Робім цікавыя рэчы з дапамогай звычайных нажніц і паперы

Усё ў ажуры

Хоць аднойчы ў жыцці з выцінанкай сустракаўся кожны, нават калі слова гэтага не ведаў. Успомніце, вы, напэўна, выразалі ў дзіцячым садку, школе або ўжо ў дарослым жыцці сняжынкі, якія пасля прымацоўвалі на шыбы, вешалі пад столь. Аднак сняжынкі — толькі адзін з самых просценькіх відаў выцінанкі, тэхнікі выразання з паперы. Выцінанкай можна ўпрыгожыць паліцы, шыбы, вазоны, на яе аснове атрымліваюцца цікавыя карціны, паштоўкі і абярэгі.

Народны майстар Вольга Palunisa, якая займаецца выцінанкай каля трыццаці гадоў, верыць, што ў гэтага віду мастацтва вялікая будучыня:

— Выцінанка — адмысловы беларускі брэнд, які можа стаць візітоўкай беларускасці ў свеце. Сёння назіраецца адраджэнне гэтага віду народнай творчасці. І выцінанка вяртаецца да нас у самым нечаканым выглядзе.

Да прыкладу, не так даўно Вольга адкрыла для сябе, што выцінанку можна клеіць на драўляную аснову, і стала рабіць з яе элементамі ўнікальныя ёлачныя цацкі і завушніцы, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю, асабліва ў моладзі.

— Яшчэ 10—15 гадоў таму выцінанкай мала хто цікавіўся, — нагадвае Вольга. — Цешыць, што мода на яе ўзнікла менавіта на беларускай зямлі, а не прыйшла з захаду, усходу альбо яшчэ адкуль з-за мяжы. Менавіта таму наша выцінанка захоўвае свае адметныя асаблівасці, незалежна ад таго, дзе выкарыстоўваецца.

Сярод гэтых асаблівасцей — прынцып шматразовага складвання, стварэнне нават мудрагелістай выявы з парэзак простых геаметрычных форм, сіметрычнасць узору, дэкаратыўнасць і, галоўнае, стылізаванасць. Прадметы ў выцінанцы не проста адлюстроўваюцца — яны дэкаратыўна асэнсоўваюцца, ім надаюцца форма, стыль. Таму, нягледзячы на тое, што матэрыялы выцінанкі даступныя і распаўсюджаныя, мастацтва яе разумення, а тым больш стварэння ўласных твораў, патрабуе пэўнага густу, вопыту і адчування эстэтыкі.

Аднак паспрабаваць сябе ў выцінанцы можа кожны. Тым болей што гэтае захапленне не патрабуе ні мастацкай адукацыі, ні набыцця спецыяльных прылад і матэрыялаў. Неабходныя толькі папера і нажніцы. Часам выцінаншчыкі выкарыстоўваюць яшчэ нажы і прабойнікі, але гэта зусім неабавязкова. Паколькі пры працы з паперай не трэба вялікіх прыстасаванняў накшталт ткацкага варштата ці ганчарнага кола, выцінаць можна нават едучы ў цягніку.


Яшчэ адзін плюс гэтага беларускага хобі — выцінанкам не патрэбны асаблівы догляд. Хіба што іх нельга трымаць у вільгаці альбо складваць на печ — усё ж такі папера.

— Раю мець не адну выцінанку ў доме, — гаворыць Вольга. — Каб можна было змяняць іх паводле ўласнага настрою. Бо кожная выцінанка таксама мае свой каляровы і сэнсавы настрой. І, калі ён адпавядае вашаму, яна можа быць ментальным суразмоўцам. Спалучаючы ў сабе выразнасць графічнасці, пластыку ліній, уздзеянне колеру і сімвалічную насычанасць, выцінанка перастае быць проста мастацкім творам. Гэта аповед душы, подых тонкіх дум.

Гістарычная даведка

У Беларусі выцінанка з’явілася ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Найбольшую папулярнасць яна набыла ў пасляваенныя гады. Адчуваючы недахоп у многіх матэрыялах, але жадаючы хоць неяк упрыгожыць жыллё, нашы бабулі і дзядулі выкарыстоўвалі тое, што было пад рукой, і ў першую чаргу паперу. З яе рабілі фіранкі, сурвэткі, упрыгожванні для абразоў і многае іншае.

Майстар-клас ад Вольгі Palunisa


Пырханне выцінанак

Прапаную выразаць восеньскіх матылькоў. Іх, канечне, не бывае. Але ж так не хочацца верыць у тое, што будзе толькі халадней, а да новых вяснова-летніх матылькоў яшчэ доўга-доўга. Мае матылькі — як развітанне з летам і напамін пра тое, што яно яшчэ вернецца і ўсцешыць нас. Тым, хто любіць бабіна лета, прапаную выразаць аранжавых, жоўтых, чырвоных матылькоў. На сценах вашых пакояў яны будуць лётаць, як восеньскае лісце ў паветры кастрычніцкага дня з ласкавым сонейкам і няветлівым ветрам. Тым, хто ўжо чакае хутчэйшага надыходу зімы са снегам, раю выразаць белых снежных матылькоў. А чорныя дзякуючы іх графічнай выразнасці стануць акцэнтам у любым інтэр’еры.


1. Падрыхтуйце паперу любімага колеру, нажніцы, аловак, двухбаковы скотч. Перамалюйце альбо раздрукуйце на прынтары старонку з лякаламі матылькоў.

2. Разрэжце аркуш па лініі І, потым — па лініі ІІ, каб атрымаліся тры аркушы з рознымі матылькамі: адзін просты, два другія — больш складаныя.

3. Пункцірныя лініі — лініі згібу, суцэльныя — лініі выцінання. Найперш складзіце па лініі згібу № 1. Згінайце вельмі дакладна!

4. Пасля складзіце па лініі згібу № 2 і выразайце ўнутраны ўзор. Як выражаце — разагніце згіб № 2.

5. Потым складзіце па лініі згібу № 3 і таксама выразайце ўнутраны ўзор. Як выражаце — разагніце згіб № 3.

6. Зараз матылёк мусіць атрымацца з выразаным унутраным дэкорам і складзеным толькі па лініі згібу № 1. Цяпер выцінайце агульны абрыс матылька.

7. Раскладзіце згіб № 1. Адрэжце ад двухбаковага скотча вузенькі кавалачак шырынёй 3—5 мм. Адным бокам прыклейце скотч да тулава матылька, другім — туды, куды матылёк захоча прысесці (акно, сцяна, дзверы, ваза з кветкамі альбо без іх, каробка з падарункам, корпус ноўтбука, вялікае люстэрка ў вітальні).

8. Атрымалі задавальненне? Пачынайце рабіць наступнага матылька.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter