыякавы да культуры, яе дасягненняў i праблем, хто з’яўляецца прыхiльнiкам розных вiдаў мастацтва i пастаянна карыстаецца паслугамi сферы, – наведвальнiкаў музеяў i клубаў, выставачных i канцэртных залаў, бiблiятэк, тэатраў i кiнатэатраў,  то выходзiць, што набывае свята маштаб амаль усенародны!.. 

Па традыцыi папярэднiчаць яму будзе ўрачысты сход у сталiцы. 12 кастрычнiка ў Мiнску, у зале Белдзяржфiлармонii, збяруцца лепшыя прадстаўнiкi галiны. Чакаюцца дэлегацыi з усiх абласцей, звыш 600 чалавек з розных рэгiёнаў краiны, з вiншавальнымi словамi да якiх звернецца мiнiстр культуры Беларусi Уладзiмiр Матвяйчук. Размова разам з тым пойдзе i пра культурныя здабыткi, i пра тых руплiўцаў, дзякуючы чыёй натхнёнай творчай працы яны назапашваюцца. Больш за 80 работнiкаў галiны – ад сельскiх бiблiятэкараў да вядучых артыстаў акадэмiчных тэатраў — атрымаюць напярэдаднi прафесiйнага свята ганаровыя граматы i пачэсныя адзнакi ад Савета Мiнiстраў краiны, Нацыянальнага сходу, Мiнiстэрства культуры. 

Мiж тым толькi гэтым збор у сталiцы такога вялiкага прадстаўнiцтва работнiкаў галiны не абмяжуецца. Дарэчы, гэта таксама традыцыя – спалучаць у святочным мерапрыемстве прыемнае з пазнавальным i карысным. Так адзiн год госцi з рэгiёнаў мелi магчымасць пабываць у толькi адкрытым Доме кiно, другi — наведаць унiкальны новы будынак Нацыянальнай бiблiятэкi, трэцi — убачыць на свае вочы вынiкi рамонту i рэканструкцыi Белдзяржфiлармонii. Як расказаў намеснiк мiнiстра культуры Валерый Гедройц, сёлетнiм аб’ектам для наведвання стане прыбудова Нацыянальнага мастацкага музея Беларусi, дзе можна будзе пазнаёмiцца i з яго новай экспазiцыяй, i з новымi iнфармацыйнымi магчымасцямi. 

Яшчэ адно цiкавае мерапрыемства – выстаўка новых вiдаў прадукцыi прамысловых прадпрыемстваў сiстэмы Мiнiстэрства культуры, дакладней кажучы, таго, што выкарыстоўваецца ў сучасным аснашчэннi клубных устаноў, музеяў, тэатраў i г.д. 

Культурная ж праграма перадсвяточнага дня прадэманструе вiноўнiкам урачыстасцей iх жа будучую змену. Свае таленты пакажуць тыя, каго неўзабаве будуць чакаць на рабочых месцах у арганiзацыях i ўстановах галiны. Вялiкi канцэрт рыхтуецца сiламi студэнтаў унiверсiтэта культуры i мастацтваў, двух акадэмiй — музыкi i мастацтва, харэаграфiчнага каледжа. 

На гэты раз работнiкi культуры стануць простымi яго гледачамi. Для многiх – нячасты выпадак, звычайна ж якраз iм самiм даводзiцца i рыхтаваць, i арганiзоўваць, i выступаць на сцэне — словам, забяспечваць культурны адпачынак для iншых. Такая гэта прафесiя, прычым з разраду тых, калi i выхадныя, i святочныя днi — працоўныя. Нават калi на календары 14 кастрычнiка. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter