Новая стоматологическая поликлиника в Докшицах очень популярна у жителей района и области

«Уся наша вёска запісваецца да Наталлі Васільеўны»


Нядаўна ў стаматалагічнай паліклініцы ў Докшыцах напаткаў знаёмую, Ніну Маняк з аграгарадка Язна Міёрскага раёна, якая 37 гадоў адпрацавала майстрам на маслазаводзе. На маё неўразуменнае пытанне, як яна аказалася ў докшыцкіх урачоў, бо ў Міёрах адчынена сёлета шыкоўная бальніца, жанчына распавяла:

— Юбілей у мяне на носе, 70 год спаўняецца, ужо і парсючка падгадавала ладнага, а з зубамі проста бяда. Вось і наважылася навесці ў роце парадак. А ў Докшыцах дачка мая жыве. Яна і сагітавала: «Нідзе, мама, табе, не зробяць лепш, як тут: і паліклініка новая, і ўрачы класныя». І праўда, як толькі паказалася, яны такія агледзіны мне ўчынілі — цэлы кансіліум з трох дактароў сабралі: якія зубы пакінуць, а дзе штучныя паставіць. Ну а ўрач-стаматолаг Мікалай Падгайскі, далікатны, майстравіты, зладзіў са сваімі памочнікамі такія металакерамічныя пратэзы, што налюбавацца не магу. Адчуванне такое, што зубы як тут былі! Цяпер не грэх і гасцей запрасіць.

Стаматалагічную паліклініку адчынілі ў Докшыцах пару гадоў таму каля цэнтральнай раённай бальніцы па вуліцы Максіма Горкага. Двухпавярховы прыгожы будынак з элементамі арыгінальнай архітэктуры міжволі прыцягвае ўвагу. Аднак уражвае не толькі знешнім выглядам, але і ўнутры. Усё зроблена для зручнасці пацыентаў, для надання ім, наколькі гэта магчыма ў такой установе, адпаведнага настрою. У холе і галерэі знайшлося месца і кветкам у вазонах.

Прыём вядзе зубны фельчар Наталля ПАКОРА.

Ад галоўнага ўрача Докшыцкай ЦРБ Сяргея Кубара даведваемся, што яшчэ два гады таму на гэтым месцы знаходзілася аднапавярховае памяшканне, дзе туліліся зубапратэзныя кабінеты і зубатэхнічная лабараторыя. Яго капітальна рэканструявалі і дабудавалі двухпавярховы лячэбны стаматалагічны корпус. Работу на высокім узроўні ў вызначаныя тэрміны правяла Докшыцкая ПМК-52. Ці не кожны дзень прыязджаў на будоўлю, дапамагаў вырашаць праблемныя пытанні старшыня райвыканкама Алег Пінчук. Персанал бальніцы ўдзельнічаў у суботніках. Кожны ўклаў сваю цаглінку. На ўсё пра ўсё пайшло 2,1 мільёна рублёў. З іх больш як 400 тысяч пацягнула абсталяванне. Між іншым яно ў асноўным айчыннай вытворчасці і ніколькі не горшае за імпартнае: тыя ж стаматалагічныя ўстаноўкі «Белдэнт-3» аснашчаны мікра- і пнеўмаматорамі, турбінным наканечнікам, скелерам, падачай вады і паветра. Словам, усё, што неабходна для работы ўрача.

Загадчыца стаматалагічнай паліклінікі Людміла Падгайская вядзе мяне па першым паверсе. Тут кампактна размясціліся гардэроб, рэгістратура, рэнтген-кабінет, хірургічны і дзяжурнага ўрача. У апошнім пацыентам аказваюць экстранную дапамогу ў выхадныя і святочныя дні, кругласутачна пры вострым болі. На другім паверсе вёўся тэрапеўтычны прыём хворых. Заглядваем у адзін з кабінетаў. Там зубны фельчар Наталля Пакора заканчвала работу з Валянцінай Мартуль з вёскі Валкалаты. Пацыентка, убачыўшы карэспандэнта, адразу ж адзначыла: «Лечаць тут цудоўна. Уся наша вёска запісваецца да Наталлі Васільеўны. Вельмі рады, што ёсць такая паліклініка і такі док­тар».

Наталля Пакора — спецыяліст свой, докшыцкі. Жыве ў аграгарадку Таргуны, які непадалёку ад горада. Стаж работы 17 гадоў. А вось Дзяніс Крукоўскі, ураджэнец Докшыц, толькі ў гэтым годзе скончыў медуніверсітэт у Мінску. Была магчымасць застацца ў сталіцы, але ён пажадаў лячыць на сваёй малой радзіме. Хлопец асвоіў новыя тэхналогіі: працуе з бінакулярам і з кафердамам, што, як зазначыла загадчыца, не заўсёды ўбачыш нават у мінскіх клініках.

ДАЛЕЙ мы накіра­валіся ў артапедычны корпус, дзе працуюць кабінеты ўрачоў-артапедаў-стаматолагаў і зубатэхнічная лабараторыя. Нас ветліва сустрэў урач Мікалай Падгайскі. Ён коратка пазнаёміў са сваёй гаспадаркай. Раней абсталяванне было «дапатопнае», і, каб зрабіць зубы, даводзілася заказы выконваць у Віцебску ці Мінску, на што патрэбны час і сродкі. Пасля рэканструкцыі корпуса малюнак рэзка памяняўся да лепшага. Набылі печ для абпальвання металакерамікі і ліцейную ўстаноўку, што дало магчымасць вырабляць усё на месцы.

Мікалай і Людміла ПАДГАЙСКІЯ.

— Мы можам хоць кожны дзень адліваць пратэзныя канструкцыі, — зазначае Мікалай Вітальевіч. — Але звычайна збіраем адразу па некалькі заказаў. Улічваючы, што раён сельскі, імкнёмся ісці насустрач вяскоўцам, дамаўляемся, у які дзень і час ім прыехаць. Калі адпусцяць з работы тых жа механізатараў, жывёлаводаў? У кожнага ж ёсць і дамашняя гаспадарка: то бульбу выкапаць, то камбайн прыняць, каб збажыну абмалаціць на ўласных сотках. Ды мала чаго.

За дзень абслугоўвае да дзясятка пацыентаў. Гартае журнал:

— Вось сёння пабывалі Леакадзія Далжук з вёскі Крукаўка, Дзмітрый Буката з Гарадзішча, Часлава Плюта з аграгарадка Порплішча...

Неўзабаве высвятляецца, што Мікалай Падгайскі тутэйшы, з вёскі Верайцейка Крыпульскага сельсавета. Бацька Віталь Якаўлевіч — ветэран Вялікай Айчыннай. З шаснаццаці гадоў партызаніў у гэтых мясцінах. Маці Галіна Рыгораўна — калгасны палявод. Менавіта па яе жаданні Мікалай яшчэ да арміі вывучыўся на фельчара, а пасля службы скончыў медінстытут на стаматолага. З жонкай Людмілай Падгайскай, гамяльчанкай (зараз яна загадчыца паліклінікі), прыехаў працаваць 38 гадоў таму на сваю малую радзіму. І ў працоўнай кнізе адзіны запіс.

Побач, у другім кабінеце, прымае пацыентаў яго маладзейшы калега Андрэй Пашкевіч, таксама тутэйшы, з Докшыц. Скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у 2010 годзе, урач першай катэгорыі. Жыве ў бацькоўскім доме. Андрэй прымяраў здымныя літыя пратэзы пенсіянерцы Лідзіі Жалейцы з вёскі Заборцы.
Стаматолаг-артапед Андрэй ПАШКОВІЧ са сваёй пацыенткай з вёскі Заборцы Лідзіяй ЖАЛЕЙКАЙ.

— Лягла падлячыцца ў цэнтральную бальніцу, часу шмат, вось і выкарыстала момант, каб заадно і абзавесціся зубамі. Прывёз сюды зяць. А як будзе забіраць, можа і не пазнаць: нібы памаладзела. Дзякуй, што зрабілі такую бальніцу, што так дагаджаюць нам, пажылым людзям, берагуць наша здароўе.

АМАЛЬ заўсёды загадчыца Людміла Падгайская, знаёмячы з персаналам паліклінікі, гаварыла: «тутэйшы», «свой». Сапраўды, усе чатыры фельчары ў стаматалогіі — докшыцкія: Наталля Пакора, Вера Дзямешка, Аксана Шпаковіч, Марына Кузьміч. Хірург-стаматолаг Ларыса Галсцян трыццаць гадоў назад прыехала з Расіі і таксама трывала прыпісалася на докшыцкай зямлі.

Клопатам і ўвагай акружаны маладыя медыкі. Вось толькі адзін факт. Побач са стаматалагічным корпусам паліклінікі ўзведзены інтэрнат для маладых урачоў. Аднак фактычна ў ім яны не жывуць, бо ім выдзяляюць новыя добраўпарадкаваныя кватэры. Адну такую, двухпакаёвую, атрымала мінчанка Анастасія Макоўская, якая прыехала ў Докшыцы год таму і працуе ў платным стаматалагічным кабінеце.

Жыхароў у Докшыцкім раёне няшмат — 23 тысячы чалавек. Таму ў новай стаматалагічнай паліклініцы ёсць магчымасць абслугоўваць пацыентаў з суседніх раёнаў і нават замежжа. Так, зубныя пратэзы на працягу тыдня зрабілі расіянцы Любові Кавальчук, якая адпачывала ў санаторыі на тэрыторыі раёна.

КАМЕНТАРЫЙ  

Галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра стаматалогіі Алег Багінскі:

— Ва ўсіх раёнах вобласці ёсць стаматалагічныя паліклінікі. Іх база пастаянна абнаўляецца. За апошнія 2 гады практычна ўсюды заместа старога абсталяванне пастаўлена новае. У шэрагу раёнаў праведзена карэнная рэканструкцыя  саміх будынкаў: маю на ўвазе тыя ж Докшыцы, а яшчэ Верхнядзвінск і Браслаў, Расоны, Бешанковічы, Сянно. На чарзе — Паставы і Міёры.

Усё гэта дае магчымасць вырабляць зубныя пратэзы на месцы, што значна скарачае тэрміны выканання заказаў і куды менш клопатаў пацыентамі, асабліва, сельскім жыхарам.

У Віцебск адпраўляюцца цяпер, па жаданню пацыентаў, толькі каронкі на нітрацітанавае напыленне, прасцей кажучы, пад жоўты метал. Гэту работу выконваюць інстытут акустыкі і цвёрдага цела, фірма «Цітандэнт» і IП «Пішчанка», з якімі раённыя клінікі непасрэдна заключаюць дамовы.

Некалькі слоў пра цэны. Металакерамічны пратэз каштуе 100 рублёў. Здымныя пратэзы — ад 100 да 120 рублёў, а для інвалідаў I i II груп апошнія наогул бясплатна.

Пры нашым цэнтры створана спецыяльная служба, якая рэгулярна выязжае ў раёны і аказвае дапамогу ў абслугоўванні медыцынскай тэхнікі і іншую мясцовым стаматалагічным паліклінікам.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter