Три подписания и штраф на 255 рублей: как мы искали и нашли «авторов» несанкционированных свалок

Усё да кучы

Расталы снег агаліў сляды, пакінутыя чалавекам за некалькі месяцаў зімы — месцамі на зямлі валяюцца не толькі бяскрыўдныя недакуркі, але і бутэлькі, рыззё, цэлафанавыя абгорткi i пакеты... Сёлета навядзенню парадку на зямлі надаецца асаблівая ўвага. У прыватнасці, Прэзідэнт даў дакладнае даручэнне зацікаўленым установам: паклапаціцца аб дагледжанасці і чысціні не дзеля так званай паказухі, а каб кожнаму было прыемна жыць, працаваць і адпачываць. Гэтая важная тэма таксама знайшла адлюстраванне і ў Дырэктыве № 7, якая, апроч ін­ша­га, накіра­вана і на змяншэнне аб’ёмаў утварэння цвёрдых камунальных адходаў. Карэспандэнт «Р» разам са спецыя­­­лістамі Мінпры­роды па­гля­дзела, наколькі вострай з’яўляецца праблема несанкцыя­ніраваных звалак.

Зараз дзейнічаюць рэспубліканскі і рэгіянальныя планы па навядзенні парадку на зямлі.

У рэйд выехалі сонечнай раніцай. Уздоўж дзяржынскай трасы ціша ды роўнядзь, але прадчуванне Мікалая Свідзінскага, начальніка ўпраўлення біяла­гічнай і ландшафтнай разнастай­насці Мiнicтэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя, не падводзіць. Калі спускаемся да зоны адпачынку «Пціч», адразу ж натыкаемся на «падарунак», пакінуты дарожнікамі, — гару будаўнічага смецця.

— Пасечаныя астаткі, кавалкі дарожнага пакрыцця, жалеза, пластык і грунт, магчыма, забруджаны нейкімі хімічнымі рэчывамі, — з сумам пералічвае напаўненне гэтай стыхiйнай звалкі спецыяліст. — Вядома, гэтай памыйніцы тут не месца. А адказваць за гэтую звалку, хутчэй за ўсё, будзе дарожная служба. Як? Тлумачыць Аляксандр Цебрук, начальнік упраўлення каардынацыі кантрольнай дзей­насці Мiнicтэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя:

— У такіх сітуацыях мы высвятляем, як звалка ўтварылася. Гэта складана, але, бывае, людзі самі пакідаюць нам падказкі. Трэба толькi пашукаць. Аднойчы мы знайшлі кучу смецця, а зверху ляжаў дзённік дзяўчынкі. Па яе прозвішчы адшукалі бацькоў, выклікалі іх на размову і пасля прызнання склалі пратакол. Дарэчы, штрафы за такія ўчынкі немаленькія — да 1000 базавых велічынь, гэта 25 500 рублёў. А вось у сітуацыях, калі вінаватага знайсці не ўдаецца, мы выклі­каем землекарыстальніка і вы­піс­ваем прадпісанне: прыбраць смецце, напрыклад, у тыднёвы тэрмін. Потым прыязджаем з праверкай: калі парадку няма — штраф да 20 базавых велічынь (510 рублёў) за невыкананне прадпісання.

Велізарны сметнік у літаральным сэнсе ўрос у зямлю.

Мы ўжо збіраліся ў дарогу, калі да спецыялістаў Мінпрыроды звярнуўся Канстанцін Лютко, начальнік выратавальнай станцыі «Пціч». Мужчына прызнаецца: ёсць уздоўж берага месцы, куды не ступала нага прыбіральшчыкаў. Што ж, паглядзім. Ідзём праз лес: і хай галінкі так і хочуць падрапаць твар, а вільгаць ад мокрага моху прасочваецца ў чаравікі, паветра тут цудоўнае! Праз кіламетр натыкаемся на велізарны сметнік. У літаральным сэнсе ён урос у зямлю. Чаго тут толькі няма ў кучы: і адзенне, і шкляныя бутэлькі, і ржавы стары веласiпед, нават рондалі з патэльнямі. Адчуванне, што ля берага Пцічы ўсё лета жыла нейкая сям’я. Але спецыяліст канстатуе: гэтаму сметніку ўжо не адзін год:

— Прыбярэжная паласа ля вадаёма — зона строгага кантролю. Усе гэтыя бытавыя адходы забруджваюць ваду. Бараўлянскаму спецлясгасу — прадпісанне і пратакол. Такога тут быць не павінна.

Знайшлі мы ў гэтай зоне яшчэ некалькі несанкцыяніраваных звалак і рушылі далей — у Фані­паль. Мясцовы палігон памерам 2,76 гектара не ўпершыню прыцягвае ўвагу правяраючых, бо знаходзіцца ў неналежным стане. Што гэта значыць? Спецыяліст абяцае паказаць на прыкладзе, а пакуль па дарозе выяўляем яшчэ некалькі стыхійных звалак. Самы вялікі шок у мяне выклікае велізарная гара, якую знаходзім недалёка ад закрытага міні-палігона ў пасёлку Негарэлае. Уезд сюды ўжо даўно забаронены, зараз будаўнікі зай­маюцца рэкультывацыяй былога сметніка. Але, мабыць, жыхары наваколля вырашылі не змяняць звычцы і арганізавалі вялікі сметнік побач, прама ў лесе. Вінаватых ужо не адшукаеш, таму ўборкай прыйдзецца заняцца землекарыстальніку. І чаму ён раней гэтага не зрабіў? Рытарычнае пытанне так і павісла ў паветры.

Ну а мы нарэшце даехалі да дзеючага палігона. Уезд абгароджаны прапускным пунктам, шлагбаумам і... мяшкамі са смеццем.

— Відаць, хтосьці не даехаў пару метраў або не захацеў плаціць, вось і кінуў свае «пажыткі» тут, — мяркуе Аляксандр Цебрук. — Вядома, гэтага быць не павінна, работнікі палігона абавязаны сачыць за чысцінёй.

Выявілі інспектары яшчэ некалькі парушэнняў, напрыклад нядобрасумленнае сартаванне адходаў. Законам забаронена хаваць у зямлі другасныя матэрыяльныя рэсурсы — пластык, шкло і паперу трэба аддаваць на перапрацоўку. А тут усё смецце ў кучы — і шыны ад аўто, і бутэлькі... Па выніках праверкі інспектар выпісвае пратакол кіраўніцтву палігона са штрафам 10 базавых велічынь (255 рублёў).

glushko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter