NaviBand: навошта нам цыгун, рожкі і матылёк?

Уся справа ў Капелюшы?

Да «Еўрабачання-2017» яшчэ два тыдні, але Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка ўжо пакуюць чамаданы ў Кіеў. За некалькі дзён да ад’езду яны падзяліліся апошнімі навінамі.

Уся сувенірная прадукцыя сёлета будзе з нацыянальнай сiмволiкай.

Падрыхтоўкай іх нумара сёлета займаецца ўкраінская каманда. Цікава, што Белтэлерадыёкампанія як прадзюсар гурта на конкурсе прапанавала рабятам пяць рэжысёраў на выбар, і яны самі выбралі, хто ім даспадобы. Усе спецыялісты маюць еўравізійны вопыт. Напрыклад, харэограф Таццяна Астраверх рыхтавала да конкурсу Злату Агневіч, стыліст Дзмітрый Курата апранаў Джамалу. Але ёсць у камандзе і некалькі беларускіх спецыялістаў. Вакалам з Ксеніяй і Арцёмам займаецца Вольга Драздова.

Ніякіх дзівосаў накшталт шара Алёны Ланской ці шматслойнага адзення Анжалікі Агурбаш у нашых сёлета не будзе. Гурт абмяжуецца камп’ютарнай графікай. NaviBand з самага пачатку паставіў умовы, каб іх нумар на ўкраінскай сцэне па атмасферы і стылістыцы быў максімальна набліжаны да таго, як было на нацыянальным адборы. «Вопратка ў нас светлая, таму мы бу-дзем шчырыя, такія, якія мы ёсць у звычайным жыцці», — сказала Ксенія. Дарэчы, у яе будзе тая ж прычоска з «рожкамі», а ў Арцёма капялюш на галаве.

На сцэне рабяты выступяць удваіх. Але ім будуць дапамагаць бэк-вакал — гурт «Беатрыс», добра вядомы ва Украіне па ўдзеле ў шоу «Х-Фактар», — і Міхаіл Сасуноў, які сёлета прадставіць нашу краіну на «Славянскім базары ў Віцебску».

Салодкіх сувеніраў ад беларусаў на «Еўрабачанні» на гэты раз не будзе. Уся промапрадукцыя мае нацыянальную сімволіку. Сёлета большасць ідэй па яе стварэн-ні належыць нашым рамеснікам. Такім чынам, у пакетах побач з друкаванай прадукцыяй будуць значкі і гальштукі-бабачкі. Да таго ж Ксенія і Арцём падораць новым знаёмым стужачкі з нацыянальным арнаментам. Дарэчы, такія ўжо маюць амаль усе ўдзельнікі конкурсу, з якімі яны сустракаліся на прэпаці ў Тэль-Авіве і Амстэрдаме.

Па ацэнках букмекераў, Жук і Лук’яненка не ўваходзяць у лік фаварытаў. На які вынік яны настройваюцца самі? «Толькі наперад», — гавораць яны. Рабяты сцвярджаюць, што ў іх ужо ёсць прыхільнікі ў розных краінах і яны адчуваюць іх падтрымку: «Хэй-хэй» мы чуем з усіх бакоў, нават калі прыязджаем кудысьці ўпершыню». Дарэчы, сёлета афіцыйным хэштэгам нашага гурта будзе #Heyheyhayayayayo.

Галоўнымі балельшчыкамі NaviBand у Кіеве будуць іх бацькі. Дарэчы, на працягу апошніх месяцаў менавіта бацьку Арцёма было даручана аднаўляць псіхалагічны стан рабят. Два разы на месяц ён прыязджаў з Глыбокага, каб займацца з дзецьмі гімнастыкай цыгун. Ксенія кажа, што пасля такіх заняткаў адчувалі прыліў сіл, пазбаўляліся негатыўнай энергіі. За тыдзень да выступлення бацька Арцёма прыедзе ў Кіеў, каб супакоіць музыкантаў і настроіць іх на добры лад.

Ксенія і Арцём шмат разоў на працягу трох месяцаў былі ў Кіеве. Але сапраўды апрабаваць сцэну змогуць 3 мая. Другая рэпетыцыя і індывідуальная прэс-канферэнцыя нашых прадстаўнікоў на «Еўрабачанні» запланаваны на 6 мая. На наступны дзень адбудзецца афіцыйнае адкрыццё Еўратыдня. Тады ж з’явіцца і чырвоная дарожка конкурсу, яна размесціцца на плошчы Канстытуцыі і алеі каля Марыінскага палаца. Першы паўфінал пройдзе 9 мая. NaviBand з песняй «Гісторыя майго жыцця» выступіць праз дзень. Фінал — 13 мая.

Наталля ІВАНОВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter