Карэспандэнты «СГ» даследавалі сталічныя і правінцыяльныя карані гурта NaviBand

Усё Глыбокае пасля паўфiналу стаяла на вушах

СЁННЯ ў Кіеве на сцэну Міжнароднага выставачнага цэнтра выйдуць вакалісты з 26 краін, каб пазмагацца за перамогу ў песенным конкурсе “Еўрабачанне-2017”. У гэтым спісе і наш гурт NaviBand — Арцём ЛУК’ЯНЕНКА і Ксенія ЖУК. Спевакі насуперак песімістычным прадказанням букмекераў увайшлі ў фінал вакальнага спаборніцтва. Гэта, лічы, ужо перамога, бо дайсці да асноўнага канцэрта конкурсу нам не шанцавала апошнія два гады. А NaviBand даказалі, што беларускамоўная песня “Гісторыя майго жыцця” яшчэ які фармат для еўрапейскай сцэны. Пакуль некаторыя скептыкі прарочылі нашаму гурту правал (як аказалася, глядзелі ў мутную ваду), родныя і блізкія, настаўнікі і аднакласнікі салістаў верылі ў іх поспех. Ведаеце, Глыбокае, адкуль родам спявак Арцём, увогуле стаяла на вушах!

Фота БЕЛТА

РАДАСНЫ, узнёслы настрой беларускай каманды пасля паўфінальнага канцэрта хутка змяніўся на працоўны лад. Аказваецца, адразу пасля ўдалага выступлення гурта творчая брыгада падзякавала адзін аднаго за якасную працу і разышлася па нумарах — пасля такога насычанага і складанага дня артыстаў чакалі ранні пад’ём і чарговая рэпетыцыя.  “СГ” патэлефанавала ў Кіеў і ад Яўгена Перліна, які ўжо пяты год каментуе “Еўрабачанне”, што называецца, з першых вуснаў даведалася, як нумар ацаніла публіка:

— Усё прайшло добра — вакалісты справіліся з пастаўленай мэтай. Прыемна, што столькі гледачоў падтрымлівала выканаўцаў. Верылі ў Navi ў першую чаргу родныя салістаў — у Кіеў прыехалі бацькі Ксеніі і Арцёма, нават яго дзядуля Васіль Васільевіч. Вось такая моцная група падтрымкі! Што да прадказанняў букмекераў, іх ніколі не чытаю. Да таго ж пасля першага паўфіналу стала бачна, што ў сваіх прагнозах яны памыляюцца. Канешне, складана не пагадзіцца з фаварытамі — Італіяй і Балгарыяй, бо нумары ў іх добрыя, пра выканаўцаў шмат гавораць. Але свае перавагі да фіналу выказваць не буду, навошта? Да таго ж у нас ёсць свае выканаўцы, за іх і будзем трымаць кулачкі. 

Яўген дадаў, што пасля паўфінальнага канцэрта спевакам няма калі адпачываць — напярэдадні галоўнага выступлення Арцём і Ксенія пайшлі на рэпетыцыю традыцыйнага парада сцягаў, потым чарговы прагон нумара. Да фінальнага канцэрта рыхтуецца і сам каментатар “Еўрабачання” — збірае цікавую інфармацыю пра сёлетніх удзельнікаў. Складанасць у тым, што першы раз за ўсю гісторыю конкурсу яго суправаджае тэкст на беларускай мове: 

— Мовай карыстаюся ў эфірах на праграме “Добрай раніцы, Беларусь”, у некаторых рэпартажах, але вось так весці жывы маналог пашанцавала ўпершыню. Прызнаюся, трохі складана, калі свой падрыхтаваны тэкст інтэрв’ю прыходзіцца перакладаць спачатку з англійскай мовы на рускую, а затым ужо на беларускую. Але для мяне гэта добры вопыт. 

Пасля размовы з каментатарам бачна, што настрой у нашай каманды ў Кіеве ўзнёслы.

Фота РЭЙТЭР

КСЕНІЯ Жук нарадзілася ў Мінску. Талент, верагодна, у дзяўчыны ад бацькоў: тыя вучыліся ў педагагічным універсітэце і ўдзельнічалі ў тэатральнай трупе. Ксенія скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, а цяпер выкладае вакал для дзяцей. 

У Глыбокім, дзе рос і вучыўся Арцём, складана адшукаць сям’ю, якая б не сачыла за выступленнем нашых спевакоў. “Ды вы што, у нас увесь горад на вушах, — пацвердзіла намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці СШ № 3 Святлана Шымко. — На наступны дзень пасля паўфіналу радасную падзею абмяркоўвалі з калегамі, вучні таксама радаваліся, нават першаклашкі ведаюць Арцёма, ганарацца сваёй зоркай. Нядзіўна, бо да шостага класа ён вучыўся ў нас. Запомніла яго прыветлівым хлопцам. Цікава, што яшчэ з пачатковай школы ён ніколі не развітваўся з гітарай. Арцём з інструментам за плячыма — прывычная карціна. 

Дарэчы, у СШ № 3 будучы спявак вучыўся ў беларускамоўным класе. Потым яго вучні перайшлі ў Глыбоцкую раённую гімназію, якую і скончыў Арцём. Нам пашанцавала адшукаць настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Таццяну Барткевіч, якая з шостага класа выкладала ў хлопца дысцыпліну:

— Вучань выпусціўся з гімназіі яшчэ ў 2009 годзе, але ўрэзаўся ў памяць. І не таму, што зараз гэта для нас зорка. Не. Проста Арцём заўсёды быў нейкім асаблівым — здзіўляў глыбінёй разважанняў, быў вельмі старанным. Як кажуць, якое карэнне, такое і насенне. Усё гэта пра яго і яго сям’ю. Цікава, што вучыўся ён на 7—8, а ў апошніх класах працавітасцю дасягнуў таго, што стаў выдатнікам. Вельмі любіў мову: не столькі самі правілы, як яе гучанне. 

Таццяна Фёдараўна паведаміла, што асаблівая любоў у Арцёма была і да літаратуры. Запомніўся настаўніцы адзін з апошніх урокаў літаратуры, калі вучань выбраў для аналізу збор твораў Рыгора Барадуліна:

— Ён заўважаў тое, што не бачылі астатнія. Яго разважанні ўразілі нават вучняў, а мяне падштурхнулі яшчэ раз перачытаць аўтара. Арцём удзельнічаў у школьных вечарах: чытаў вершы, спяваў. Дарэчы, музыкай займаўся з пачатковай школы. Быў у яго і свой школьны хіт — верш нашага паэта Віталя Гарановіча “Ну хто прыдумаў школу”, музыку да якога напісала настаўніца музыкі Ганна Шакола. Гучаў у выкананні нашага выпускніка на ўсіх святах.

Вучні Глыбоцкай раённай гімназіі шлюць прывітанне свайму земляку

Такім актыўным Арцёма запомніла і аднакласніца Юлія Барыла:

— Ён увесь час жартаваў. Быў нашай школьнай зоркай. Прыемна, што зямляк так добра праявіў сябе. Я, напрыклад, сачыла ў інтэрнэце за навінамі, чытала водгукі. Нашы аднакласнікі збіраюцца ў Мінску глядзець фінал конкурсу разам. Вось якая падтрымка!

ЗОРКАЙ хлопец быў і ва ўніверсітэце, памятаю гэта сама. У Інстытуце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў спявак, яго таксама добра ведалі. На святах першакурснікаў, днях студэнтаў, конкурсах прыгажосці Арцём з гітарай — галоўная дзеючая асоба. Прычым заўсёды пазітыўны, адкрыты, свойскі. Такімі мы бачым нашых спевакоў са сцэны, такія яны і ў жыцці. Гэтым, мабыць, і кранулі ўсю Еўропу...

ДАВЕДКА «СГ»

Беларусь прымае ўдзел у песенным конкурсе «Еўрабачанне» з 2004 года. Упершыню ў фінал конкурсу прайшоў беларускі прадстаўнік Дзмітрый Калдун з англамоўнай песняй Work Your Magic. Адбылося гэта ў 2007 годзе ў Хельсінкі.  Дзмітрый паказаў самы лепшы вынік сярод беларускіх удзельнікаў, заняўшы 6-е месца. Затым у 2010 годзе на «Еўрабачанні» ў  Осла беларускі калектыў  «3 + 2» здолеў прайсці ў фінал з песняй Butterflies на англійскай мове. У шведскім горадзе Мальмё ў 2013-м Алена Ланская парадавала беларусаў выхадам у фінал з песняй Solayoh. У 2014 годзе ў Капенгагене Tэа з песняй Cheesecake таксама прабіўся ў фінал.

bizyk@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter