Усё пройдзе, усё перамелецца.

Нядаўна была ў музеі ў Браславе. Экскурсаводы расказалі, што музей размяшчаецца ў будынку былога млына. Пачула ад іх таксама, што часам у музеі можна бачыць нейкія прывіды, якія асабліва добра бачныя на фотаздымках. У народзе кажуць, каб млын добра працаваў, неабходна пры яго будаўніцтве абавязкова прынесці ў ахвяру ці чалавека, ці хатнюю жывёлу. Ці праўда гэта?

У народнай культуры млын заўсёды лічыўся “нячыстым” месцам, з якім звязвалі цэлы шэраг павер’яў. Лічылася, што ўдзень на млыне мелюць муку людзі, а ўначы — чэрці. Побач з вадзяным млынам заўсёды знаходзіцца вадзянік, а млынара ў народнай творчасці неаднаразова папракалі тым, што ён наведваецца ў госці да нячыстай сілы і карыстаецца яе павагай. Паўсюдна лічылася, каб млын спраўна працаваў, млынар павінен быў перыядычна прыносіць нячыстай сіле, якая жыла побач, ахвяраванні: лусту хлеба, зерне ці муку, парсюка, шмат сала, а ў святы — гуску або курыцу, у ваду ліць гарэлку.

Існавала павер’е таксама, што з кожнага новага млына вадзянік ахвяру возьме, г. зн. патопіць чалавека, таму неабходна было прынесці ахвяраванне і тады, як пачыналі яго будаўніцтва. Млынар павінен быў патапіць у рацэ жывую курыцу. Калі млынар не рабіў гэтага, то лічылася, што вада зацягне яго самога. Расказваюць нават, што ахвярай для вадзяніка станавіліся і людзі, часцей за ўсё — сіроты. Часам, кажуць, млынары спецыяльна  запрашалі да сябе выпадковых вандроўнікаў, абяцаючы смачны пачастунак, а ўначы кідалі ахвяру ў ваду.

У культуры шматлікіх народаў млын стаў сімвалам лёсу, боскага пакарання. Нездарма ўзнік такі выраз, як “усё пройдзе, усё перамелецца”, бо лічылі, што млын “жыцця” дробніць зерне дабрыні і зла, а таму ўраўнаважвае падзеі лёсу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter