Усё пачалося з цяляцi

Васямнаццаць год таму Аляксандр Раманаў паехаў адпачыць да сястры ў бацькоўскі дом паблізу Віцебска, ды так і не вярнуўся ў горад
Аляксандр і Ніна РАМАНАВЫВасямнаццаць год таму Аляксандр Раманаў паехаў адпачыць да сястры ў бацькоўскі дом паблізу Віцебска, ды так і не вярнуўся ў горад

Да вёскi Ботанічы ў Задуброўскім сельскім Савеце, дзе абаснаваўся Аляксандр Тарасавіч з роднай сястрой Нінай, амаль з усіх бакоў падступае лес.
Жывуць Раманавы ў звычайнай вясковай хаце, дзе раней жылі іх бацькі, на самым пачатку вуліцы, ля стромкіх густых ёлак і чырвонага куста каліны.

Калi падышоў да яе, убачыў на ўзбочыне зялёную машыну, ля якой мітусіліся людзі. Сярод іх выдзяляўся пажылы чалавек з кульбай. Гэта, як аказалася, і быў Аляксандр Тарасавіч. Ён абменьваў у мясцовай гаспадарцы сваю цялушку на бычка. Праўда, машыну для гэтай аперацыі чамусьці прыслалі пасажырскую. І цялё нагамі, хоць яны і былі звязаныя, лупіла ў бакавіны. Вадзіцель нервова пыхкаў цыгарэтай і урэшце не вытрымаў:

— Аляксандр Тарасавіч, падыдзіце хутчэй! Мо, вас паслухаецца жывёліна, а то разнясе ў шчэпкі!

Раманаў заглянуў у салон, цялушка сапраўды сцішылася, і машына кранулася з месца.

На апусцелай вуліцы пакутным позіркам праводзіла яе Ніна Тарасаўна.

— Гэта ж пашкадавалі рэзаць. З яе можа вырасці добрая кароўка. Вось і дамовіліся памяняць на бычка, — патлумачыла яна.

Пакуль брат адсутнічаў, яна расказала нямала з яго біяграфіі. Калі пачалася вайна, Аляксандру было ўсяго восем год. Жыхароў вёскі Ботанічы акупанты западозрылі ў сувязях з партызанамі, арыштавалі 76 мужчын і ўсіх расстралялі. У тым ліку і іх бацьку. Вось тады і пакляўся Аляксандр адпомсціць. З жабрацкай торбачкай за плячыма ён вандраваў па варожых гарнізонах, запамінаючы, дзе і колькі фашысцкай тэхнікі і салдат. Потым гэтыя звесткі перадаваў партызанам. Ніхто з гітлераўцаў не мог дацяміць, што гэты малы — разведчык. А яшчэ ён падвозіў народным мсціўцам хлеб, які выпякала маці. Аднойчы не паспеў ён з чарговай паклажай як след адысці ад хаты, як з-за кустоў выскачылі немцы.

— А-а, партызан! — зароў гітлеравец і шчоўкнуў затворам аўтамата, каб расстраляць хлопчыка. Але яго напарнік паспеў адвесці рульку зброі ўбок: 

— Найн, кляйнэ кіндэр!.. (Не, малое дзіця).

У той жа дзень Аляксандра, яго старэйшага брата Анатоля, трохгадовую Ніну і маці, Ганну Іванаўну, забралі. Пазней яны аказаліся ў канцэнтрацыйным лагеры ў Германіі. Аляксандр, нягледзячы на малы ўзрост, хадзіў спачатку на працу на фабрыку, дзе рабілі лесвіцы для караблёў, а потым на авіяцыйны завод, дзе наразаў разьбу на гайках.

Пасля вайны трапіў служыць у авіяцыю. Там жа спасцігла яго яшчэ адна трагедыя. Яго полк у 1954 годзе быў задзейнічаны ў выпрабаванні атамнай бомбы на Тоцкім палігоне. Аляксандр там атрымаў павышаную дозу радыяцыі і пасля звальнення і трапіў у бальніцу.

— Нічога не можам знайсці. І што ў цябе за хвароба такая? — здзівіліся ўрачы.

А ён нічога не мог сказаць, бо падпісаў дакумент не раскрываць тайну Тоцкага палігона на працягу 25 год.

Уладкаваўся ў Віцебску на завод вымяральных прыбораў. Яму даверылі самую складаную работу на кардынатна-расточным станку, дзе, акрамя ўмення чытаць чарцяжы, патрабавалася з філіграннай дакладнасцю выточваць дэталі. Раманаў выдатна спраўляўся, і можна зразумець кіраўніцтва прадпрыемства, якое ўгаворвала яго застацца пасля атрымання пенсіі.

Аляксандр Тарасавіч, які на той час пабудаваў дабротны дом у абласным цэнтры, вагаўся:

— Вось з’езжу на лета да сястры на дачу, а там бачна будзе!

Не думаў ён тады, што гэта «лета» расцягнецца на цэлых васямнаццаць год...

– А пачалося ўсё з цяляці, — прыгадвае Аляксандр Тарасавіч даўнюю гісторыю. — Тут жыла тады наша пляменніца Валя. У яе ацялілася карова, і пляменніца гаворыць: «Шкада рэзаць цяля. Вазьміце вы!» Прынялі. Цялушка на свежай траве ды хлебе дужа спрытная стала. Нам ужо і ў горад пара кратацца, а куды яе падзець? Вось і наважыліся перазімаваць у вёсцы. З цялушкі вырасла добрая карова. Па два вядры малака давала. Ну як тут збываць?! Потым у гэтай каровы цялё з’явілася. Далей — болей: гадавалі ўжо трох кароў.

Аб горадзе ўжо і размовы не вялі.

— Аляксандр Тарасавіч, прабачце, але ж тры каровы выгадаваць неяк трэба. Вам гаспадарка сена давала? — спрабую высветліць.

— Ды не, усё самі. Узяў тры гектары зямлі. Нарыхтоўваў кармы спачатку ўручную, потым паглядзеў — не справіцца. Заняўся механізацыяй.

— Ён жа два трактары зрабіў, спецыяльныя сані для перавозкі сена, розныя плугі, культыватары, — дапаўняе Ніна Тарасаўна.— Пакажы чалавеку!

Трактары гэтыя, нечым падобныя на лунаходы, стаялі пад акном.

Адзін мініяцюрны з сядзеннем ад матацыкла «Урал», з жалезнымі коламі. Другі — куды большы.

За домам — шэраг прычапной тэхнікі: культыватары, бароны, плугі, таксама зладжаныя рукамі майстра і з улікам асаблівасцяў да мясцовай зямлі. Асобна — тыя самыя сані, на якіх дастаўляў корм каровам. Пакуль не было трактараў, Раманаў прычапляў іх да «УАЗа-69». Машына гэта і зараз на хаду. Тут жа, у гаражы, стаіць і бартавы «ЗІЛ». Праўда, як зазначае гаспадар, хоць машына спраўная, але даўно не выязджаў на ёй. Шмат бярэ гаручага.

— З дровамі, відаць, праблем няма, лес кругом? — пытаюся ў гаспадароў.

— Дровы выпісваем у сельскім Савеце. Дзякуй нашаму старшыні сельвыканкама Сяргею Віктаравічу Макавуху. Залаты чалавек, што ні папросіш — дапаможа.

— У яго ж пасада такая.

— Не кажыце. Нямала такіх начальнікаў, што далей паперкі не ступяць. А гэты не такі.

— Напэўна, за ўсё цяжэй перажыць зіму? — спачуваю Раманавым.

— Прывыклі. Чысцяць дарогу, прыходзіць аўталаўка. Калі завіруха, то стараемся ўзяць хлеба паболей. Адно дрэнна — людзей мала засталося, — перажывае ветэран. — Усяго чатыры сям’і на вёску. Затое вясной і летам наязджаюць дачнікі.

Сябе дачнікамі Раманавы даўно не лічаць.

Аляксандр Тарасавіч як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны атрымлівае пенсію каля пяці мільёнаў рублёў, сястра — звыш трох. Маглі б спакойна, без лішніх турбот, жыць у горадзе, тым больш маючы свой дом. Але Аляксандр Раманаў вярнуўся на бацькоўскую вотчыну, каб паспрабаваць адрадзіць сваю родную вёску, даказаць, што гэта магчыма. Патрэбна толькі жаданне...


Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter