Галіна Мяшкова — мастак-мадэльер, член Саюза дызайнераў, старшыня журы шматлікіх міжнародных конкурсаў і фестываляў моды

Уся справа — у шчырасці

Галіна Мяшкова — мастак-мадэльер, член Саюза дызайнераў, старшыня журы шматлікіх міжнародных конкурсаў і фестываляў моды. А яшчэ — кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры касцюма і тэкстылю Акадэміі мастацтваў і аўтар кнігі “Гісторыя беларускай моды”. Мультымедыйная прэзентацыя гэтага ўнікальнага выдання нядаўна прайшла ў Нацыянальным гістарычным музеі.


Галіна Мяшкова разам з маладымі мадэльерамі

У свет моды Галіна Мяшкова ўвайшла яшчэ ў пяцігадовым узросце. Здарылася гэта дзякуючы “сумнаму” саламянаму дзі­цячаму капялю­шыку без упрыгажэнняў. Маленькая Галя без дазволу дарослых узяла нажніцы і абрэзала палі галаўнога ўбору. Затым зрабіла з іх бант і пры­шыла яго чорнымі ніткамі. Убачыўшы ператварэнне на галаве дачкі, маці моцна расстроілася. Але ў дзіцячым садзе ўсім вельмі спадабаўся капялюшык будучага мадэльера. І што б потым, сталеючы, яна ні прыдумляла, усе дызайнерскія знаходкі ў вопратцы прымаліся навакольнымі на “ўра”…

Адразу пасля абароны дыплома ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце ў 1976 годзе Галіна пачала працаваць у Беларускім рэспубліканскім доме мадэляў. Такіх, вядучых, у часы СССР было ўсяго тры: у Маскве, Ташкенце і ў Мінску. Паводле слоў Галіны, час быў няпросты: маланкі — у дэфіцыце, гузікі складана падабраць у тон... Але ў яе як у галоўнага мастака хапала сіл і вытрымкі на тое, каб у рэкордныя тэрміны маляваць эскізы, абмяркоўваць з тэхнолагамі масу задач, калясіць па краіне…  

Сёння Беларускі цэнтр моды — так цяпер называецца Дом мадэляў — гэта не толькі вядучы ў Беларусі вытворца сучаснага жаночага адзення. На яго базе сфарміраваны Інстытут моды, дзе праводзяцца навучальныя майстар-класы і круглыя сталы, ладзяцца паказы калекцый як пачынаючых, так і тытулаваных айчынных і замежных дызайнераў.

У 1982-м Галіна Мяшкова ўзначаліла эксперыментальную лабараторыю “Прагрэс”, дзе ствараюцца калекцыі для метадычных семінараў. Фактычна яна кіруе  дызайнерскімі праектамі, якія становяцца трэндавымі ўзорамі для ўсіх мінскіх атэлье.

Мінскі тэатр моды на ўзор Маскоўскага, якім кіраваў Вячаслаў Зайцаў — гэта таксама тварэнне Галіны. Нічога падобнага больш на ўсёй савецкай прасторы ў той час не стваралася.


Сінтэз розных жанраў мастацтва патрабаваў маштабнай работы цэлай групы спецыялістаў. Спачатку трэба было зрабіць эскізы, знайсці “той самы” вобраз спектакля, а ўжо потым зрэжысіраваць яго. У той час, пакуль на подыуме ішла рэпетыцыя, у цэхах “кіпела” свая работа. Падбіраліся матэрыялы і тканіна, распрацоўваліся новыя віды аздабленняў, вышыўка, аплікацыі, інкрустацыі, галаўныя ўборы... Цікава гучалі тэмы спектакляў: “Эрмітаж”, “Птушкі”, “Лісце кружыцца”, “Сустрэча”...  Гэта было ноу-хау ў свеце беларускай моды: прыдумляць назву для калекцыі, якая адлюстроўвала б яе сутнасць. Напрыклад, у варыянце “Я — дзелавая жанчына, але...” строгая класіка арыгінальна спалучалася з рамантычнымі ўстаўкамі: блузкі былі з брыжамі і рушамі, на спадніцах — складкі плісэ і гафрэ, а колеры касцюмаў былі пяшчотна-ліловымі і ружовымі, а таксама малочна-бэжавымі.

На паказах, куды з’язджаліся спецыялісты з усіх абласцей Беларусі, маладыя дызайнеры мелі магчымасць узяць для сябе новыя ідэі. Па просьбах гледачоў спектаклі праходзілі некалькі разоў на тыдзень. Тэатр моды Галіны Мяшковай, як пісала прэса, меў вялікі поспех!

Так, конкурсы і фестывалі ў сферы моды пачалі арганізоўвацца ў дзевяностых гадах мінулага стагоддзя. І Галіна Мяшкова стаяла ля іх вытокаў. Дзякуючы ўдзелу ў конкурсах, яна заўсёды была ў курсе новых павеваў зменлівай моды, маючы зносіны з цікавымі творчымі асобамі. Сярод іх — мадэльер Вячаслаў Зайцаў, гісторык парыжскай і рускай моды, папулярны цяпер тэлевядучы Аляксандр Васільеў, адзін з самых вядомых прамысловых дызайнераў Расіі Уладзімір Зубец, дырэктар першага ў СССР прыватнага атэлье ў Маскве Міла Надточый. А таксама П’ер Кардэн. Дарэчы, ён праславіўся ў Беларусі тым, што падчас падрыхтоўкі да паказу сваіх калекцый разуваўся і хадзіў у шкарпэтках па подыуме, абітым белым ільном, каб яго не запэцкаць.

Што цікава, прымусіць задумацца пра камерцыйны складнік праектаў Галіну Мяшкову ў свой час заахвоціла Анеліз Ман, менеджар французкай школы стылістаў “Эсмод”, расказаўшы пра маркетынг у Францыі. Яе пытанне “Навошта рабіць мадэлі дзеля мадэляў?” прымусіла беларускіх дызайнераў павесці пошук у гэтым напрамку. 


Аўтарскія работы Галіны бачылі ў многіх краінах Захаду

Аўтарскія работы Галіны бачылі ў многіх краінах Захаду. Арыгінальнае мысленне беларускага дызайнера адлюстроўвалася нават у назвах калекцый: “Калі ідзеш на працу з задавальненнем”, “Беларускія прымадонны”, “Шчасце ў кішэні”…

За многія гады прысутнасці ў сферы моды Галіна ўваходзіла ў склад журы больш  за шэсцьдзясят разоў. На некаторых конкурсах была старшынёй: “Белая амфара”, “Млын моды”, “New names”, “Блакiтная пралеска”, “WorldSkills Belarus-2016” і “Belorussian Fashion Week”… Яе аўтарытэтнае меркаванне заўсёды знаходзіла водгук сярод калег.  

Больш за дваццаць гадоў Галіна выкладае ў Акадэміі мастацтваў. Яе студэнтамі былі ўжо параўнальна вядомыя сёння мастакі Тамара Карака і Жанна Капуснікава,  Людміла Лабкова, Карына Галсцян,  Кацярына Булгакава, якая  ўжо больш за дзесяць гадоў стварае вобразы да спектакляў у Вялікім тэатры оперы і балета.

Нядаўна Галіну Мяшкову ўзнагародзілі знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. Дзівішся: колькі ж у ёй сіл, цярпення, стваральнай энергіі ды пазітыву!


Сучасная моладзь у нашы дні праяўляе вялікую цікавасць да этнічных матываў

У 2001 годзе Галіна стварыла грамадскае аб’яднанне “Супрацоўніцтва дзелавых і творчых жанчын”. Так яна ажыццявіла сваё даўняе жаданне — аб’яднаць адораных і таленавітых жанчын Беларусі.

А нядаўна ў Нацыянальным гістарычным музеі адбылася прэзентацыя першай у краіне мультымедыйнай галерэі “Гісторыя беларускай моды”.  Гэта таксама вынік шматгадовай працы Галіны. Неўзабаве з’явіцца і ўнікальнае кніжнае выданне з аднайменнай назвай.

— Галіна, пра што будзе кніга?

— Мне хацелася б захаваць гэта ў таямніцы да моманту яе выхаду. Скажу толькі, што ў ёй я раскажу пра развіццё беларускай моды, пачынаючы з саракавых гадоў мінулага стагоддзя і да нашых дзён. Якраз у пасляваенныя гады ў Мінску пачаў працаваць Беларускі дом мадэляў. З яго ў нас і пачалося актыўнае развіццё лёгкай прамысловасці.  

— Але ж гісторыя нацыянальнага касцюма сыходзіць сваімі каранямі яшчэ ў сярэднявечча...    

— Сапраўды, нацыянальны касцюм, як і сама беларуская народнасць, пачалі фарміравацца ў XIII стагоддзі. Таму калі мы будзем аналізаваць касцюмы розных абласцей Беларусі, то ўбачым розніцу.  Гэта звязана і з уплывам культуры суседніх краін. Да прыкладу, нашы паўднёвыя рэгіёны перанялі ўкраінскую плахту — гэта паясная частка жаночага адзення,  якая цяпер з’яўляецца беларускім элементам этнічных ансамбляў. Клімат і побыт таксама дыктаваў і свае ўмовы. Сяляне ў асноўным мелі патрэбу ў цёплай і закрытай вопратцы. Сарочку ў абавязковым парадку насілі ўсе, ад малога да вялікага, незалежна ад сацыяльнага статусу. Пояс служыў абярэгам, без яго не пераступалі парог дома. А замужняй жанчыне яшчэ і нельга было паказвацца на людзях з непакрытаю галавой. Арнамент першапачаткова быў чырвона-чорным. Прычым першы колер дамінаваў, паколькі з’яўляўся сімвалам жыцця і засцерагаў ад зла. Геаметрычныя ўзоры наносілі на каўнер, рукавы і ніз вопраткі. Пра гэта, дарэчы, напісаны цэлы навучальны дапаможнік: “Гісторыя арнаменту” Любові Буткевіч.

— Калі скласці рэйтынг нацыянальных касцюмаў Еўропы, на якім месцы апынуўся б наш, беларускі, як лічыце?

— Упэўнена, што ён заняў бы лідзірую­чыя пазіцыі. Ганна Барвенава, кандыдат мастацтвазнаўства, даказала ў сваёй дысертацыі, што, да прыкладу, беларуская намітка, традыцыйны галаўны ўбор усходнеславянскіх жанчын, сваімі каранямі сыходзіць у эпоху готыкі, якая панавала ў Заходняй Еўропе ў XV стагоддзі. Так што ў беларускага касцюма адназначна высокі рэйтынг.

— Мне падаецца, што сучасная мо­ладзь  праяўляе непадробную цікавасць да этнічных матываў...

— Ды і не толькі моладзь… І мне радасна, што гэта адбываецца.

— А ці ёсць у Заходняй Еўропы цікавасць да ідэй нашых дызайнераў?


— Беларускіх мадэльераў там называюць “генератарамі ідэй” ды ўспры­маюць нас з вялікай цікавасцю. Нашы дызайнеры здабылі прызнанне ў многіх краінах. Памятаю, калекцыі Цэнтра моды, паказаныя ўпершыню ў Кітаі ў 1994-м годзе, мелі грандыёзны поспех. Нашых дзяўчат, якія дэманструюць вопратку, тады назвалі “дзяў­чатамі з Краіны белых лебе­дзяў”: усе мадэлі былі распрацаваны з беларускага лёну светлых тонаў. А ў 1997 годзе аўтарскія калекцыі “Тытанік” Ніны Астапенкі і “Ла Скала” Алесі Андраюк увайшлі ў Каталог еўрапейскай моды ў Дзюсельдорфе.   У цэлым, адметная асаблівасць беларускай моды — гэта высакародная простасць і акцэнт на індывідуальнасці.

— Але наша вулічная мода выглядае вельмі інтэрнацыянальна...

— Мы жывём у пару інтэграцыі ды глабалізацыі. Цяпер можна паляцець у любы канец свету і пазнаёміцца з іншай культурай, купіць сабе што-небудзь нацыянальнае на памяць і надзець гэта на радзіме пры першым зручным выпадку. У гэтым і ёсць наша асаблівасць: як еўрапейская дзяржава, мы носім класічны касцюм, а любоў да “ўсходняй казкі”, да прыкладу, праяўляецца ў актуальных цяпер індыйскіх кашміровых хустках і баваўняных шалях...

— А што паўплывала на фарміраванне вашага ўласнага стылю?


— У маладосці я нейкі час жыла з мужам у Алжыры. Займалася стварэннем хатняй утульнасці, а муж працаваў перакладчыкам з французскай мовы. Той перыяд “замежнага” жыцця дапамог мне зацвердзіцца ў выбранай прафесіі. Я на ўсё жыццё запомніла паўночнаафрыканскае сонца і блакітнае неба, каляровыя дахі дамоў і белыя пясчаныя міжземнаморскія пляжы. У французкіх магазінах мне падабалася прымяраць футры, паліто, плашчы, сарафаны. Арабскую этніку з яе бурносамі, хусткамі, трыкатажнымі вырабамі, наведваючы ўсходнія кірмашы, я таксама ўбірала ў сябе. Мне пашчасціла ўбачыць узаемны ўплыў дзвюх культур і блізка пазнаёміцца з кожнай паасобку.   

— Як, па-вашаму, трэба выглядаць, каб адчуваць сябе гарманічна? І як асабіста вы стваралі свой імідж?

— Сапраўдны стыль выяўляецца не ў раскошы, а ва ўменні стварыць з вопраткі ансамбль. Мода ўжо даўно перастала быць дыктатарам. Яна нічога не навязвае, не патрабуе, не забараняе. Яна дае нам неабмежаваную свабоду выбару і творчасці. Сёння быць моднай — значыць умець фантазіраваць і не баяцца эксперыментаваць. Мой імідж ствараўся дзякуючы розным модным дапаўненням, напрыклад, незвычайна павязанай хустцы  або аксэсуарам. Я заўсёды маркіравала талію рамянямі і насіла бранзалеты. Можна сказаць, гэта мой фірменны знак адрознення.  

— Як думаеце, у чым сакрэт вечнай маладосці і прыгажосці? Што для гэтага трэба рабіць?

— Будзьце прывабныя, злёгку наіўныя, натуральныя ў манерах, шчырыя і абаяльныя ў зносінах, крыху летуценныя...

Аліса Красоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter