Пра што гаворыцца ў дакладзе “Індэкс эканамічнай палітыкі ў сферы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва: краіны Усходняга партнёрства”, які прэзентавалі ў Мінску

Усё пазнаецца ў параўнанні

Пра што гаворыцца ў дакладзе “Індэкс эканамічнай палітыкі ў сферы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва: краіны Усходняга партнёрства”, які прэзентавалі ў Мінску


На прадпрыемстве “Лінпак Пекенджынг” (Орша) вырабляюць сучасныя ўпакоўкі для захавання гародніны, фруктаў, сыра ды іншых прадуктаў

Даклад падрыхтаваны экспертамі Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) і яе партнёрамі — Еўракамісіяй, Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і Еўрапейскім фондам адукацыі (ETF). Немалы па памерах дакумент дае магчымасць зрабіць галоўныя высновы — наколькі наш сектар малога і сярэдняга бізнесу адрозніваецца ад бліжэйшых партнёраў і на якіх момантах дзяржаве варта сканцэнтраваць свае намаганні, каб палепшыць сітуацыю ў гэтай сферы. Намеснік міністра эканомікі Антон Кудасаў назваў гэты даклад проста — інструмент параўнальнага аналізу.

Пасол Еўрасаюза ў Беларусі Андрэа Вікторын растлумачыла сут­насць праведзенага даследавання: у 2008 годзе быў прыняты важны дакумент пад назвай “Акт Еўропы аб малым бізнесе”, які заканадаўча замацаваў 10 розных індыкатараў, што характарызуюць прымаемыя ў дзяржавах — партнёрах ЕС меры па падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Фактычна звяраючыся з гэтымі пунктамі жыве і развіваецца еўрапейскі бізнес апошнія гады. Але ў Еўрасаюзе вырашылі пайсці далей і гэтыя лякалы прымералі да сваіх бліжэйшых сусе­дзяў, гэта значыць да нас. Вынікі атрымаліся горшыя за еўрасаюзаўскія, але ўсё роўна нядрэнныя. Сваю ацэнку АЭСР праводзіла ва ўсіх краінах Усходняга партнёрства — не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне, Грузіі, Арменіі, Азербайджане і Малдове. Важна, што ўпершыню такія даследаванні прайшлі яшчэ ў 2012 годзе, гэта значыць ужо ёсць магчымасць параўноўваць цяперашняе становішча спраў з тым, што было раней.

Якія высновы зроблены адносна Беларусі? Кіраўнік праграмы АЭСР па павышэнні канкурэнтаздольнасці краін Еўразіі Антоніа Сома адзначыў, што з моманту папярэдняй ацэнкі ў 2012 годзе ў нас назіраўся “няхай павольны, але стабільны прагрэс”. З моцных нашых бакоў аналітыкі вылучылі, у прыватнасці, дзяржпалітыку, скіраваную на развіццё прыватнага сектара, значныя поспехі ў галіне рэфармавання нарматыўна-прававога асяроддзя, развіццё дзелавой інфраструктуры і растучыя тэмпы аўтаматызацыі паслуг для бізнесу. Быў адзначаны і даволі высокі ўзровень інтэрнацыяналізацыі малых прадпрыемстваў, гэта значыць іх растучая экспартаарыентаванасць. А вось у ліку відавочных мінусаў называюцца прыкладна тыя ж пункты, на якія не перастаючы скардзяцца нашы дзелавыя асацыяцыі: напрыклад, неабходнасць скарачэння нарматыўнага і падатковага цяжару і праблемы з доступам да фінансаў.


Па традыцыі АЭСР намякае ў дакладзе на неабходнасць правядзення ў нас рэформаў у сферы малога і сярэдняга бізнесу, адзначаючы, што пры падобных стартавых умовах суседзі па Усходнім партнёрстве аказаліся больш кемлівыя.

— Развіццё малога і сярэдняга бізнесу ў краіне будзе залежаць ад рэалізацыі сістэмных мер па лібералізацыі эканомікі: напрыклад, у галіне рэгулявання цэн, галіновай лібералізацыі, узмацнення канкурэнцыі, — удакладніў Сома. — Неабходна стварыць роўныя ўмовы для работы малога бізнесу і аднолькавыя магчымасці для ўсіх прадпрыемстваў незалежна ад формы ўласнасці.

У ліку плюсаў у АЭСР таксама назвалі існаванне прэзідэнцкай Дырэктывы “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці”, аднак пры гэтым панаракалі на тое, што ў краіне, нягледзячы на шэраг поспехаў, няма адзінай стратэгіі развіцця малога і сярэдняга бізнесу. З гэтай высновай эксперты, напэўна, паспяшаліся. Якраз у той момант, калі ішла прэзентацыя даклада, у іншай частцы горада праходзіла не менш важная для нашых прадпрымальнікаў падзея — Савет Міністраў разглядаў Дзяржаўную праграму развіцця малога і сярэдняга бізнесу на 2016-2020 гады.

Аляксандр Бянькоўскі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter