Усяму свой час: сну, сілкаванню, духоўнай ежы

Лаўрэат прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін выказаў і свае пажаданні чытачам «Сельской газеты»
Амаль чвэрць стагоддзя  таму выпускнік факультэта радыёфізікі  і электронікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Віталь Тупека, атрымаўшы дыплом інжынера-радыёфізіка, паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. На трэцім курсе падаў прашэнне і быў прыняты ў лік браціі Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра, дзе з благаславення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі быў пастрыжаны ў манаства з імем Веньямін — у гонар свяшчэннамучаніка Веньяміна, мітрапаліта Петраградскага і Гдоўскага. Закончыў і Мінскую духоўную акадэмію з вучонай ступенню “кандыдат багаслоўя”. Прызначаўся благачынным Жыровіцкай абіцелі, намеснікам Свята-Благавешчанскага Лядзенскага мужчынскага манастыра. У саставе дэлегацыі Мінскай епархіі прымаў удзел у Памесным саборы Рускай праваслаўнай царквы.



Шэсць гадоў таму свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам нарачоны епіскапам Барысаўскім, з 2014-га — епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі. Быў кіраўніком Выдавецкай рады Беларускай праваслаўнай Царквы. Узначальвае сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі. 

За заслугі перад Беларускай праваслаўнай царквой узнагароджаны ордэнамі святога Кірылы Тураўскага II ступені і Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай. Сёлета стаў лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. 

Вялікая Айчынная вайна асіраціла многія сем’і ў глыбіннай палескай вёсцы Велямічы. З маленькімі дзецьмі на руках засталася саракагадовая Ганна Гушча, муж якой загінуў у баях з фашыстамі. Забрала вайна ў аўдавелай жанчыны і немаўля, якое захварэла і памерла ў гады акупацыі. Сялянка касіла траву, дровы нарыхтоўвала, бывала, і за плугам на полі хадзіла. Двух сыноў і дачушку да працы прывучала. Да вайны з мужам Піліпам Гушчай трымалі кароў, коней, свіней і розную птушку. Жылі заможна, і, калі ў вёсцы ўсталявалася савецкая ўлада, іх сям’ю ледзьве не раскулачылі. Ганна Фёдараўна сама сірот выхоўвала. Дзеці выраслі, завялі свае сем’і. Сыны Фёдар і Канстанцін збудавалі новы дом. Састарэлая Ганна Фёдараўна цешылася падрастаючымі ўнукамі. Дзеці Ганны Фёдараўны не забывалі шлях на родны падворак.

— Як толькі пачыналіся летнія канікулы, я імчаў у Велямічы на сустрэчу з роднымі, — узгадвае епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін. — Прыбраныя пакоі з вышытымі падушкамі на жалезных ложках, рамкі на сцяне з сямейнымі фотаздымкамі, акуратна абвешаныя льнянымі ручнікамі абразы. Прасторны падворак і агарод з градамі агуркоў, буракоў, морквы, капусты, цыбулі і доўгімі загонамі бульбы. 

Бабуля пільна трымалася праваслаўных традыцый і звычаяў, імкнулася жыць па-хрысціянскі і мяне прылучала да веры. Чытаць і пісаць не ўмела, але асноўныя малітвы ведала. Калі з вёскі прыязджала да нас у горад Лунінец, адводзіла мяне ў дзіцячы садзік. Бывала, мы крочылі ў лунінецкі Свята-Крыжаўзвіжанскі храм, дзе я разглядаў багатае ўбранне, слухаў царкоўныя спевы і прымаў Прычасце. Выходзілі з храма, і бабуля даставала з сумачкі прыпасены сняданак, карміла мяне, а потым адводзіла ў групу. Пераканаўча тлумачыла выхавальніцы спазненне, і я заставаўся гуляць з дзецьмі. Напярэдадні Вялікай пятніцы мы абавязкова прыкладаліся да плашчаніцы. Звычайна ноччу маці будзіла мяне, і, каб ніхто не бачыў, крочылі ў царкву. У атэістычны час праваслаўная вера ў нашай сям’і не згасала. 

— А ў школе бурліла сваё жыццё. Фізічныя і хімічныя формулы, цікавыя літаратурныя героі, на прыкладах жыцця якіх вас выхоўвалі. Якія прадметы больш цікавілі?

— З першага класа лёгка давалася арыфметыка. Настаўніца пачатковых класаў Клаўдзія Карнееўна Ефімава так цікава складала і адымала кубікі на ўроках, што не заўважалі, як звінеў званок на перапынак. І чытанне любіў. У старэйшых класах захапляўся фізікай, хіміяй, геаметрыяй. Але больш за ўсё — матэматыкай. Імкнуўся да ведаў. Кожны прадмет па-свойму адкрываў погляд на рэчаіснасць. 

— Як закончылі сярэднюю школу?

— На выдатна, акрамя некаторых прадметаў. 

— Атрымалі атэстат сталасці, і сто дарог адкрылася. Хто дапамагаў у выбары?

— Сам выбраў факультэт радыё фізікі і электронікі Белдзяржуніверсітэта. Вучоба ў сталіцы давала магчымасць знаёміцца з багатым культурным жыццём вялікага горада. Да  ўступных экзаменаў рыхтаваўся самастойна. У той час слова “рэпетытар” не ведалі. Не так і проста было вытрымаць  уступныя экзамены,  але я ўдзельнічаў і выйшаў у пераможцы матэматычнай алімпіяды, што праводзіла газета “Советская Белоруссия” і БДУ. За перамогу атрымаў дадатковы бал пры паступленні ва ўніверсітэт і прайшоў па конкурсе. Вярнуўся на радасцях дамоў студэнтам. Пасля другога курса два гады служыў у сухапутных войсках на Карэльскім паўвостраве. Калі ў Вільнюсе пачаліся хваляванні, нашу часць перавялі ў Літву. У звальненнях наведваў Прачысценскі кафедральны сабор і манастыр у гонар святых віленскіх мучанікаў.

— Душа прагла веры?

— Але не настойліва. Больш дзеля дапытлівасці і ўнутранага задавальнення.

— Закончылася армейская служба, і вярнуліся да студэнцкага жыцця. 

— Яно хутка праляцела, і атрымаў дыплом інжынера-радыёфізіка. Больш адчуваў, што свецкі занятак не для мяне. Меў магчымасць уладкавацца на прэстыжнае прамысловае прадпрыемства, але вырашыў паступаць у Мінскую духоўную семінарыю. Пасля трэцяга курса падаў прашэнне і быў прыняты ў брацію Свята-Успенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыра. Там быў пастрыжаны ў манаства з імем Веньямін — у гонар свяшчэннамучаніка Веньяміна, мітрапаліта Петраградскага і Гдоўскага. 

— Ваша праасвяшчэнства, пасля заканчэння Мінскай духоўнай акадэміі вы атрымалі вучоную ступень “кандыдата багаслоўя”. Пастаянна сустракаецеся ў храмах з вернікамі, многія з якіх працуюць на зямлі. Спрадвеку сейбіт выходзіў у поле з малітвай і спадзяваннем. Месца хлеба ў доме ганаровае – на стале, пад абразамі. Па традыцыі зімовым часам у народзе вызначаюць, якім выдасца год. Калі ў калядныя дні неба зорнае, то чакай ягаднага лета, а шэрань на дрэвах — да багатага ўраджаю збажыны. Як царква адносіцца да народных прыкмет? Ці падтрымліваецца гэта?

— У свеце ўсё ўзаемазвязана. Прыкметы можна прымаць часткова. Калі чорны кот дарогу перабег, ці хто з пустым вядром цябе сустрэў — звычайныя забабоны. Прыродныя цыклы з часам мяняюцца. Калі ў народных прыкметах ёсць пэўная заканамернасць, якая закладзена Усявышнім, да гэтага варта сур’ёзна ставіцца. 

— Перад Вялікім пастом адзначаюць Масленіцу, а летам — Купалле. Чаму царква гэтыя святы не прызнае? Як быць верніку?

— Важна ўдаляцца ад таго, што няправільна і некарысна, і прытрымлівацца адобраных духоўных традыцый. Гэтыя святы не нясуць духоўную радасць, і царкоўнай паўнаты жыцця ў іх няма. Але калі Масленіца разглядаецца як тыдзень загавення перад Вялікім пастом і праводзіцца не ў гуляннях, а ў духоўнай стрыманасці, варта такога свята прытрымлівацца. Купалле засталося ад паганства. Нашы продкі адверглі паганства і прынялі хрысціянства. Дзякуючы гэтаму з’явіліся Крыж і храм Прападобнай Ефрасінні Полацкай і роспісы цудоўныя, якія да нашага часу захаваліся і ўражваюць высокадухоўным выкананнем. Усё гэта прынесла хрысціянства, якое заклікае да добразычлівасці, любові, цярпення, узаемапаразумення. Лепшымі рысамі хрысціянскіх ідэалаў напоўнены традыцыйныя святы. І тое, што мы можам сказаць, чым можам ганарыцца, усё лепшае беларускай нацыі выкрышталізавалася дзякуючы хрысціянству і захавалася пры малітоўнай падтрымцы нашых святых.

— Хрысціянства падзелена на праваслаўе і каталіцызм. Ці магчымы працэс яднання гэтых дзвюх канфесій у адзіную?

— У кожнай канфесіі склаліся свае традыцыі, і вернікі іх свята прытрымліваюцца. А збліжэнне знівеліруе ўсталяванае стагоддзямі. Пэўна, такое збліжэнне нікому не будзе на карысць.

Дружалюбнае суіснаванне прадстаўнікоў розных канфесій неабходна і павінна быць. Нельга варагаваць з-за розных рэлігійных перакананняў. Гісторыя сведчыць, што, на жаль, на беларускіх землях такое бывала і прыводзіла да трагедый.

— Як быць рознаканфесійным сем’ям?

— Справа чыста індывідуальная. Муж і жонка павінны самі вырашаць, як быць. Не лішне параіцца са святаром. Складана агулам даваць парады. Але пры гэтым трэба з павагай адносіцца да духоўнай спадчыны і звычаяў іншых і згодна з Законам Божым ахоўваць свае карані. 

Духоўнасць накопліваецца вякамі, а згубіцца можа даволі хутка. На дзяржаўным узроўні яна больш важная, чым самыя вялікія багацці. Залаты фонд нацыі – амаль 70 беларускіх святых. 

— У будучым годзе спаўняецца пяць вякоў з дня выдання ў Празе Францыскам Скарынай кірыліцкім шрыфтам першай беларускай кнігі “Псалтыр”. Ці плануецца Беларускай праваслаўнай царквой кананізаваць яго?

— Выданне “Псалтыра” не надае асноў для кананізацыі ўсходнеславянскага першадрукара, пісьменніка, грамадскага дзеяча, вучонага-медыка Францыска Скарыны да ліку святых з пункту гледжання праваслаўя. Хаця ён, безумоўна, адзін з найбольш яркіх гістарычных дзеячаў Беларусі. У гонар яго названы вышэйшыя беларускія дзяржаўныя ўзнагароды: медаль і ордэн. 

— Ваша праасвяшчэнства, як можна ацаніць свой узровень веры, каб быць упэўненым, што ты з Богам?

— Нашы ацэнкі могуць быць далёкімі ад ісціны. Апостал Павел адзначаў, што ён сам не судзіць сябе. Суддзя яму – Бог. Сваё жыццё кожны павінен звяраць з евангельскім вучэннем, атрыманым у спадчыну ад Хрыста, які павучаў: “Хто любіць Мяне, той і запаветы Мае выконвае”. Любоў і вера ў Бога дае магчымасць выконваць іх. Калі ж гэта не робім ці часткова выконваем, то адхіляемся ад шчырай веры.

— Ад дзесяці асноўных біблейскіх запаведзей?

— У Нагорнай пропаведзі ў Евангеллі “Ад Мацвея” больш шырока трактуюцца яны. Не забі – нават калі чалавек гневаецца на іншага, то парушае запаведзь. І так па кожнай запаведзі трактуюцца ўдакладненні.

— Як гасіць у сабе парасткі грэшнасці?

— Існуе навука пра духоўнае ўдасканальванне, як пераадольваць такія схільнасці і ўмацоўвацца ў дабрачыннасці. У творах святых айцоў распавядаецца, як пераадольваць смутак, змагацца з маркотай, утрымлівацца ад пераядання, засцерагацца трымаць у сэрцы крыўду. Многаму можна павучыцца з жыція святых і іх настаўленняў, асабіста ў наш час раю азнаёміцца з выказваннямі старца Паісія Афонскага.

— А калі з-за занятасці няма часу зазірнуць у кнігі?

— Мы знаходзім магчымасць, каб падсілкавацца ці паспаць, але не менш важна напаўняць душу духоўнай ежай, без якой яна памірае. Чалавек жыве, весяліцца і радуецца, а душа ад грахоў можа быць памерлай ці далёкай ад выратавання. 

Што замінае хлебаробу раніцай павітаць малітвай новы дзень, увечары зазірнуць у Евангелле. Калі душа далучаецца да Бога, яна адпачывае і праз малітву. Гасподзь нас настаўляе, суцяшае. У час працы можна кароткія малітвы прамаўляць: “Даруй мне, Божа”, “Найсвяцейшая Багародзіца, выратуй нас!” і іншыя. Яны асвяшчаюць старанне і вынік працы. З малітвай ураджай благаслаўлёны, колас шчодры. Для хлебаробаў прызначана кніга “Ураджай расцім з малітвай”.

— Якую духоўную запаведзь вы лічыце галоўнай?

— Імкнуцца жыць у адпаведнасці з Законам Божым. Гэта і ёсць сэнс і радасць жыцця і галоўнае прызначэнне чалавека на зямлі.

— Вашы пажаданні чытачам “Сельской газеты”.

— Каб часцей ад зямлі свае духоўныя вочы ўздымалі  да  Айца  Нябеснага, чыталі малітву “Ойча наш” і ад гэтага атрымлівалі большую падтрымку ў сваёй штодзённай і вельмі патрэбнай працы на палях і фермах.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter