Нататкі вясковай жанчыны

Усё гэта — маё жыццё. Вясковае

Добры дзень, паважаная рэдакцыя «Сельской газеты»! Піша да Вас вясковая жанчына Валянціна Бабко-Аляшкевіч. Перыядычна купляю і чытаю газету, трымаючы ў руках яе бумажны варыянт, часцей заглядваю на электронныя старонкі. І востра мне захацелася напісаць Вам пра сваю вёску. Нічым яна не адметная, няма старажытных помнікаў, лесу і ракі, але ж такая родная, што не хапае слоў, каб распавядаць аб гэтым. І напісала я пра яе кароткія эсэ. Нядрэнна было б на старонках паважанага выдання крыху чытаць і такога плану матэрыялы ці вершы ад вясковых аўтараў. Тым больш мае вяскоўцы і выпісваюць, і чытаюць «Сельскую газету».

Былы старшыня сельвыканкама Людміла МАЦІЕЎСКАЯ (у цэнтры) прыехала ў госці да Валянціны БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ і яе мужа Міхаіла.

Пра сябе. Мая Радзіма — вёска Радкава, што на Салігоршчыне, якую моцна люблю і ў якой адчуваю сябе бы рыба ў вадзе. І нарадзілася, і жыла, і працавала, і працягваю жыць пакуль і пісаць менавіта ў роднай вёсцы. Ёсць і кватэра ў горадзе, але ж дзе будзе лепш, чым на родным падворку, у садзе, што выпеставаны сваімі рукамі, дзе гадуюцца ўнукі, дзе калышацца мора кветак, дзе растуць бэры з жытнікамі?! Мая хата стаіць на тым месцы, дзе жылі мае прадзед Арсень, дзед Ігнат, тата Віктар Аляшкевічы. Я люблю хадзіць па іх сцежках, думаць, пісаць. На гэтай зямлі выраслі і двое маіх дзетак, на ёй жа мы з мужам гадуем сваіх унукаў. Шмат чаго працягваю рабіць для сваіх землякоў, бо была абрана старастай вёскі. Гадкоў тры змагалася за тое, каб прывялі ў належны стан родную вуліцу пасля правядзення газу. Вясной змагалася за тое, каб прыбралі спіленыя дрэвы з вясковых могілак.

У роднай вёсцы ў мяне ёсць свая хата і 25 сотак зямелькі. Ля хаты расце сад фруктовы і разбіты кветнікі, абкладзеныя вялікім каменнем, што збірала і адна, і з мужам, і з унукамі цэлых 12 гадоў па навакольных палетках. На сваіх сотках з мужам разбілі яшчэ адзін, ужо дзіўны сад: елкі, сосны, бярозы, арэхі, баярышнік, абрыкосы, слівы, вішні, дзікія яблынькі, ажына, аронія, шыпшыны, арабіна, ядлоўцы, бэз, чаромха, каліна і невялікія кветкавыя клумбы, абкладзеныя каменнем, такія астраўкі прыгажосці між дрэў і кустоў. Гэта ўсё патрабуе шмат часу і працы, але з’яўляецца найвялікшай крыніцай натхнення для вясковай паэткі. Мала таго, дык у гэтым маім дзіўным садзе растуць ужо і грыбы, бо я грыбнік, і кожны раз, вяртаючыся з лесу, высыпаю астаткі лясных грыбоў у сваім са­дзе. Так і прыжываюцца яны на новай тэрыторыі. Не баюся аніякай вясковай працы, шмат чаго ўмею рабіць і ў агародзе, і ў хаце, і шыю, і вяжу, і траву люблю касіць, і з малатком спраўляюся, і з пілой, і рамонты люблю рабіць з мужам, і люблю гатаваць для родных розныя прысмакі. Адным словам, усё, як і трэба вясковай жанчыне! Такі ж працавіты ў мяне муж (інжынер-радыёфізік), такія ж працавітыя дзеці і ўнукі: сын — айцішнік, дачка — інжынер-тэхнолаг харчовай прамысловасці, унукі — студэнты і вучні школы. Напісала не для таго, каб пахваліцца, а проста гэта — маё жыццё. Вясковае.

* * *

За вясковымі агародамі ляжыць вялікі поплаў. Як сёння сказаць, гектараў з дваццаць. На тым поплаве выкапаны вадаём, каб было дзе паіць вясковы статак. Вада ў тым вадаёме такая мяккая, што ўсёй вёскай людзі ходзяць на яго мыць бялізну. Але самая цікавая дзея — гэта калі жанчыны вымочваюць у вадзе выбеленае блехам саматканае палатно. Вакол вадаёма па зялёнай траве бягуць белыя сцяжынкі з ручнікоў. Прыгажосць несусветная! А пах ад іх такі, што вочы зажмурваюцца ў асалодзе.

* * *

Я працую ў роднай вёсцы ў медыцынскім пункце. Вясковая дакторка. Так мяне завуць мае землякі. Як кажуць, дзе нарадзілася, там і спатрэбілася. Няма ніводнай хаціны, куды б мяне ні запрашалі да хворых. Па роднай вуліцы я прайшла за трыццаць гадкоў не адну сотню кіламетраў. Па тых жа калдобінах, лужынах, гразі. Мая праца — маё жыццё.

Ад «СГ»: Паважаныя чытачы, чакаем водгукаў. Калі нататкі вясковай жанчыны спадабаліся, у наступную суботу мы надрукуем астатнія, а таксама вершы аўтаркі.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter