Галіна Калюжная, заслужаны работнік культуры Украіны і кіраўнік Мінскага грамадскага аб’яднання “Заповiт”, якое ў хуткім часе адзначыць 25-гадоў з дня ўтварэння, не ўяўляе свайго жыцця ў Беларусі без трывалай сувязі з Украінай, хоць і жыве тут больш за пяцьдзясят гадоў.

Усё пачынаецца з любові…

Галіна Калюжная, заслужаны работнік культуры Украіны і кіраўнік Мінскага грамадскага аб’яднання “Заповiт”, якое ў хуткім часе адзначыць 25-гадоў з дня ўтварэння, не ўяўляе свайго жыцця ў Беларусі без трывалай сувязі з Украінай, хоць і жыве тут больш за пяцьдзясят гадоў. Таму і робіць усё магчымае, каб расказаць беларусам, якая багатая і цудоўная культура яе Радзімы.

Galina Kalyuzhnaya — an Honoured Worker of Culture of Ukraine and the Head of Minsk’s Zapovit Public AssociationЯна патэлефанавала ў рэдакцыю і выказала сваю просьбу: раскажыце і вы пра гэты выдатны Шаўчэнкаўскі конкурс, маўляў, такі часопіс… А потым Галіна Яфімаўна прыйшла да нас, каб паказаць малюнкі дзяцей, навучэнцаў дзіцячых мастацкіх школ і цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінска, прысвечаныя 200-годдзю з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі. Знаёмячыся з ёю, я зразумела, што малюнкамі мы не абмяжуемся: мая просьбітка не магла не выклікаць сімпатыі і павагі да яе асобы. Энергічна і зацікаўлена распавядала і пра суполку ўкраінцаў, якую ўзначаліла яшчэ 15 гадоў назад, і пра газету “Українець в Білорусі”, якая выдаецца ёю разам з паплечнікамі, і пра сваіх нястомных памочнікаў, і пра супрацоўніцтва са школамі і бібліятэкамі, у прыватнасці, з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Дарэчы, летась у Нацыянальнай бібліятэцы праводзіўся круглы стол на тэму — “Тарас Шаўчэнка і ўплыў яго творчасці на духоўны свет славянскіх народаў”. Выступалі навукоўцы з Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук Беларусі, БДУ. Сам Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі і кіраўнік таварыства “Беларусь-Україна” пры Доме дружбы — ініцыятар і удзельнік такіх мерапрыемстваў. “Ён жа са Львоўшчыны родам, нас, украінцаў і нашы пачуцці, разумее”, — Галіна Яфімаўны не хавае свайго захаплення калегам, у якога і ўкраінская кніга — у пашане. Бо і яе жыццё звязана з кнігай: шмат гадоў працавала ў прафсаюзнай бібліятэцы. А вось што пра Калюжную гаворыць Раман Сцяпанавіч: 

— Гэта чалавек унікальны. Яе энергіі можна пазайздросціць. І ўсё, што яна робіць, сагрэта цяплом яе сэрца. 

Магчыма, далёкія продкі Калюжнай калісьці жылі ў Беларусі. Ну чамусьці ж лёс закінуў яе з украінскага горада Дубна Ровенскай вобласці ў Мінск, да сваякоў, калі памерла маці. У Мінску Галіна сталела, вучылася ў Педагагічным інстытуце, вывучала бібліятэчную справу. Потым выйшла замуж, нарадзіла дачок. Усё ў гэтым жыцці не выпадкова, гаворыць мая суразмоўніца, і, мабыць, на раду, як гаворыцца, ёй было напісана, з’ехаўшы з Украіны, умацоўваць сувязь радзімы з Беларуссю. Што яна і пачала рабіць, працуючы ў адной з мінскіх бібліятэк. 

Творы пераможцаў і іншых удзельнікаў Шаўчэнкаўскага конкурсу малюнкаў, прысвечанага 200-годдзю з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі

Ёсць такая асаблівая, сказала б, шчаслівая катэгорыя людзей — грамадскія работнікі, якім, па-мойму, уласцівы не зрасходаваны лішак энергіі, якая “просіць” укладання ў якую-небудзь карысную справу. Вось такія асобы, што называецца, бескарысліва ўзвальваюць на сябе груз грамадскай работы, знаходзячы ў ёй і ра­дасць, і натхненне. Галіна Яфімаўна ў іх ліку. У 2005 годзе ўзна­чаліла “Заповiт”, першае ўкраінскае аб’яднанне. А да таго гэта быў аддзел пры мінскай бібліятэцы №20. Ужо тады рабіла ўсё магчымае, каб і культурныя сустрэчы, і літаратурныя і песенныя вечары, на якіх гучала яе родная мова, і розныя конкурсы не толькі аб’ядноўвалі ўсіх тых украінцаў, якія па розных прычынах жывуць у Мінску, але і знаёмілі беларусаў з культурнай прасторай Украіны.

Дарэчы, на сённяшні дзень “Заповіт” з’яўляецца адным з самых моцных сярод іншых філіялаў Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра”. У мінскай арганізацыі каля сотні чалавек. Як жа працуюць “запавітаўцы”? Галіна Яфімаўна расказвае аб гэтым так захоплена, што складваецца ўражанне, што і ўначы, толькі яе разбудзі, яна слова ў слова эмацыйна паўторыць тое, што ўжо не раз гаварыла прадстаўнікам СМІ. З той толькі розніцай у інфармацыі, якую дыктуюць новыя праекты.

У цяперашні час, паводле яе слоў, паплечнікі па аб’яднанні працуюць гэтак жа натхнёна і актыўна. Гэта і Алена Юдзіна, і Ганна Сапсай, і Яраслаў Казюк, і Надзея Нямко, і Вольга Сухарэнка, і іншыя яе аднадумцы. Без іх яна не справілася б. Таму ўсякі раз ёй хочацца дзякаваць ім за сяброўства і ўдзел ва ўсіх пачынаннях. Ці не стамілася Галіна Яфімаўна за 15 гадоў быўшы “головой” аб’яднання? (У перакладзе з украінскай мовы — голова азначае: кіраўнік — Аўт.). 

Ды няма калі ёй стамляцца, адказвае, спраў шмат і планаў адпаведна. Адна з найбліжэйшых — 9 сакавіка. У гэты дзень спаўняецца 201 год са дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі. Таксама і газета патрабуе ўкладання сіл. І дапамога бежанцам. Мінскія ўкраінцы па магчымасці імкнуцца дапамагчы пацярпелым: прыносяць у таварыства Чырвонага Крыжа прадукты харчавання, вопратку, абутак. І спадзяюцца, што мір на ўсходзе Украіны , нарэшце, усталюецца.

Творы пераможцаў і іншых удзельнікаў Шаўчэнкаўскага конкурсу малюнкаў, прысвечанага 200-годдзю з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі

Талерантныя адносіны да іншых народаў, як вядома, адрозніваюць чалавека культурнага. А яго імкненне паглыбіць веды пра культуру і мастацтва іншага народа, яго літаратуру, побыт, уклад жыцця, тым больш таго народа, з якім маеш агульныя славянскія карані, садзейнічае фарміраванню асабістай культуры. “Таму, — гаворыць Галіна Яфімаўна, — не толькі нам, украінцам, так важна спяваць свае песні, каб адчуваць сувязь з радзімай, але і беларусам іх слухаць і нават вывучаць украінскую мову. Багацейшыя ж душой стануць, адчуўшы музыку іншай мовы і яе падабенства з беларускай”. А прадаставіць гэтую магчымасць фальклорны ансамбль “Ватра”, які толькі за апошнія гады не аднойчы атрымліваў званне лаўрэата міжнародных, рэспубліканскіх і гарадскіх фестываляў. Акрамя таго, і конкурсы чытальнікаў і юных мастакоў, якія праводзяцца сярод беларускіх школьнікаў, духоўна ўзбагачаюць не толькі саміх удзельнікаў, але і ўсіх тых, хто мае да гэтых праектаў дачыненне. Так, ужо двойчы “запавітаўцы” арганізоўвалі з нагоды юбілеяў Тараса Шаўчэнкі і конкурсы чытальнікаў, і конкурсы малюнкаў — да 195-годдзя з дня нараджэння Вялікага Кабзара, а таксама да 200-годдзя.

І я разумею, чаму падобныя конкурсы можна і трэба праводзіць не адзін раз: нельга раз і назаўжды духоўна ўзба­гаціцца. Гэта працэс бясконцы і доўжыцца, пакуль жыве чалавек. Галіна Яфімаўна са мной згаджаецца, дадаючы: сілы ёй дае любоў да роднай Украіны. І ўспамінае з задавальненнем, як праходзіла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 2-га Мінскага Шаўчэнкаўскага конкурсу чытальнікаў і 2-га Шаўчэнкаўскага конкурсу малюнкаў у Мінскім Палацы дзяцей і моладзі:

 — Гэта было прыгожае свята ўрачыстасці творчага духу і дружбы паміж двума нашымі народамі. Мяркую, цяга да яго праяўлення закладзена ў прыродзе чалавека. І ён па­чынае такую творцасць праяўляць з малых гадоў, пазнаючы навакольны свет, іншыя культуры. Сутыкаючыся з творамі мастацтва, чалавек пачынае тварыць сам: спяваць, чытаць вершы, маляваць, ляпіць… Хіба гэта не падарунак Усявышняга, што ён стварыў нас такімі! 

У конкурсах, пра якія расказвае Галіна Яфімаўна, прыняло ўдзел больш за 200 дзяцей. Дыпломамі, граматамі, падзякамі, памятнымі падарункамі і зборнікамі вершаў Кабзара адзна­чылі больш за 60 канкурсантаў. Толькі на конкурс малюнкаў было прадстаўлена 140 работ. І 22 удзельнікі сталі пераможцамі. Узнагароды разам з падарункамі дзецям уручалі прадстаўнікі Пасольства Украіны ў Беларусі, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі, Саюза беларускіх мастакоў, Камітэта па адукацыі і Ўпраўлення культуры Мінскага гарвыканкама.
Так, у Беларусі ушаноўваюць украінскага Кабзара. Дарэчы, 24 вуліцы ў розных гарадах краіны названыя ў яго гонар. І, напэўна, у дзень нараджэння паэта да помнікаў, якія адкрыты ў Мінску, Брэсце, Магілёве, Гомелі, Слуцку, прыйдуць не толькі ўкраінцы, але і беларусы — прыхільнікі яго творчасці. Прыйдзе да помніка Тараса Шаўчэнкі, што ля пасольства Украіны ў Беларусі, і Галіна Яфімаўна, каб пакланіцца любімаму паэту. Не іначай, як з кветкамі і любоўю. Таму што, як прызналася, яна пераканана: толькі дзякуючы гэтай любові б”ецца яе сэрца.

Валянціна Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter