Усяму сваё месца і свой час

Ідэя “Рэспублікі” – усталяваць памятны знак беларускай бульбе – застаецца надзённай, але яе абмеркаванне мы прыпынялі свядома.
Ідэя “Рэспублікі” – усталяваць памятны знак беларускай бульбе – застаецца надзённай, але яе абмеркаванне мы прыпынялі свядома. Калі хто і паціраў задаволена рукі і лямантаваў на ўсё кухоннае наваколле, маўляў, спеклася ўрадавая газета са сваёй ідэяй помніка бульбе, змоўкла раптоўна і адышла ад тэмы, — мушу разачараваць і засмуціць такога роду чытаючую публіку. Мы не з тых, хто б’е ў званы, не заглядваючы ў святцы, хто мяняе коней на пераправе, хто пачынае справу і не верыць у яе поспех. Не і яшчэ раз не! Цікавы праект газеты, як усім вядома, у сакавіку — маі падтрыманы і ў грамадстве, і ў СМІ, і ў дзелавых колах, і сярод афіцыйных асоб. А прыпынілі яго абмеркаванне на старонках газеты мы толькі таму, што ёсць на гэта дзве вельмі важкія і зразумелыя іншым прычыны... Але перш чым назваць іх, ёсць у мяне да вас, чытачы, такая шчырая размова. Я толькі, калі дазволіце, пакладу яе пачатак, а вы, спадзяюся, прадоўжыце ў сваіх пісьмах у рэдакцыю... Дык вось пра бульбу. Сёлета, хто не ведае, амаль ва ўсёй Беларусі бульбу садзілі позна. І гэта была не проста чыста агратэхнічная праблема з пераносам тэрмінаў пасадкі з-за непагоды. Не — за тое, што клубневае насенне ў маі так амаль і не пабачылася з зямліцай, хварэў увесь народ. Без усялякага, бадай, перабольшвання. Чаму? Лёгкае пытанне. Бо вясновы бульбяны палетак, канешне, у першую чаргу прыватны, па даўняй-даўняй традыцыі лепш за ўсё ўмацоўвае сувязі паміж дзяцьмі і бацькамі, вёскай і горадам, суседзямі і аднавяскоўцамі. І калі такое запланаванае спатканне па нейкіх прычынах пераносіцца, дзе ж тут не захвалюешся! Столькі ж прыгатаванняў убірае ў сябе гэты неад’емны народны клопат, што ператвараецца ў самабытны, хоць і вельмі працаёмкі, абрад – са сваімі ўмоўнасцямі і акалічнасцямі, са сваім сцэнарыем, дзе кожнаму распісаны ролі. Тут, брат, не да жартаў і гультайства — няпісаны вясковы расклад вымушае ўсіх быць працавітымі і кемлівымі: калі і з кім вывезці гной, хто дапаможа выбраць насенне, дзе ўзяць каня, хто пойдзе ў талаку... Галоўнае ж ва ўсім гэтым, так бы мовіць, мерапрыемстве – час. Трэба, разумееце, паспець менавіта тады, калі настае час садзіць бульбу. І прасачыць, каб вас не моцна абагнаў сусед. (Заканчэнне на с.3) У вёсцы ж так: шмат што робіцца менавіта сёння не толькі таму, што заўтра ўжо позна, а таму, што гэта ўжо паспеў аднавясковец за плотам. Не дай Бог, прамарудзіць гаспадар ці яшчэ горш – зап’е, жонка яго раскрытыкуе на ўсю хату... Дарэчы сказаць, ёсць у гэтай бульбяной ліхаманцы і свае вулічныя скептыкі, такія, ведаеце, своеасаблівыя дзяды Шчукары. Аднаго, на Віцебшчыне, і я ведаю. У ранейшыя гады, калі ўсе суседзі імкнуліся ў крайнім выпадку да 15 мая “адсадзіцца”, Гардзей ненарокам заглядваў на выніковы стол і абавязкова у зручны момант устаўляў сваё фірменнае: “А я яшчэ не садзіў, куды спяшацца – у чэрвені будзе самы раз. Усе роўна больш за 90 дзён бульбе не расце – у верасні выкапаю”. І садзіў бульбу ў чэрвені. Сёлета ўсе зрабілі гэта па графіку Гардзея, чым ён быў, кажуць, вельмі задаволены. Толькі Гардзей тут ні пры чым – раней немагчыма было ўлезці на поле. Акрамя вясковага дзеда Шчукара, ніхто не рады быў такой акалічнасці яшчэ і таму што не ў маі, а ў чэрвені, хоць сабе і на самым яго пачатку, прыехалі на двухдзённае спатканне дзеці. Далікатны момант, але ж праўда: часта нашчадкі з горада сумяшчаюць свае наезды з пасадкай ці копкай бульбы, сенакосам ці свежанінай. У гарадскім аўтобусе можна заўсёды пачуць прыкладна такі дыялог: “Даўно быў на вёсцы ў маці?” “Тыдзень таму – агарод жа садзілі...” Ці іншы варыянт адказу: “Даўно, кабана яшчэ не скора біць...” Калі быць шчырым, перанёс сваю паездку ў вёску і я – з мая на чэрвень... І хоць даўно ўжо і, як кажуць, з хваляваннем напяваю ў сваёй трохпакаёўцы вядомы барадулінскі запавет “Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем...”, усё ж такі першая яго частка, на жаль, не заўсёды паддаецца ажыццяўленню... Мо, вінавата бульба?.. За рэдкім выключэннем, усяму ў прыродзе свой час і сваё месца. І ў людскіх зносінах – таксама. Разумееце, у гэтым кантэксце і бульба, на мой погляд, не проста прадукт харчавання, не проста прадмет традыцыйнага, культавага нават, пакланення беларусаў. Яна, як я спрабаваў даказаць вышэй, яшчэ і асялок, вакол якога і ў XXI стагоддзі кіпіць-бурліць жыццё, вакол якога наладжваюцца і мацуюцца чалавечыя зносіны, дыхае цяплом і дабрабытам сямейны ачаг. Таму, відаць, калі б бульбы ў беларусаў і не было, яе трэба было б прыдумаць. Дык што, скажыце, за ўсё гэта яна не заслугоўвае ўшанавання!.. А цяпер – пра дзве важкія і зразумелыя многім прычыны, па якіх мы свядома прыпынялі абмеркаванне на старонках газеты сваёй ідэі – устанаўленне памятнага знака бульбе. Першая. У маі-ліпені краіна адзначала 60-годдзе Вялікай Перамогі і 61 год з для вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў. Тэмы свяшчэннай памяці па загінуўшых і шанавання жывых ветэранаў вайны – адны з галоўных у “Р” з моманту яе заснавання, сёння і надалей, але ў гэты адрэзак часу – асабліва, і словы “памяць”, “помнік” ні ў якім другім значэнні ўжываць мы не маглі. Другая. Зараз – жніво-2005. Трэба сабраць з палёў і захаваць увесь хлеб да апошняга зярнятка. Гэта мы робім і гэта яшчэ адна адметная асаблівасць беларусаў. І для “Рэспублікі”, зразумела, хлебароб сёння —герой першых яе старонак. Але паспеў не толькі хлеб, добры хлеб, — даспявае і бульба, іншыя, як кажуць, восеньскія культуры. І мы пакрысе, не спяшаючыся працягнем абмяркоўванне з грамадскасцю вартай ідэі. Толькі зразумейце ў ёй галоўнае: памятны знак, узведзены ў будучым на ўмовах грамадскай ініцыятывы, — не самамэта, а толькі падстава разам паразважаць яшчэ раз пра духоўнасць і працавітасць нацыі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter