
Да таго ж на прадпрыемстве ўчора запусцілі новую тэхналагічную лінію па вытворчасці шакаладу і шакаладных цукерак метадам адліўкі — халодны штамп. Навінкі ад прадпрыемства папоўняць у тым ліку і серыю навагодніх падарункаў.
Асартымент для будучай лініі на кандытарскай фабрыцы падабралі загадзя, вывучыўшы густ і перавагі пакупнікоў. Лінія была індывідуальна выраблена па заказе прадпрыемства, яе ўзводзілі больш за год. Сёлета «Камунарка» плануе выпусціць больш як мільён навагодніх набораў — вагой ад 300 грамаў да 3 кілаграмаў.
— Пры вытворчасці прадукцыі на дадзенай лініі мы ўлічылі сучасныя трэнды здаровага харчавання — начынка з натуральнага пюрэ, сушаныя ягады і арэхі, —распавяла карэспандэнту «Р» галоўны тэхнолаг кандытарскай фабрыкі Алеся Ганчарова. — Усё лепшае і самае карыснае — дзецям, і каб яны сустрэлі навагоднія святы больш радасна, мы стварылі лінейку «Дзіцячыя гісторыі», дзе абышліся без кандытарскага тлушчу на аснове пальмавага алею, замянілі яго камбінацыяй какава-масла з алеем шы.
ikras@sb.by