Хто і як сочыць за паветрам, рэкамі і лясамі на адзінай у краіне станцыі фонавага маніторынгу

Усё пад кантролем

Прыгожы экалагічны комплекс знаходзіцца ў Бярэзінскім запаведніку на велізарным лузе каля самага лесу. Насупраць унікальнай станцыі фонавага маніторынгу маленькая царква, якая проста здаецца ўпрыгажэннем ляснога пейзажу. Месца для яе будаўніцтва выбрана вельмі сімвалічна. Як быццам купал з крыжам ахоўвае сам экалагічны аб'ект, а значыць, і ўсіх нас — менавіта на станцыі фонавага маніторынгу пільна сочаць за антрапагенным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе. Гэта значыць, з дапамогай сучаснага абсталявання спецыялісты кантралююць, наколькі разбуральна ў адносінах да паветра, азёр і лясоў паводзім сябе мы, людзі.

Белая чапля любіць чыстую ваду.

З падрабязнасцямі гэтай нялёгкай і важнай для захавання планеты місіі знаёміць інжынер-хімік Алена Срыбная. Уначы ў запаведніку прайшоў вялікі дождж. Алена Мікалаеўна дакладвае: лівень працягваўся 6 гадзін 46 хвілін, выпала 56 міліметраў ападкаў — гэта дзве траціны месячнай нормы. Такая прыродная з'ява, калі за кароткі прамежак часу выпадае вялікая колькасць ападкаў, лічыцца асабліва небяспечнай. Так што на станцыі сёння працавалі ў экстрэмальным рэжыме. Вымярэнне колькасці ападкаў штогадзіннае, кожныя тры гадзіны інфармацыя перадавалася па ланцужку ў патрэбныя інстанцыі.

Кіслотныя дажджы могуць знішчыць прыроду.

Мы ідзём на метэаралагічную пляцоўку. У пункце маніторынгу забруджвання атмасфернага паветра прыйшоў час мяняць фільтры. Унікальнае абсталяванне падобна на маленькі завод з конуснымі трубамі. Бліскучыя камеры-электрааспіратары засмоктваюць атмасфернае паветра, праганяючы яго праз спецыяльныя фільтры. Потым гэтыя фільтры Алена Срыбная будзе даследаваць. Вынік тонкай лабараторнай работы — у лічбах. Правяраецца наяўнасць і велічыня ўсіх забруджвальных рэчываў, сумарных цвёрдых часціц, цяжкіх металаў і многае іншае. Алена Срыбная паказвае мне толькі што выцягнуты фільтр:

На выгляд фільтр чысты, а што ўнутры?

— Гэта на выгляд ён чысты, амаль белы. На самай справе тут мноства розных рэчываў. Наша задача — своечасова выявіць пагрозу і папярэдзіць негатыўныя сітуацыі, якія пагражаюць здароўю чалавека і навакольнаму асяроддзю. Кіслотныя дажджы, змяненне кіслотнасці вадаёмаў, закісленне глебы, гібель раслін... Усё гэта вынік лішку серы і азоту. Многія нават не падазраюць, што, удыхаючы паветра, збіраюць разам з ім і шматлікія цвёрдыя часціцы. І чым менш па памерах гэтыя часціцы, тым глыбей яны пападаюць праз верхнія дыхальныя шляхі і больш шкоды прынясуць арганізму. У выніку рэспіраторныя інфекцыі, астма, нагрузка на сэрца і лёгкія. Не менш небяспечны і прыземны азон — ён утвараецца з камбінацыі вокіслаў азоту, лятучых арганічных злучэнняў і сонечнага святла. Разам з аксідантамі ўсё гэта ўтварае фотахімічны смог, так званы парніковы газ. А ён згубны не толькі для чалавека, але і для ўсёй фаўны і флоры.


За сітуацыяй на станцыі сочаць у рэжыме рэальнага часу.

Што ж, з хіміяй скончана. А што яшчэ кантралюе створаная амаль 30 гадоў таму і да гэтага часу адзіная ў краіне станцыя фонавага маніторынгу? Аказваецца, тут кругласутачна вядуцца метэаралагічныя і актынаметрычныя (вымярэнне інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі) назіранні.


Адзіная ў краіне станцыя фонавага маніторынгу знаходзіцца ў Бярэзінскім запаведніку.

Я гляджу на цікавую канструкцыю. Гэта геліёграф. Ён рэгіструе працягласць сонечнага ззяння. Па спецыяльнай стужцы, дзе пазначаны гадзіны дня, праз лупу, у залежнасці ад вышыні стаяння нябеснага свяціла, сама па сабе прапальваецца выразная лінія. Адразу відаць, калі сонца было, калі не. Калі ўзышло, калі зайшло. А што ж радыяцыя? Сумарныя паказчыкі вымяраюць інтэгратар і піранаметр. Даныя заносяць у спецыяльны журнал. Мяне як дылетанта цікавіць: калі ўсё ж найбольш небяспечна загараць? Самая высокая актыўнасць сонца, сцвярджае метэаролаг Таццяна Куралёнак, а першай гадзіне дня. Звычайна летам у суткі рэгіструецца 18—20 мегаджоўляў (гэта адзінка вымярэння энергіі) на метр квадратны. Але найбольш «радыяцыйным» у цяперашнім сезоне было 30 ліпеня — адзначана 25,63 мегаджоўля, 1 жніўня — крыху менш 24,71. Так што на станцыі фонавага маніторынгу ўсё пад кантролем. Галоўнае, каб і мы самі сябе бераглі. Разам з прыродай, у якой жывём.

Алена ВЕРАСК

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter